Спіс

Аналіз моладзевага руху Беларусі ў 90-я гады.
Узноўленая беларуская дзяржава перажывае пару маладосьці. Здаецца, зусім нядаўна было і шчасьлівае дзяцінства з гульнямі ва ўсеагульную дэмакратыю, калі дазвалялася амаль усё, і падлеткавыя праблемы, якія зараз здаюцца смешнымі, і колішні юнацкі максімалізм. А зараз – сталеньне ў сур’ёзных сутыкненьнях зь вялікім жыцьцём, са страшнай праўдай, сапраўдным злом і ўсьведамленьнем сваёй слабасьці. Зараз – адказ на пытанне: быць ці не быць? Фармуецца характар, складваецца асоба, і становіцца ясна, ці адбудзецца дзяржава, ці здасца. Пакаленьні моладзі, што вырасталі й мужнелі разам зь беларускім дзяржаўніцкім рухам канца ХХ стагодзьзя адначасова з самой Рэспублікай Беларусь, уяўляюць сабою ўнікальны корпус грамадзтва, паўтарамільённы мост у будучыню, зь якога відаць і нядаўнія правалы, і далёкую пэрспэктыву. Маладыя, якім сёння ад 14 да 30 гадоў, перажылі гіганцкія трансфармацыі сучаснае гісторыі зь пераламленьнямі ва ўласных лёсах і сьветапоглядах – і таемныя коды Творцы ўжо закладзеныя ў іх, як гадзіньнікавыя мэханізмы. Агульныя заканамернасьці й абрысы будучых соцыюмаў, характар наступнае ўлады й новыя партыі, невіданыя тэхналёгіі й добра забытыя ідэі – усе вобразы заўтрашняе Беларусі заключаюцца ў пакаленьнях, народжаных да Перабудовы, у 1970-85-х гадах. 

1. Малады Фронт 

Пра моладзь як палітычную сілу ў Беларусі ўпершыню загаварылі пасьля бурных выступленьняў «Менскай Вясны-96», калі дэмакратычная апазіцыя ўжо адчаялася ў барацьбе з аўтарытарным рэжымам А. Лукашэнкі й стаяла перад пагрозай здачы незалежнасьці дзяржавы. Асноўную масу дэманстрантаў, што ўратавалі сувэрэнітэт краіны, складалі менавіта 14-30 гадовыя. 

Зусім незаслужана забытая, занядбаная ў першай палове 90-х моладзь вынырнула ў актыўным палітычным руху нечакана не толькі для грамадзтва, але і для самой сябе. Таму першы час яе ідэалёгіяй былі вельмі простыя інстыктыўныя рэфлексы: «За незалежнасць!», «За свабоду!», «Супраць рэжыму», «Супраць рэваншу». Але ўжо менш чым праз год, у 1997 г., вулічная моладзь асвоілася з роляй грамадзкай сілы, разгарнула ініцыятыўную кампанію «Беларусь – у Эўропу» й масава хлынула ў NGO ‘ s . А яшчэ праз паўтара-два гады выявіла сыстэмную й маштабовую дзейнасць па ўсім спэктры грамадзкіх і палітычных працэсаў [1]. 

Гісторыя эвалюцыі маладых рэвалюцыянераў, панарама разгортваньня дэмакратычных і нацыянальных ініцыятываў сярод моладзі й яе дачыненьні са старэйшымі калегамі найбольш відовішчна й дынамічна прадстаўленыя ў фокусе буйнейшай і самай вядомай маладзёвай апазыцыйнай арганізацыі апошніх гадоў – Малады Фронт, тым больш, што разор у 14-30 гадоў якраз вызначае статутны ўзрост яго сябраў. Пасьля экскурсыі на Варвашэні 8 [2], у паўпадпольныя штаб-кватэры, канцэртныя залі й на вуліцы зразумець, у чым справа й якія праблемы, будзе куды лягчэй. 

Такім чынам, «Менская Вясна-96» эфектна перавярнула сусьветны міф пра беларусаў як пра апатычную й бездапаможную квазі-нацыю. Усе згадвалі «ультрас» – «Белы легіён», зьдзіўляліся, чаму моладзі так многа й чаму яна такая радыкальная. Потым пасьледаваў уздым маладзёвага руху ў Горадні й Магілёве. Нарэшце, 14 лютага 1997 г., паралельна вядомым сэрбскім падзеям, адбылася першая самастойная, уласна маладзёвая акцыя – шматтысячнае шэсце ў Дзень сьвятога Валянціна, калі марш «Беларусь – у Эўропу!» прайшоў па заходніх амбасадах. Так рух вулічных мітынгоўцаў набыў арганізаваныя формы: Беларусь даведалася, што моладзь з дапамогаю БНФ стварыла свой Малады Фронт. 

Сьпярша Малады Фронт сапраўды ўяўляў сабою вулічную мабілізацыю незалежніцкае моладзі на масавыя мерапрыемствы апазыцыі: увесну 1997 г. менавіта ён вадзіў па праспэктах калёны дэманстрантаў. Але ўжо на гэтым этапе зьяўляецца нешта новенькае. Празь дзень пасьля драконаўскага «Дэкрэту № 5» («Аб мітынгах і шэсьцях … з выкарыстаньнем незарэгістраванае сымболікі») у ноч з 6 на 7 сакавіка над дахамі Менску было вывешана 100 бел-чырван-белых сьцягаў – пачаліся фірмовыя маладафронтаўскія акцыі, падхопленыя ў далейшым па ўсей краіне: «Горад – наш!». Гэта быў выклік, і ўдарам у адказ стаўся разгром шэсьця «Беларусь – у Эўропу-2» праз тыдзень (на пл. Свабоды было арыштавана больш 200 юнакоў і дзяўчат). 

