|
Важнейшае за мір Моладзь мусіць змагацца. Яе роля і прызначэньне ў любым грамадзтве, у любыя часы - у катэгарычнай і бязьлітаснай барацьбез тым, што творыцца навокал. Скажаце, што такога творыцца? Ну, як: вайна ў Іраку, уціск правоў, расізм, сэксізм, засільле Галівуду... Вы што, ТВ не глядзіцё - навокал адна глябалізацыя! І маладыя людзі ў банданах, зь вясёлкавымі сьцягамі "Peace", з выявамі Чэ Гевары замест абразоў і лёгкай марыхуанавай смугой у вачах абсалютна перакананыя, што шпурляюць гэны памідор у твар найвялікшаму злу ў сьвеце. І перамога ўсё бліжэйшая, і карцінкі тэлевізіі штодня ўсё больш кідкія, і вось дзесьці легалізавалі наркотыкі, а дзесьці - ура! - дазволілі аднаполыя шлюбы, і вось ужо 90% суайчыньнікаў выступаюць супраць вайсковае апэрацыі ў Іраку... Але раптам выяўляецца, што сяброўка - фанатка "Тату" чамусьці зрабіла аборт, сябрук-анархіст нечакана памёр ад перадазіроўкі, а ў родным краі не засталося каму выходзіць на плошчу пад бел-чырвона-белым сьцягам. Моладзь бездапаможна аглядаецца, шукае прычыны няшчасьцяў у асобах Біла Гейтса, Дональда Рамсфэльда й Джорджа Буша і баіцца сабе прызнацца, што, напэўна, гэта ўсё ж не яны. Неяк нямодна й няёмка змагацца за цьвярозасьць, цнатлівасьць і моцную сям'ю. Але рана ці позна большасьць пачынае шкадаваць, што сваю маладосьць аддалі за змаганьне за нешта іншае. Пакуль гэта лёгка і ў кайф - запусьціць бляшанку з-пад кока-колы ў вітрыну "Макдональдзу" і зараўці што ёсьць моцы "No war!!!" (што ў перакладзе на беларускую азначае "Абы не было вайны"). Але ёсьць рэчы, важнейшыя за мір. Незалежнасьць, дэмакратыя, свабода. Беларускае новае пакаленьне вядзе сваю вайну - за краіну, за мову, за праўду. Зрэшты, для самых крутых маладзёнаў ёсьць вораг, мацнейшы за Лукашэнку ці Пуціна. Вораг №1. Ты сам. Вайна з уласнай абыякавасьцю, нянавісьцю й спакусамі - той яшчэ action, павер. Трэба толькі прыняць выклік, каб пераканацца. На сёньня я ведаю адзінага Ваяра, здольнага прывесьці да перамогі ў гэтай вайне, - Ісуса Хрыста. Таго самага, які сказаў: "Ня мір прыйшоў Я прынесьці, а меч" (Мацея, 10:34). Таму - змагайся, пакуль малады. Жыцьцё таго вартае. |

