|
ПРАЦА ШТАБЯЛЁЎШЧЫКА Галоўная кантора маласіценскага лесапункту - белая з чырвоным дахам, ды яшчэ арнамэнт паўз увесь падмурак. Натхнёны ансамблем нацыянальных колераў, я рушу наўпрост да бухгальтаркі (яна ж - тутэйшы аддзел кадраў) па сваё працоўнае месца. - Кім работалі да гэтага? - не падымаючы галавы запытвае бухгальтарка. - Інжынэр-геоляг, мэнэджар па продажах, мастак, журналіст, займаўся грамадзкай адукацыяй, ідэалёгіяй… - рапартую бадзёра, назіраючы, як асадка ў руцэ бухгальтаркі замірае па-над графой "прафэсія", а сама яна глядзіць ужо на мяне. - Ага, - трохі няпэўна, але, як мне падаецца, задаволена канстатуе "аддзел кадраў". Я ўжо гадаю, што яе зацікавіла найбольш: можа, у гэты самы момант вырашаецца мой лёс на бліжэйшыя два гады… - Будзеце працаваць у нас штабялёўшчыкам. Бясконцае нагрувашчаньне штабялёў хвоі, елкі, бярозы, асіны ўздоўж чыгункі, вал дрэва, у маштабе якога чалавек - мурашка. Вось гэты чалавек і ёсьць штабялёўшчык. Яго працоўнае месца - на эстакадзе. Так называецца даўжэзны, мэтраў пад 100, памост, звараны з рэек ды насланы дошкамі, на якім ствалы звальваюцца зь лесавозаў, расьпілоўваюцца, пускаюцца па транспартэрнай стужцы, сартуюцца па гатунках, звальваюцца ў кішэні і адкуль кранамі грузяцца ў вагоны Беларускай чыгункі. Кранаўшчыкі, стропальшчыкі, раскрыжоўшчыкі, мэханікі, электрыкі ў Алешчы працуюць зь якой-ніякой тэхнікай, а штабялёўшчыкі - цяглавая сіла. Менавіта яны ўручную, з дапамогай жалезных крукоў, адкочваюць па эстакадзе расьпілаваныя бярвёны даўжынёй два-пяць мэтраў на стужку. Часам трэба скакаць церазь бервяно, якое коціцца згары, - як такі балет удаецца п'яным? Далей - паўз усю эстакаду - штабялёўшчыкі рукамі або рычагамі (вялікі драўляны дрын) скідаюць у асобныя аддзелы (кішэні) розныя сарты дрэва: дровы (двухмэтровыя галіны), піловачнік (3-4-мэтровыя хвоі й елкі на дошкі ці шпалы), фанэру (бярозу для вытворчасьці фанэры), балянсы (дарагую драўніну на экспарт), тэхнічную сыравіну (на цэлюлёзу й прадукт дрэваапрацоўкі)… Штабялёўшчыкі закідаюць у трактарныя прычэпы й самазвалы адпілаваныя камлі, якія тут называюць "паджывотнікамі", і нестандартныя абрэзкі, перакладваюць разваленыя пры транспартаваньні кранамі штабялі, абкорваюць сякерай ды скрабкамі вагонныя стойкі для экспарту лесу, прыбіраюць пілавіньне й вецьце. Рукавіцы, што выдаюцца раз на месяц, дзяруцца тут за тыдзень. Пераламаныя пальцы, рукі, ногі, траўмы хрыбта й сьпіны - штатныя здарэньні (трэба сказаць, амаль заўсёды па п'яні). Праца цяжкая. Напэўна, гэтым кіраваліся байцы нябачнага фронту, накіроўваючы мяне ў Алешчу, - каб больш высільваўся ды менш думаў. Насамрэч, алешчанская эстакада - цудоўная пляцоўка для будаваньня ўласнага цела - "храму душы". У Менску ў спартзалях плацяць грошы за тое, што складае штодзённую працу тут. Міжволі думаеш: якраз-такі накачваньнем мускулаў (у арганізацыйным пляне) мусяць займацца цяпер кволыя апазыцыйныя структуры перад кампаніяй-2006. Разносіць улёткі. Абыходзіць кватэры ад дзьвярэй да дзьвярэй. Трэніравацца. Рыхтаваць тысячы й тысячы прыхільнікаў, якіх не хапіла ў 2001-м ды летась… Партыйным функцыянэрам і заўсёднікам офісаў NGO пара рабіцца палітычнымі штабялёўшчыкамі. І працаваць, працаваць, працаваць. Штодня. Да зьнямогі. Толькі так у 2006-м мы здолеем перамагчы.
[21 кастрычніка 2005] Павал Севярынец, Малое Сітна |

