Спіс

БОЙЦЕСЯ БОГА І БОЛЬШ НІКОГА — Адкрыты ліст мітрапаліту Кандрусевічу

БОЙЦЕСЯ БОГА І БОЛЬШ НІКОГА
Адкрыты ліст мітрапаліту Кандрусевічу.
Ваша Эксцэленцыя!
Шаноўны ксёндз-Арцыбіскуп!

Мне вельмі часта даводзілася казаць і пісаць пра тое, што Каталіцкі Касцёл у Беларусі – надзея і апірышча хрысціянскіх каштоўнасцяў, маральных прынцыпаў і самой беларускасці. Што не сістэма адукацыі, не міністэрства культуры, а менавіта Беларускі Касцёл адыгрывае зараз галоўную ролю ў захаванні і адраджэнні жывой беларускай мовы. Што ў Будславе, Касцёле святых Сымона і Алены, на такіх фэстах як “Магутны Божа” ці “Magnificat” мы бачым будучую Беларусь – поўную веры і любові, тую, пра якую ўсе мы марым. Вядомыя каталіцкія святары, такія як кардынал Казімір Свёнтэк, ксёндз Уладзіслаў Завальнюк, ксёндз Юры Барок, брат Пётра Рудкоўскі ды многія іншыя – сапраўдны ўзор Боскага служэння, патрыятызму і грамадзянскай мужнасці.

Мае сябры, аднадумцы і я сам – мы з вялікім уздымам успрынялі Ваша вяртанне на Радзіму ў якасці мітрапаліта: дзякуючы Вашай энэргічнай дзейнасці, Касцёл у апошнія два гады сапраўды стаў значна больш актыўным, адкрытым для грамадства, больш прывабным для моладзі. За кароткі час Вы засведчылі сябе не толькі як мудры пастыр і адміністратар, але і як палымяны прамоўца і сапраўдны духоўны лідэр.

Асабліва істотнымі для мяне былі тыя прамовы, дзе Вы заклікалі людзей пазбаўляцца страху, браць свой крыж ды ісці за Хрыстом – і следам за Эвангеллем і Папам Рымскім Янам Паўлам ІІ паўтаралі: “Не бойцеся!”. Таму, звяртаючыся да Вас, я спадзяюся на разуменне, Ваш унікальны пастырскі досвед і Вашую шчырую любоў да Беларусі.

Днямі на малітоўнай сустрэчы ў Івянцы здарылася прыкрая падзея, што выклікала вялікі розгалас. Некалькі хлопцаў з аховы, арганізаванай з маладых каталікоў, затрымалі і перадалі міліцыі 18-гадовую Насту Палажанку, якая падчас канцэрту на адкрытым паветры раздавала маладзёнам буклеты пра нацыянальныя сімвалы Беларусі. У міліцыі ў дзеяннях Насты ды ў змесце буклетаў не знайшлі складу правапарушэння – і без складання пратаколу адпусцілі. Але гора-ахоўнікі на гэтым не спыніліся – затрымалі і адвялі да міліцыі Любоў Каменеву, супрацьпраўным чынам абшукалі (зрабілі дагляд асабістых рэчаў) Змітра Бутэнку, некалькіх іншых маладых людзей, якія падаліся ім падазронымі. Дарэчы, нічога не знайшлі. Асабіста ў мяне запатрабавалі зняць значку з “Пагоняй”: маўляў, “такі загад”.

Падкрэслю: нават міліцыя да людзей са значкамі не чаплялася.

А перад гэтым, падчас імшы ў касцёле, мы чулі і Вашу выдатную прамову, і хор моладзі, з якім разам цудоўна спявалі ўсе ўдзельнікі: “Будзьце мужныя!…”

Вельмі шмат маладзёнаў у размове абураліся: праз прадстаўнікоў “аховы” духоўная атмасфера на фэсце ператварылася ў паліцэйскую падазронасць. Дзеля справядлівасці трэба заўважыць, што некаторыя хлопцы з аховы спрабавалі суняць сваіх аднагодкаў, апантаных азартам “юнага дзяржынца” – але кіраўнік гэтай структуры працягваў “аперацыю па выяўленні крамольных элементаў”.

