Беларуская мова Русская версия Україньска сторінка English Lietuviu

ПАВЕЛ СЕВЯРЫНЕЦ ПIША РАМАН ПРА БЕЛАРУСЬ

30 снежня спаўняецца 30 год мужнаму беларускаму палiтыку Паўлу Севярынцу. Найбольшы розгалас iмя Паўла набыло ў 2005 годзе, калi ён стаў палiтычным вязнем. За “актыўны ўдзел у масавых беспарадках” Павел быў асуджаны на 3 гады пазбаўлення волi. Тады ж, у адпаведнасцi з амнiстыяй, гэты тэрмiн быў скарочаны да 2 год. З тае пары Севярынец працуе пад вартай на лесапавале ў Полацкiм раёне, у вёсцы Малое Сiтна. За 20 дзён да свайго юбiлею ён атрымаў планавы кароткатэрмiновы водпуск у Вiцебск, да бацькоў. З iм сустрэўся пазаштатны карэспандэнт “Народнай волi”.

— Павел Канстанцiнавiч, я помню Вас падлеткам, ведаю, што Вы раслi ў рускамоўным асяродку i да пэўнага часу былi далёка ад палiтыкi. Але вось аднойчы, калi мы з Вашым бацькам разам ад'язджалi з Мiнска ў Вiцебск, Вы, тады студэнт БДУ, пайшлi праводзiць нас на цягнiк. Я са здзiўленнем пачуў, як Вы хораша размаўляеце па-беларуску. А неўзабаве стала вядома пра Вашу палiтычную дзейнасць. Скажыце, якiя людзi або падзеi выклiкалi такiя змены ў Вашым светапоглядзе?


— Наша сям'я была дэмакратычным асяродкам, i гэта зрабiла адбiтак на мне з ранняга дзяцiнства. Бацька працаваў журналiстам i добра ведаў, што навокал адбываецца. У самым пачатку 1994 года, падчас прэзiдэнцкай кампанii, у Вiцебск на сустрэчу з выбаршчыкамi прыязджаў Зянон Пазьняк. За тыя чатыры гадзiны ў тэатры iмя Я.Коласа мне i стала зразумела, што такое беларуская нацыянальная палiтыка. На першым курсе факультэта геалогii БДУ ў Мiнску, куды я паступiў улетку 1994-га, дзякуючы акадэмiку Радзiму Гарэцкаму большасць прадметаў выкладалася на роднай мове. А ўвосенi таго ж года (дакладна памятаю дзень — 20 лiстапада) я сам пачаў размаўляць па-беларуску. Паралельна з вучобай я працаваў у газеце “Знамя юности”. Пасля рэферэндуму-95 я напiсаў артыкул пра нашу геалагiчную практыку, адкуль рэдактар выразаў згадку пра бел-чырвона-белы сцяг. Тады я прыняў рашэнне пакiнуць газету, а на ганарар ад гэтай куртатай публiкацыi пайшоў на вулiцу Варвашэнi, 8 i набыў такi самы “крамольны” сцяг. Якраз там i пазнаёмiўся з Вячаславам Сiўчыкам i будучымi маладафронтаўцамi.


— Вернемся да Вашага дзяцiнства. Вы захаплялiся мiнералогiяй, збiралi калекцыю камянёў. Што засталося ў Вашым жыццi ад таго захаплення?


— У школьныя гады ў мяне сабралася вялiкая, больш за 2000 узораў, калекцыя беларускiх мiнералаў ды iншых парод. Былi цэлыя секцыi выкапняў. Крэменяў, гранiтаў, глiн. Самая цiкавая частка калекцыi — прыгодныя для ювелiрнай апрацоўкi камянi, што трапляюцца на Беларусi. Быў збор чырвоных гранатаў (альмандзiнаў), кварцытаў, дымчатага кварцу, каляровых халцадонаў, бурштыну. Усё гэта захавалася. Ёсць i зусiм рэдкiя: авантурын, карнеол, сердалiк, хрызапраз, яшма, марказiтавыя канкрэцыi, пегматыт. Большасць гэтага сабраная ў кар'ерах i па берагах рэк вакол Вiцебска. Захапленне ў рэшце рэшт увасобiлася ў вышэйшую адукацыю i дыплом iнжынера-геолага. А калекцыя зараз для мяне — яшчэ адно сведчанне багацця i прыгажосцi зямлi, якую даў нам, беларусам, Бог. Мала хто ведае, але сярод больш як сарака краiн Еўропы Беларусь уваходзiць у дзесятку самых забяспечаных прыроднымi рэсурсамi.


— У школе Вы вызначалiся мастацкiмi здольнасцямi. Вашы малюнкi на выставе дзiцячай творчасцi выклiкалi ўсеагульнае захапленне. А праз колькi год, калi Вы былi ўжо студэнтам БДУ, я прачытаў у газеце Ваша апавяданне i ўбачыў, што аўтар — лiтаратурна адораны чалавек. Чаму Вы не сталi нi мастаком, нi белетрыстам? Цi не ўзнiкла думка напiсаць, прыкладам, аповесць або раман i праiлюстраваць гэты твор сваiмi малюнкамi?


