|
Сітна і сатана У Сітне часам хочацца крыкнуць: «Няўжо тут насамрэч усё так кепска?!» І
чым далей, тым часьцей просіцца на язык: «праклятае месца». Насельнікі
вёскі ня вераць у Бога. Затое кожны, узьняўшы палец угару, кажа: «Ёсьць
жа нейкая вышэйшая сіла!» Тут сьвята вераць у порчу, сурок і чорную
магію, тут уважліва чытаюць гараскопы на наступны тыдзень, спрабуючы
разабрацца, у якім астрале супрацьстаяць адзін аднаму Ўран ды Юпітэр.
Тут перакананыя, што на гары на ўезьдзе ў Сітна, дзе часьцяком б’юцца
машыны, чорт жыве. Але сапраўдны тутэйшы бог існуе ў вадкім агрэгатным
стане і мае моц 40 градусаў, а то і вышэй. У навакольлі буяе распуста: да мужыкоў, якія адкрыта, на ўзор мармонаў, жывуць зь дзьвюма, а то й трыма «жонкамі», тут ставяцца гэтак жа цярпіма, нават спачувальна, як і ў Эўропе да гомасэксуальных шлюбаў. У ветрынскай спэцкамэндатуры на сьцяне дзяжуркі — тры фатаздымкі. За апошнія некалькі месяцаў у раёне знойдзеныя трупы трох дзяўчат, падазраваных у прастытуцыі на трасах. Нікога гэта не палохае й не выклікае чутак пра ма-ньякаў. Кажуць, звычайная справа, «абдарылі» кагосьці з дальнабойшчыкаў, вось тыя на зваротным шляху і расплаціліся. Ад старасьці сіценцы звычайна не паміраюць. Вось толькі некалькі нядаўніх выпадкаў. Падчас сваркі 50-гадовы муж да сьмерці зьбівае жонку; усю ў гузаках, сьсінелую, яе паказваюць фэльчару: маўляў, упала з даху. Пасьля сумеснага з сужыцелькай, загадчыцай леспрамгасаўскай лазьні, расьпіцьця «максімкі» мужык ідзе ў тую самую лазьню й вешаецца на яе дзьвярох. Хлопец зь дзяўчынай у вёсцы, падвыпіўшы, выяжджаюць пакатацца на матацыкле. Ля моста праз Палату абое разьбіваюцца насьмерць. Пажылая кабета атручваецца «максімкай». Афіцыйная вэрсія: сэрца. Так, сэрца! Бо менавіта «з сэрца выходзяць ліхія намыслы, забойствы, пералюбы, распуста, крадзяжы, ілжывыя сьведчаньні, зьнявагі, і гэта апаганьвае чалавека» (Мацьвей 15:19—20). Калі мы хочам выгнаць сатану зь Сітна, з Полаччыны, з сэрца Беларусі ды з сэрцаў усіх беларусаў — тым, хто верыць у Бога й любіць сваю краіну, у 2006-м абавязкова трэба перамагаць. в.Малое Сітна |