Некаторыя скажуць: “не трэба ўцягваць Касцёл у палітыку”.

Але як гэта атрымліваецца: двухсэнсоўны візіт Аляксандра Лукашэнкі з сынам Мікалаем (і расейскі букваром) у Ватыкан да Папы Рымскага – “не палітыка”, а навуковы буклет пра нацыянальную сімволіку, скампанаваны з артыкулаў “Беларускай Энцыклапедыі”, – “палітыка”? Прыдуманы бязбожнікамі-камуністамі чырвона-зялёны сцяг – “не палітыка”, а бел-чырвона-белы сцяг Хрыста – “палітыка”?

Што ж тычыць удзелу вернікаў у палітыцы – Вы, несумненна, ведаеце меркаванне Касцёла, сфармуляванае на Другім Ватыканскім Саборы.

“Трэба старанна клапаціцца пра грамадзянскую і палітычную пазіцыю, так пільна сёння патрэбную людзям, асабліва моладзі, каб усе грамадзяне маглі выконваць сваю задачу ў жыцці палітычнай супольнасці. Тыя, хто мае здольнасць да палітычнай дзейнасці, складанай, і ў той жа час вельмі высакароднай, павінны падрыхтавацца да яе і старацца займацца ёй, не думаючы пра сваю матэрыяльную карысць. Няхай выступаюць як супраць дыктату аднаго чалавека, так і самаўладства ці палітычнай неталерантнасці палітычнай партыі, дзейнічаючы мудра і беззаганна ў маральных адносінах. Больш за тое, няхай прысвячаюць сябе агульнаму дабру ў шчырасці і праўдзе, з любоўю і палітычнай адвагай”.

(Вучэнне Каталіцкага Касцёлу “Gaudium et spes”. З п.75: “Супрацоўніцтва ўсіх у грамадскім жыцці”.)

Мы, хрысціянскія дэмакраты, бясспрэчна, падтрымліваем высілкі Каталіцкага Касцёлу ў Беларусі што да ўмацавання хрысціянскіх каштоўнасцяў і незалежнасці дзяржавы. Мы вітаем працу, якую Вы робіце для запрашэння Папы на Беларусь – бо такая гістарычная падзея выклікала б у Беларусі вялікі духоўны ўздым. Мы ацэньваем важнасць дамовы Каталіцкага Касцёлу з дзяржавай (нават пры сённішняй, далёка не дэмакратычнай уладзе). Але часам сродкі, якімі дасягаецца мэта, выклікаюць ў многіх і многіх вернікаў горкае пачуццё недаўмення і расчаравання.

У 2007-2008 гадах мы з прадстаўнікамі розных хрысціянскіх цэркваў ініцыявалі кампанію “За свабоду сумлення”, у рамках якой сабралі больш як 50000 подпісаў за змену існуючага “Закона аб свабодзе сумлення” (паводле ацэнак праваабаронцаў – самага рэпрэсіўнага з падобных у Эўропе). Вы добра ведаеце, што на падставе гэтага закону з Беларусі былі высланыя барысаўскі ксёндз Збігнеў Грыгарцэвіч, рэчыцкі ксёндз Гжэгаж Худэк і яшчэ шэраг ксяндзоў і сёстраў-законніцаў; улады не дазваляюць будаваць новыя касцёлы, сарвалі некалькі канцэртаў, падрыхтаваных каталікамі, адмаўляюцца вярнуць вернікам Касцёл святога Язэпа…. Але вось высокапастаўлены кардынал на сустрэчы з кіраўніком Камітэту па справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў Л. Гулякам кажа: “Закон аб свабодзе сумлення у Беларусі…. з’яўляецца добрым законам, дзе адлюстраваныя неабходнасць абароны і пашаны правоў пяці асноўных канфесій, традыцыйных на Беларусі”.

