|
Краіна пасьля тырана Пакуль Беларусь паволі пагружаецца ў сьвяточны вясновы одум,
пакуль каталіцкі Вялікдзень плаўна пераходзіць у праваслаўны,
пакуль Лукашэнка ліхаманкава рыхтуе сэмінары па ідэалёгіі й
вайсковыя вучэньні, а апазыцыя замірае ў чаканьні
амэрыканскага Акту аб дэмакратыі — згаслая вайна ў Іраку
саступае месца хваравітаму стану пасьля тырана.
Цудоўнае вызваленьне з эфэктам раптоўнага зьнікненьня рэжыму
ўражвала нас яшчэ ў Чэхіі ў 1989-м, у Баўгарыі ў 97-м. у Сэрбіі ў 2000-
м. Багдад у гэтым сэнсе мала розьніцца ад Бялграду. Таму ў апошнія
тыдні менавіта Ірак без Хусэйна заставаўся найцікавейшай ды
найбольш паказальнай для Беларусі навіной. Сядзіш перад
тэлеэкранам, міжволі ўяўляеш замест іракцаў беларусаў і дзівішся: няўжо і нашае пасьля Лукашэнкі будзе падобным?
Скіданьне помніка? Калякін будзе супраць, але Леніна на плошчы
Незалежнасьці зрынуць пад пераможныя воклічы й зь вялікім
задавальненьнем паскачуць на павержаным стодзе. Марадзёрства? У
натоўпах моладзі, якія яўна будуць біць шыбы ва ўрадавых установах.
Знойдзецца нямала ахвочых да кампутараў і трафэяў нацыянальнага
Алімпійскага камітэту. Чэргі па гуманітарку? У найлепшых традыцыях
рынкавага сацыялізму, раздача халяўных кансэрваў, шпрыцаў ды
second hand (як і гандаль тымі кансэрвамі) пойдзе на ўра. Стыхійныя
мітынгі незадаволеных з патрабаваньнем вады, сьвятла, газу. хлеба й
відовішчаў? Вельмі верагодна. Сваркі лідэраў апазыцыі наконт таго,
хто тут галоўны змагар за дэмакратыю? Натуралёва! Напэўна, усё гэта
проста непазьбежна.
Але чаго б вельмі не хацелася — каб пры гэтым вуліцы Менску
патрулявалі жаўнеры зь дзьвюхгаловым арлом, каб господа
офицеры выграбалі з касаў пачкі непатрэбных зайчыкаў на
сувэніры, каб апазыцыйныя партыйцы на вуліцах пілі з танкістамі на
брані за дэмакратыю, за Пуціна. а якая-небудзь часовая
адміністрацыя віншавала б грамадзянаў Беларусі зь зьвяржэньнем
ненавіснага дыктатара й абяцала поўную бясьпеку ў рамках статуту
ААН і канстытуцыі Расейскай Фэдэрацыі...
Кіньце! Ні Захад, ні Ўсход Беларусі ня збавяць. Гэта Эўропа, а не Ірак.
І хоць сёлета нацыянальны рух выглядае як ніколі слабым ды
разьяднаным, шлях у нас па-ранейшаму застаецца адзіны. Цяжкі,
пакутны, ды свой. |

