Спіс

Новая перадача Радыё Свабоды сэрыі “Дом літаратара”.
Новая перадача Радыё Свабоды сэрыі “Дом літаратара”. 

Тэмы: Павал Севярынец – аўтар лепшай кнігі 2007 году паводле НН.
Кнігай году-2007 паводле экспэртаў тыднёвіка «Наша Ніва» стаў зборнік эсэ Паўла Севярынца “Лісты зь лесу”. Ён напісаў іх на Полаччыне, у вёсцы Малое Сітна, куды быў высланы на прымусовыя працы за актыўную палітычную дзейнасьць. Першае эсэ ў кнізе датаванае 16 верасьня 2005 году, апошняе – 1 чэрвеня 2007 году. Паміж гэтымі датамі ў аўтара амаль два гады цяжкае фізычнае працы на лесанарыхтоўках і свабоднае духоўнае жыцьцё – у стасунках з тамтэйшымі людзьмі. З чаго і нараджаліся эсэ, якія штотыдзень друкавала газэта “Наша Ніва”. “Лісты зь лесу” – пятая кніга Паўла Севярынца. У нашай менскай студыі зь ім гутарыць Валянціна Аксак.

Валянціна Аксак: “Перад Каталіцкімі калядамі газэта “Наша Ніва” правяла традыцыйны рэйтынг кнігаў году. Скажыце, калі ласка, ці чакалі вы, што кніга “Лісты зь лесу” патрапіць у нашаніўскі сьпіс?”

Павал Севярынец: “Спадзяваўся, што кніга будзе заўважаная экспэртамі”.

Аксак: “А як успрынялі той факт, што экспэрты ня толькі заўважылі, але, нягледзячы на той факт, што сьпісе фігуравалі кнігі вельмі і вельмі знаных беларускіх літаратараў, ваша кніга зь вялікім адрывам ад іншых апынулася на першым месцы і была названая кнігай году?”

Севярынец: “Скажу шчыра, я быў прыемна шакаваны. Дзякуй Богу, што Андрэю Дыньку прыйшла такая ідэя, і ён прапанаваў мне пісаць гэтыя лісты, дзякуй Богу, што даў мне магчымасьць пісаць амаль два гады”.

Аксак: “У прадмове да кнігі вы напісалі, што яна ёсьць спробаю знайсьці беларуса ў гушчары ягонай душы. І запрашаеце чытачоў дзеля гэтых пошукаў у дрымотны беларускі лес, які паўстае са старонак вашай кнігі на канкрэтным лапіку краіны з рэальнымі яго насельнікамі на поўначы Полацкага раёну. А самі вы можаце ўжо сказаць, што, прымусова працуючы, прымусова жывучы там, знайшлі беларуса ў той лясной гушчэчы?”

Севярынец: “Пэўна, знайшоў. Магу сказаць, што гэта ня проста лес, гэта Полаччына, дзе адчуваецца тысячагадовая глыбіня беларускай гісторыі з самых пачаткаў, з хрышчэньня, з часоў Усяслава і Эўфрасіньні. Руіны тае Беларусі адгадваюцца і дагэтуль. Сёньняшні беларус там вельмі і вельмі моцна разбураны. Гэта той першапачатковы вобраз, які паўстаў з палачанаў, крывічоў, і цяпер зьнішчаны стагодзьдзямі акупацыі, алькаголем, бязьвер’ем, крыміналам. Гэткага беларуса я пабачыў, але пабачыў і таго беларуса, якога ўсе мы спадзяёмся ўбачыць – веруючага, які любіць сваю краіну”. 

Аксак: “Ваша кніга не прадаецца ў кнігарнях, зь яе аўтарам чытачам немагчыма наладзіць сустрэчу, за спробу прэзэнтацыі вас нават зьнявольвалі. А ці дайшла ваша кніга ў тыя мясьціны, дзе яна была напісана, і як успрынялі жыхары вёскі Малое Сітна ўслаўленьне іх радзімы ў вашай кнізе?”

Севярынец: “Кніга дайшла, гэта я ведаю пэўна, я яе туды перадаваў. Там чыталі, і чыталі зь вялізнай цікавасьцю. Многія дзякавалі. Ня думаю, што ўсе героі кнігі будуць дужа задаволеныя, бо задача, якая стаяла пры напісаньні гэтых нарысаў, – пісаць праўду. Але, зрэшты, вельмі шмат станоўчых водгукаў было яшчэ тады, калі эсэ публікаваліся ў газэце “Наша Ніва”.

Аксак: “А бібліятэка, школа ў тых мясьцінах зацікавіліся вашай кнігай?”

Севярынец: “Ці дайшла кніга да бібліятэкі і школы, пакуль што яшчэ ня ведаю. Мы перазвоньваемся даволі рэгулярна з тымі людзьмі, якія там засталіся, – з майстрыцай, з дэпутаткай тамтэйшага сельскага савету. Запытаюся ў іх пра гэта абавязкова”.

Аксак: “Вашы героі – жывыя людзі, якія сталі літаратурнымі пэрсанажамі. Наколькі праўдзіва вы імкнуліся паказаць іх, ці ўсё-ткі вы рабілі літаратурную тыпізацыю характараў?”

Севярынец: “Стараўся пісаць праўдзіва, але ж бачыце, у рамкі аднаго эсэ немагчыма ўціснуць характар, таму ў главах пра канкрэтнага чалавека мне давялося пісаць толькі пра зьнешняе адлюстраваньне, адзін-два кадры рабіць. Таму ў той ступені, у якой даваў магчымасьць жанр эсэ, пісаў праўду”.

Аксак: “Вы назвалі кнігу вашых допісаў зь месца прымусовай працы на поўначы Беларусі “Лісты зь лесу”. У гэтай назьве чытаецца выразная алюзія на “Лісты з-пад шыбеніцы” Кастуся Каліноўскага. Ці ўсьведамляеце вы сябе сёньня аўтарам такой жа ролі і адказнасьці, якую адчуваў кіраўнік вызвольнага паўстаньня 1863-64 гадоў?”

Севярынец: “Каліноўскі і ягоныя паплечнікі жылі і пісалі ў непараўнальна больш жорсткіх умовах, чым цяпер, таму героі мінулых стагодзьдзяў стаяць вышэй. Але пэўная роля і пэўнае пакліканьне ёсьць – Бог даў нам тут нарадзіцца нездарма”.

Аксак: “А ці адчуваеце вы сябе беларускім літаратарам?”

Севярынец: “Пісьменьнікам сябе адчуваю, нават у большай ступені, чым палітыкам, гэта дакладна магу сказаць. Да літаратуры адчуваю пакліканьне беспасярэдняе”.

Аксак: “І што на пісьмовым стале літаратара Паўла Севярынца сёньня?”

Севярынец: “Раман пра Беларусь. Апроч яго – вэрсія маёй ранейшай кнігі “Нацыянальная ідэя”, якая будзе, пэўна, называцца “Люблю Беларусь”, спадзяюся, яна будзе выдадзеная з фотаздымкамі і ў цьвёрдай вокладцы”.

Аксак: “Жадаем, каб вашы новыя кнігі станавіліся бэстсэлерамі”. 

http://svaboda.org/