Беларуская мова Русская версия Україньска сторінка English Lietuviu

Умова мовы

Сёньняшняй дзяржаўнай сыстэме ўласьцівы парадокс: чым больш размоваў пра незалежнасьць, тым менш на тэлевізіі, радыё, у школе беларускае мовы. Усе навіны БТ й палова Панарамы (відаць, у выніку канкурэнцыі з АНТ) — ужо па- расейску. Настасься Слуцкая — па-расейску. Міністры адукацыі й культуры — і то па-расейску.

У эканоміцы ўлада пасьлядоўна выконвае ўсё, што казаў Пазьняк дзесяць гадоў таму. У палітыцы імпэрскія памкненьні Крамля выкрываюцца афіцыёзам на кожным кроку. Але што да сымболікі й мовы — cамі!

Ці магчымае поўнае перараджэньне рэжыму?

Як казаў калісьці найбуйнейшы адмысловец у справе пераўвасабленьняў Павал Якубовіч, беларуская мова для яе носьбітаў — сыстэма апазнаваньня свой—чужы: гаворыш па-беларуску — наш, па-расейску (хто б ты ні быў) — іншы. Такім чынам, мы зноў празь дзесяцігодзьдзе вяртаемся да пытаньня мовы. Колькі б ні спрабавалі ці ўладныя. ці апазыцыйныя прагматыкі сьпісаць моўную праблему ў архіў — яна ўсё гэтак жа будзе выконваць ролю псыхалягічнае мяжы. Яе будзе балюча пераадольваць, яна будзе зноў расколваць апазыцыю, на ёй зноўку будзе гуляць Масква, а ў масавай сьвядомасьці менавіта яна стане знакам рэальнае незалежнасьці. Беларусі рана ці позна давядзецца пераходзіць на беларускую — спрачацца можна адно наконт мэтадаў.

Тэарэтычна беларусізацыя магчымая й цяпер. Нягледзячы на страты апошніх гадоў, мова захавала стратэгічны патэнцыял аднаўленьня. Гэта і больш за 40% беларусаў, якія пазначылі, што гутараць дома па-беларуску (няхай гэта больш жаданьне, чым рэчаіснасьць, — жаданьне паказальнае!), і 85.6% тых, хто назваў яе роднай. Гэта і беларускамоўная моладзь у сталіцы й буйных гарадох, прычым пераважна ў актыўных грамадзкіх і творчых асяродках. Гэта і элітарнасьць: мова ўспрымаецца як аналяг культурнасьці й інтэлігентнасьці (беларускамоўны — значыць, пісьменьнік, настаўнік або палітык). Праўда, праблемамі мовы цяпер сур'ёзна займаецца хіба ТБМ — у астатніх чамусьці мову адняло. Вось тут бы і пераняць Ініцыятыву...

<<<<<<

© 2006 Sieviarynets.net
Design by Zmicier