Спіс

Травень 2003-га. Літва ўжо ў Эўропе, а мы ўсё яшчэ рыфмуемся.Травень 2003-га. Літва ўжо ў Эўропе, а мы ўсё яшчэ рыфмуемся.

Давялося быць у Вільні якраз на гэтых выходных — падчас іхнага рэфэрэндуму. Старажытная беларуская сталіца, аддадзеная на захаваньне суседу, з галавой акунулася ў эўфарыю. Уражвае. Вечаровая Катэдральная плошча, 50 тысячаў моладзі, эўрапейскія колеры й падсьвечанае віленскае барока. Амаль няма п’яных. На сцэне пасьля рок-гуртоў выступаюць чатыры прэзыдэнты: Ландсбэргіс, Бразаўскас, Адамкус, Паксас. Віленчукі робяць авацыю Адамкусу. Што б ні казалі эўраскептыкі — прыгожа. Але на беларускіх акцыях лёзунг «Жыве Беларусь!» усё роўна гучыць мацней, дый бел-чырвона-белыя сьцягі куды больш пасуюць да віленскіх вуліцаў і эўрапейскіх колераў.

Пакуль дзевяць зь дзесяці літоўцаў на выбарчых участках аддаюць свой голас за Эўропу, мы гутарым у віленскай Рэдакцыі «НН» пра шанцы Беларусі. Пра абарону Курапатаў. якая адсюль, з-за мяжы, выглядала адзінай перамогай за апошнія гады, і якую, магчыма, давядзецца аднаўляць; пра новы рух «За достойную жмзнь» — ці стане ён маскоўскім праектам. ці напоўніцца беларускім зьместам; пра тое, што нацыянальныя сілы дарэшты стаміліся…

Але дзіўна — менавіта тут, у Вільні, геаграфічна бліжэйшай да Менску за любы абласны цэнтар, ужо за эўрапейскай мяжой, верыцца ў непазьбежнасьць Эўропы для Беларусі. І бачыцца плошча Незалежнасьці, поўная моладзі зь бел-чырвона-белымі сьцяжкам й сіня-зорнымі балёнікамі; пасьля «МКМ» — чатыры кіраўнікі дзяржавы на канцэртнай сцэне пад вялізным лёзунгам «Будзьма эўрапейцамі!». Выступае Станіслаў Шушкевіч, за ім — Мечыслаў Грыб… Хто гэта наступны — няўжо Лукашэнка?! У-у-у… I, нарэшце. той, хто прывядзе Беларусь у Эўразьвяз.

Шкада, мы далекавата ад сцэны — хто гэта такі, цяпер разгледзець амаль немагчыма.