|
АДРАДЖЭНЬНЕ АЛЁШЧЫ Алешча - першая беларуская станцыя на чыгунцы Невель-Полацак. Вакол станцыі - колькі дзясяткаў хатаў. Ані назваў вуліц, ані нумароў на хатах. Міліцыянты, якія прыяжджаюць разьбірацца з чарговым здарэньнем на лесапагрузцы, так і запісваюць сьведку: "Жыве ў трэцім доме ад крамы". Алешча - першая беларуская станцыя на чыгунцы Невель-Полацак. Вакол станцыі - колькі дзясяткаў хатаў. Ані назваў вуліц, ані нумароў на хатах. Міліцыянты, якія прыяжджаюць разьбірацца з чарговым здарэньнем на лесапагрузцы, так і запісваюць сьведку: "Жыве ў трэцім доме ад крамы". Здарэньняў хапае. За апошні тыдзень спалены тартак, узламана і абрабавана сталоўка, тры траўмы на вытворчасьці. Рэакцыя майстроў, міліцыі ды паспалітага люду аднолькавая: "Спалілі нападпітку", "Напіліся - залезьлі". Тут толькі два кірункі жыцьця, вызначаныя каляінай чыгункі: з Расеі дызэль возіць тэхнічны сьпірт, у бок Полацку адгружаюць лес і зьяжджаюць людзі. Большасьць алешчынцаў працуюць тут жа, на станцыі. Тут жа бадзяюцца дзеці, козы абдзіраюць кару са штабэляваных круглякоў. У цяньку адлежваюцца пераможаныя зялёным зьмеем. - Трэба нешта рабіць, - зьвяртаецца да мяне кабета, чый дом стаіць ля самай транспартэрнай стужкі. - Я нават не магу сюды прывезьці ўнука - сап'ецца! Тут усё гэтым заканчваецца. Прападае Алешча! Жыхарку мясцовыя завуць Багамолкай. Яна зьбірае подпісы, каб пабудаваць у Алешчы царкву. Сельсавет, лесапунктаўскае начальства й бацюшкі з Полацку "ня супраць". Размаўляю наконт гэтага з рабочымі падчас перакуру. Тыя слухаюць напаўвуха, як занудлівую мараль. Адзін не вытрымлівае: - Ну дык і ўзначальвай Партыю адраджэньня Алешчы. Партыя - гэта Багамолка, сям'я майстра, разьметчыца Мая ды некалькі жыхароў, што голасна наракаюць на тутэйшы павальны алькагалізм. Супраціўнікі называюць іх "язьвеньнікі-трэзьвеньнікі". Астатні народ - пасярэдзіне але пасьля заробку сама менш на тыдзень змыкаецца са "сьпіртавозамі" і ўтварае агрэсіўную большасьць. Алешча вымірае. Як спыніць дэградацыю беларускай вёскі на стыку з буйной індустрыяй? Плян Лукашэнкі называецца "аграгарадкі". Пабудуем замест сельпо ўнівэрсам, замест лазьні - басэйн ды цырульню, і тады зажывяце! Не зажывуць. Ня зьменіць гэта. Тут душы ратаваць трэба. Пачынаць варта са спрыяньня хрысьціянскім суполкам. У кожнай вёсцы - ільготы царкве, касьцёлу, малітоўнаму дому. Толькі Богу пад сілу ператварыць амярцьвелыя, засьпіртаваныя паселішчы ў здаровую беларускую вёску, дзе не ўпіваюцца, ня крадуць, шануюць працу. Другое - прыватная ўласнасьць ды прадпрымальніцтва. Яшчэ савецкага часу грувасткія вытворчасьці, што ледзь ліпяць дзякуючы дзяржманаполіі, так і просяцца ў гаспадарскія рукі. Дробны гандаль, лясное зьбіральніцтва, агратурызм, нават паляваньне ў Эўропе ўжо даўно пастаўлены на шырокую камэрцыйную аснову і кормяць цэлыя краі й дзяржаўныя бюджэты. Інакш у які басэйн пойдзе алешчынскі штабялёўшчык, што атрымлівае за месяц 150 тысяч "бруднымі"? Нарэшце, трэцяе - мясцовая ўлада. Маласіценскі сельсавет нічога не вырашае і ні пра што ня дбае ва ўласнай вёсцы - куды ўжо суседняй Алешчы. Галоўнай уладай з уласным бюджэтам, правам распараджацца дзяржаўнай зямлёй ды ліцэнзіямі, з абавязкам падтрымліваць чысьціню ды парадак у навакольлі тут мусіць быць павет на чале з войтам, а ня "Полацаклес" ды абласныя рэвізоры наездамі раз на год. Каб адрадзіць Алешчу, у 2006-м абавязкова трэба перамагаць.
[18 кастрычніка 2005]
|

