Беларуская мова Русская версия Україньска сторінка English Lietuviu

Зварот Паўла Севярынца з нагоды крытыкі ўкраінскіх беларусаў

- Спадару Богдану Чыжу
- Сходу праваслаўных беларусаў Украіны


Дарагія браты і сёстры!


Найперш, прашу прабачэньня за спазьненьне з адказам (на мінулым тыдні ўдзельнічаў у Чарнобыльскіх слуханьнях у Эўрапарляманце), і Ваш ліст атрымаў толькі 22 красавіка.

Затым перапрашаю, што не паінфармаваў Вас пра маючы адбыцца візыт дэлегацыі БХД ва Украіну: сапраўды, гэта мой недагляд. Нажаль, адсутнасьць сталага кантакту з Вамі зрабілася прычынай гэткае прыкрасьці.

Датычна Вашых пытаньняў, зададзеных у Звароце.
1. Мы сустракаліся ў Кіеве як з кіраўніцтвам ХДС, так і з прадстаўнікамі пратэстанцкіх цэркваў. Уважаем пратэстантаў за хрысьціянаў; што ж да касмапалітызму, дык эвангелікі, зь якімі мы мелі спатканьні, размаўлялі па-украінску. Безумоўна, мы вельмі б хацелі сустрэцца і з прадстаўнікамі Праваслаўнае царквы, і з Грэка-каталікамі – спадзяемся, што з Божай і Вашай дапамогай неўзабаве гэта зробім. Гатовыя сустрэцца таксама асобна з Вамі – калі ласка, паведамце пра зручную для вас дату і месца.
2. БХД не засяроджваецца адно на перасьледзе пратэстантаў (проста фактаў уціску на эвангелічныя цэрквы ў Беларусі сапраўды колькасна больш).
3. Аргкамітэт БХД віншуе з рэлігійнымі сьвятамі як паводле праваслаўнага, так і паводле каталіцка-пратэстанцкага календара. Дарэчы, паштоўкі й падарункі для сьвятароў і вернікаў прыпадаюсь якраз на праваслаўны Вялікдзень.
4. БХД ня ёсьць выключна пратэстанцка-каталіцкім праектам. Сярод чатырох сустаршыняў Аргкамітэту два (Віталь Рымашэўскі і я) – праваслаўныя. Лік праваслаўных сярод хрысьціянскіх дэмакратаў дасягае 30%.
Падаецца, большасьць непаразуменьняў паўстала праз адсутнасьць сталага кантакту паміж БХД і праваслаўнымі беларусамі Украіны.

Шчыра віншую з набліжэньне сьветлага сьвята Уваскрасеньня Хрыстова – і зычу волі, веры й Божае ласкі ў справе змаганьня за Беларусь пад бел-чырвана-белым сьцягам Ісуса Хрыста!

З Богам!


Ваш брат – сустаршыня Аргкамітэту БХД Павал Севярынец

Менск 24.IV.2008

<<<<<<

© 2006 Sieviarynets.net
Design by Zmicier