|
П.СЕВЯРЫНЕЦ: “СУХАРЭНКА НЯ СПРАВІЎСЯ З “МАЛАДЫМ ФРОНТАМ”. Сення БЕЛТА паведаміла пра адстаўку старшыні КДБ Беларусі генэрала-лейтэнанта Сьцяпана Сухарэнку і яго першага намесьніка генэрала-маёра Васіля Дземянцея. Былы лідэр “Маладога фронту”, нядаўні палітвязень, а таксама дзеючы сустаршыня БХД Павал Севярынец тлумачыць адстаўку Сухарэнкі ягонымі няўдачамі ў змаганьні з апазыцыяй. "Асноўная задача паводле палітычных рэпрэсіяў, якая ставілася перад Сухарэнкам за гэты час, — была ўтаймаваць беларускую моладзь. А дакладна — фактычна зьнішчыць “Малады фронт”. "Але Сухарэнку гэта не ўдалося. Мы ўжо палічылі, што за час ягонага кіраваньня было заведзена болей за трыццаць крымінальных справаў толькі па маладафронтаўцах. Прычым чатыры зь іх працягваюцца цяпер. За год і тры месяцы шалёнай кампаніі нічога зрабіць з “Маладым фронтам” не ўдалося." "Прыкладам, учорашняя акцыя — дзясяткі людзей у кашулях “Свабоду Дашкевічу!”. Таксама ідуць трывалыя акцыі ў рэгіёнах. Нічога ў іх не атрымліваецца — чым мацней б’юць, тым мацнейшы “Малады фронт”. Таму Сухарэнка, на маю думку, звольнены за прафнепрыдатнасьць”. Новым старшынём КДБ Беларусі прызначаны генэрал-маёр Юры Жадобін, які раней працаў начальнікам Службы бясьпекі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Замест яго начальнікам Службы бясьпекі прэзыдэнта прызначаны падпалкоўнік Андрэй Уцюрын, які працаваў начальнікам упраўленьня асабістай аховы Службы бясьпекі прэзыдэнта. Новаму кіраўніцтву КДБ даручана у найкароткія тэрміны ўнесьці прапановы аб кадравым умацаваньні Каміэтэту дзяржаўнай бясьпекі. Радыё Свабода |