— Дзякуй бацькам, якiя аддалi мяне ў мастацкую школу. Штогадовыя плэнэры на вiцебскiх вулiцах, дзе ў свой час працавалi Марк Шагал, Казiмiр Малевiч, Iлля Рэпiн — гэта была казка. Па сканчэннi мастацкай школы ў 1994 годзе працягваў маляваць яшчэ некалькi гадоў адмысловую графiку (каляровая крэйда з чорнай асадкай). У пару студэнцтва, у сярэдзiне 1990-х, набытая мастацкая спецыяльнасць мяне ў прамым сэнсе кармiла: адзiн хлопец з нашага курса як менеджэр дамаўляўся за добры абед зрабiць партрэт жыхара цi жыхаркi iнтэрната, я маляваў i кармiлi абодвух. Потым рабiў краявiды, нацюрморты, плакаты “Маладога фронту”... Гады са два запар выстаўляўся ў сталiцы. Зараз нестае часу. Хаця, бывае, што i цягне да малявання: тут, у Малым Сiтне, такое хараство навокал!


А лiтаратурай займаюся, можна сказаць, штодня. Апублiкаваў тры кнiгi, рыхтую да друку яшч дзве. Асноўныя тэксты можна знайсцi ў прэсе апошнiх дзесяцi гадоў i на сайце www.sieviarynets.net. I галоўнае — пiшу раман пра Беларусь.


— Як Вы сёння, напярэдаднi сур'ёзнага юбiлею, ацэньваеце сэнс i вынiкi Вашай палiтычнай дзейнасцi?


— У першую чаргу створаны масавы маладзёжны рух, якi грунтуецца на нацыянальнай iдэi i хрысцiянскiх прынцыпах, — незарэгiстраваная арганiзацыя “Малады фронт”. Дзень Святога Валянцiна, кампанii “Горад — наш!” i “Беларусь — у Еўропу!”, абарона Курапатаў, сотнi iншых акцый i флэшмобаў — гэта толькi знешнiя эфекты. А сэнс гэтай дзесяцiгадовай дзейнасцi —- iдэйнае лiдэрства сярод беларускай моладзi. Новая генерацыя беларусаў замест транспаранта “А мне всё пофиг!” падымае бел-чырвона-белы сцяг Хрыста, пачынае адмаўляцца ад цынiзму, грамадскай пасiўнасцi, алкагалiзму i наркаманii, спажывецкай фiласофii i выбiрае Бога Беларусь. Зараз, паглядзiце, пад цiскам рэпрэсiй ужо колькi маладзёжных арганiзацый знiкла, сцiшылася, амаль лiквiдавалася, а “Малады фронт”, супраць якога iдзе сапраўдная вайна, стаiць у поўны рост. Змiцер Дашкевiч, Артур Фiнькевiч, Павел Красоўскi з Жодзiна, Iван Шыла з Салiгорска, Барыс Гарэцкi, Змiцер Хведарук, Насця Палажанка з Мiнска — хваля ўжо новых лiдэраў, якiя павядуць за сабой беларускую моладзь. За апошняе дзесяцiгоддзе вырасла цэлае пакаленне “Маладога фронту”. У Беларусi можна па пальцах пералiчыць апазiцыйныя партыi i недзяржаўныя арганiзацыi, незалежныя газеты i даследчыя цэнтры, iнтэрнет-праекты i адукацыйныя iнiцыятывы, дзе б нi працавалi маладафронтаўцы. Пра гэта мне ўжо даводзiлася пiсаць у кнiзе “Пакаленне ”Маладога фронту".


Па-другое, з 1996 года я займаюся шырокай асветнiцкай праграмай. За гэты час было праведзена больш як 430 “Шоу Беларушчыны”, 5 курсаў “Дзi-джэяў Адраджэння”, дзесяткi беларускiх канцэртаў, сотнi дыскатэк. Метадычны зборнiк з гэтым досведам — чарговая кнiга “Дзi-джэй Адраджэння”, якую я напiсаў i выдаў.


Па-трэцяе, зараз разам з Аляксеем Шэiным, Вiталём Рымашэўскiм, Георгiем Дмiтруком, Георгiем Салаўёвым, Мiкалаем Арцюховым i Дзянiсам Садоўскiм разгортваем Беларускую хрысцiянскую дэмакратыю — палiтычную партыю, якая яднае беларускiх патрыётаў i хрысцiян розных канфесiй. Распрацавалi праграмныя дакументы, наладзiлi паштовую i электронную рассылку, пачалося стварэнне тэрытарыяльных структур, рыхтуюцца першыя кампанii. Але праграмныя мэты нi “Маладога фронту”, нi БХД не дасягнуты i напалову. Таму — вынiкi сваёй працы лiчу толькi прамежкавымi. Ды ўсё ж веру, што галоўнае — яшчэ наперадзе.


