|
На «хімію» да Севярынца будуць вазіць экскурсіі Асуджаны палітык дамогся, каб на месцы старажытнага замчышча паставілі памятны знак. Павал Севярынец адбывае дзьвухгадовае пакараньне ў вёсцы Малое Сітна Полацкага раёну. Малады палітык ня толькі валіць лес, але і пасьпявае весьці актыўную дзейнасьць. Ён нават зарганізаваў і ўзначаліў мясцовую суполку «Таварыства беларускай мовы». І вось Севярынец вырашыў зрабіць яшчэ адну карысную справу. - На замчышчы ў Малым Сітне, насыпаным уручную, была збудаваная Іванам Грозным крэпасьць, - расказаў нам па тэлефоне Павал. - Але ў 1579 годзе крэпасьць захапіў і спаліў Стэфан Баторый. Адбудаваны замак быў тут да 1772 года. Месца увогуле слаўнае: за кіламетр адсюль пачынаецца славутая рака Палата. Тут жа праходзіць шлях, якім ездзілі Уладзімір Красна Сонейка і Усяслаў Чарадзей... Чыноўнікі аднесьліся да прапановы асуджанага палітыка на дзіва цёпла. Ліст быў разгледжаны ў Полацкім райвыканкаме, на месца нават выязджалі намесьнік старшыні і начальнік аддзела культуры. Разам з кіраўніком Маласіценскага сельсавета Галінай Івановай яны вырашылі ініцыятыву падтрымаць. - У нас калісьці дошка ўжо стаяла, па-руску была напісаная, - расказвае Галіна Дзьмітрыеўна. - Прапанову Севярынца мы прынялі - ужо месяцы праз тры знак стаяць будзе. Знайшлі за 20 кіламетраў адсюль вялізны прыгожы валун. Прывязем, за грошы сельсавета зробім шыльду. І напішам абавязкова па-беларуску!.. Вось толькі тэкст надпісу пакуль узгадняецца. Варыянт Севярынца пра тое, што «беларуска-польскае войска пабіла маскавітаў” падалося ўладзе занадта палітычным. Пасьля таго, як знак будзе пастаўлены, Малое Сітна, верагодна, уключаць у турыстычныя маршруты Полачыны. Комсомольская правда в Беларуси |