Напрыканцы 2007 года мы пачалі грамадзянскую кампанію “Супраць засілля магіі і акультызму ў СМІ”. Праваслаўная царква і ўсе пратэстанцкія цэрквы кампанію падтрымалі, і запатрабавалі ў дзяржавы змяніць “Закон аб рэкламе”, які дазваляў рэкламаваць д’ябальскія практыкі і даваў права розным шарлатанам дурыць людзей. Пад ціскам грамадскасці Палата прадстаўнікоў 17 чэрвеня 2008 г. прыняла змены ў закон, але ўплывовыя лабісты гадалак і экстрасэнсаў ва ўладных калідорах затармазілі ўступленне паправак у сілу. Нарэшце, пасля дадатковай грамадскай кампаніі, Аляксандр Лукашэнка папраўкі зацвердзіў – і рэклама акультызму ў СМІ была афіцыйна забаронена.

Але чаму Касцёл ізноў адстараніўся і маўчаў?

Варта сказаць, што на мясцовым узроўні сярод каталіцкіх святароў і вернікаў, нашыя ініцыятывы знаходзяць падтрымку – таму прыкладам супраца ў рамках кампаніі “Моцная сям’я – моцная Беларусь” (з мэтай змяншэння колькасці абортаў, змаганнем з алкагалізмам ды разбэшчанасцю сярод моладзі), або “Люблю Беларусь” (“Беларускі Хрысціянскі Хіт”, курсы беларускай мовы, семінары па гісторыі беларускага хрысціянства, лідэрскія курсы “Ды-джэяў Адраджэння” і г.д.). Але нярэдка можна пачуць і такое: “Дзякуй за матэрыялы, прапановы і інфармацыю. Добрую справу робіце, але супрацоўнічаць з вамі баімся – самі разумееце, іерархія…. улады”.

Вы добра ведаеце, Ваша Эксцэленцыя, ў якой дзяржаве мы жывем. Грамадства працінае страх, часта беспрычынны і празмерны.

Але калі хрысціяне баяцца казаць праўду, размаўляць адно з адным і рабіць дабро – што тады застаецца іншым?

Мы спадзяемся, што для Касцёла важны не толькі дыялог з уладай, але і з грамадствам.

Сам я праваслаўны. І хаця веру, што “брамы пекла не адолеюць Царквы”, у сваёй Царкве шмат з чым ня згодны. Час ад часу мне бывае сорамна за маўчанне ці паводзіны некаторых Яе прадстаўнікоў. Аб чым кажу і пішу.

Але Касцёл!… Мы ж памятаем: менавіта Касцёл адыграў ключавую ролю ў вызваленні Польшчы, Літвы, Славаччыны ад камунізму. Мы памятаем ролю Яна Паўла ІІ, кардынала Вышыньскага альбо ксяндза Ежы Папялушкі ў перамозе “Салідарнасці”.

Сёлета, падчас спробы афіцыйна зарэгістраваць Беларускую Хрысціянскую Дэмакратыю, вернікаў (сярод якіх было шмат каталікоў) запалохвалі, пагражалі выключэннем з вучобы і звальненнем з працы (некаторых, дарэчы, звольнілі) – абы яны выйшлі з БХД. Але з 1071 заснавальніка толькі 8 адклікалі свае подпісы. Астатнія не збаяліся.

Пытанні, узнятыя ў гэтым лісце, абмяркоўваюцца на многіх каталіцкіх сустрэчах, фэстах, форумах ды пілігрымках. Думаю, адказнасць пастыраў – на такія пытанні адказваць.

Ваша Эксцэленцыя!

Нам хочацца жыць у краіне, дзе вераць у Бога і любяць сваю Радзіму.

Мы разумеем, што шлях да вольнай, дэмакратычнай, незалежнай, хрысціянскай Беларусі няпросты. Ёсць і будуць выпрабаванні, памылкі і пакуты.

Але веру: “любоў знішчае страх”. (1 Яна. 4:18)

Таму малюся за тое, каб прынцыпам Каталіцкага Касцёлу ў Беларусі заставаліся словы Эвангелля, казанняў Яна Паўла ІІ і Вашых прамоваў, словы, якія Госпад паўтарае нам зноў і зноў: “НЕ БОЙЦЕСЯ!”

З павагай, надзеяй на адказ і ўзаемаразуменне,
Павал Севярынец.