— У Вашых бацькоў — трое дзяцей. Вам — трыццаць, а Вы яшчэ, так бы мовiць, кавалер. Цi ёсць планы наконт стварэння сям'i?


— Увогуле, моцная сям'я — разам з царквой, патрыятычным выхаваннем i развiтым самакiраваннем ёсць адзiн з падмуркаў здаровага грамадства i хрысцiянскай дэмакратыi. Але цяперашняя Беларусь — знявераная, зняволеная, занядбаная — патрабуе не столькi добрых шлюбаў, колькi добрага змагання i ахвярнай працы. Таму для стварэння сям'i ў мяне зараз няма нi часу, нi ўмоў. Спачатку — перамога.


— Над чым Вы цяпер працуеце за пiсьмовым сталом?


— Найперш штодня пiшу лiсты — за час “хiмii” iх прыйшло ўжо больш за 720, i мушу адказваць. Вельмi ўдзячны тым, хто пiша i прыязджае. Рыхтую да друку зборнiк артыкулаў, праграмных тэкстаў i апавяданняў 1997—2006 гадоў (кнiга будзе мець назву “Брату”); вычытваю пераклад “Фенаменалогiі Беларусi” (яна ж — “Нацыянальная iдэя”) на рускую мову (перакладае бацька). Але галоўная пiсьмовая праца — раман. Гэта самая вялiкая i сур'ёзная рэч, за якую я калi-небудзь браўся. Сённяшняй беларушчыне i беларускаму хрысцiянству нестае буйных рэчаў. Калi Бог дасць, праз некалькi гадоў маю надзею завяршыць пачатае. Для мяне гэта сапраўды будзе падзея.


— Нехта з класiкаў сказаў, што кожны годны чалавек мусiць пасядзець у турме. Цi згодны Вы з такой думкай?


— Турма — досвед, без якога годнаму чалавеку лепш абысцiся. Але менавiта праз турэмныя выпрабаваннi я прыйшоў да Хрыста i ўдзячны Богу за гэтае самае важнае ў маiм жыццi адкрыццё, за школу гарту i духоўнага кшталтавання. У турме асаблiва востра адчуваеш усю схiльнасць да зла, сапсаванасць чалавечай прыроды, грэшнасць уласнай душы — i патрэбу ў Збаўцы. Для мяне турэмная камера — месца, дзе болей, чым на волi, часу на роздум i малiтву.


— Дзе Вы адзначыце сваё трыццацiгоддзе i сустрэнеце Новы, 2007-ы, год? З якiмi надзеямi да яго наблiжаецеся?


— Пастараюся вырвацца ў навагоднi адпачынак. 30 гадоў — важная для мяне дата. Наш Гасподзь, Iсус Хрыстос, менавiта ў 30 год пачаў сваё зямное служэнне — i кожны хрысцiянiн ва ўзросце Хрыста рыхтуецца да асаблiвых выпрабаванняў. Спадзяюся неўзабаве вызвалiцца. Збiраюся разгарнуць асветнiцкую iнiцыятыву “Нацыянальнае Абуджэнне”, мэтай якой ёсць беларусiзацыя хрысцiян i хрысцiянiзацыя беларусаў праз конкурсы, творчыя i адукацыйныя акцыi. Галоўная бяда сённяшняй Беларусi — бязвер'е. I грамадству, i апазiцыi не хапае духу. Адсюль i бязвольнасць, i апатыя, i страх, i сярэдненькiя арыенцiры, i пастаянныя паразы. Але беларуская нацыянальная iдэя сутнасна хрысцiянская. Кажучы словамi Святога Пiсьма, iдэя Беларусi — гэта вера, якая дзейнiчае любоўю. Гэтай iдэi наканаваны грандыёзныя гiстарычныя перамогi. Вялiкая Беларусь, у якую веру, здольная збавiць ад зла Расiю, а не толькi сябе, i ўзняць да хрысцiянскага адраджэння ўсю астатнюю Еўропу.


— Дзякуй, Павел Канстанцiнавiч, за шчырыя адказы. Дай Бог Вам адзначыць юбiлеi сярод блiзкiх, з бацькамi, i таксама па-сямейнаму, як у далёкiм дзяцiнстве, сустрэць 31-ы год жыцця, у якiм, будзем спадзявацца, Вас чакае больш перамог, чым цяжкiх выпрабаванняў. На Вашым баку Праўда, а калi побач з Праўдай iдзе Вера, чалавека перамагчы нельга.


— Дзякуй за добрыя зычаннi! Няхай Магутны Божа дабраслаўляе Вас воляю, вераю i сваёй ласкай...

<<<<<<

© 2006 Sieviarynets.net
Design by Zmicier