Вядучымі абласнымі цэнтрамі, рэгіянальнымі «крыламі» Маладога Фронту сталі Гародня й Магілёў – і там увесну-97 сотні й тысячы маладых выходзілі на масавыя мітынгі й ператваралі канцэрты ў апазыцыйныя дэманстрацыі. Па буйных гарадох Беларусі прайшла хваля палітычных графіці. Заходнебеларускія райцэнтры распісвалі па некалькі разоў, і мясцовыя ўлады ледзь пасьпявалі зафарбоўваць лёзунгі на сьценах урадавых будынкаў. У Стоўбцах пасьля аднаго з такіх маладафронтаўскіх рэйдаў былі затрыманыя 16-ці гадовы Ўладзя Лабковіч і 18-ці гадовы Аляксей Шыдлоўскі – іх крымінальная справа прагучала на ўсю Эўропу. 

Вулічная рамантыка й мітынговыя прыгоды былі папулярныя сярод сталічнае моладзі й нефармалаў вялікіх гарадоў: для менскіх студэнтаў была свая героіка ў тым, каб адсядзець трое сутак у спецпрыёмніку «за незалежнасьць». Але ўжо тады сярод нашых прыхільнікаў ва ўнівэрсытэтах, школах і вучэльнях пераважала спачувальнае і скептычнае: «Гэтым вы шмат чаго не даб’ецеся». 

І праўда: ані далейшая «справа Шарамета», ані «справа Шыдлоўскага-Лабковіча» не сталіся агульнанацыянальнымі кампаніямі; маладзёвы рух, расчараваны халастымі эфэктамі пастаянных мітынгаў, звузіўся да некалькіх соцень вулічных заўзятараў, і ўжо ўвосені 1997 г. Малады Фронт стаў перад фактам відавочнага спаду студэнцкага пратэсту. Хваля расчараваньня ў тыя месяцы сур’ёзна спустошыла і самую арганізацыю. Трэба было тэрмінова перабудоўвацца й вынаходзіць якасна новыя, шырэйшыя й глыбейшыя формы працы. 

Зімою 1997-98 гг. стаўка была зробленая на папулярны спорт – ад барцоўскіх сэкцыяў і «качкоўскіх» заляў да фан-клюбаў і правядзеньня спартакіядаў, натуральна, у грамадзка-палітычным кантэксце. 10 сьнежня 1997 г., у дзень абароны правоў чалавека, быў арганізаваны прабег «Жодзіна – Стоўбцы» празь Менск. Прабег пад сьцягамі й лёзунгамі, прысьвечаны маладым палітвязьням Лабковічу й Шыдлоўскаму, набыў вялікі розгалас дзякуючы татальнаму адсочваньню й усялякім перашкодам з боку рэжыму. На біятлённым кубку сьвету ў Раўбічах і гандбольных спаборніцтвах таго сэзону маладафронтаўскія балельшчыкі ў меру сілаў надавалі падтрымцы трыбунаў палітычнае, незалежніцкае гучаньне. Але на поўную моц разгарнулася новая ініцыятыва Маладога Фронту падчас зімовае Алімпіяды-98 у Нагана. Маладафронтаўцы вырашылі правесьці на вуліцах Менску сваю ўласную алімпіяду. 

Праграму гульняў распачаў конкурс на лепшаго вусатага сьнегавіка (потым сьнегавых «тыранаў» падрывалі пэтардамі), далей былі спаборніцтвы па менскім бабсьлеі й кампутаровых гульнях, шахматах і зімовым футболе, а таксама ( sic !) піцьці піва на хуткасьць з журналістамі; алімпійскае шэсьце, падчас якого захінутыя ў бел-чырвона-белыя сьцягі дзесяць камандаў абягалі амбасады замежных краінаў зь віншаваньнямі… Затым у штаб-кватэры БНФ (!) быў арганізаваны конкурс прыгажосці «Міс Малады Фронт-98», дзе незалежныя журналісткі спаборнічалі з фронтаўскімі дзяўчатамі, а журы прадстаўлялі вядомыя лідэры апазыцыі. Нарэшце, завершыла гэтае месячнае шоў скандальная алімпійская страляніна па мішэнях з пнэўматычнае зброі. Дарэчы будзе адзначыць, што такі эфэктны шоў-стыль, некаторы эпатаж і паліт-іронія, так папулярныя ў сёньняшняй моладзі, у далейшым сталі адным з казырных прыёмаў Маладога Фронту і пачалі выкарыстоўвацца рэгулярна. 

Увесну 1998 г., натхнёныя спартовымі посьпяхамі маладафронтаўцы вырашылі, што надышоў час вулічнае барацьбы. Здавалася б, гэта пацьвярджала і пятнаццацітысячнае шэсьце на 80-ці годдзе БНР, і беспрэцэдэнтная атака на «вэртыкаль» магілёўскага Маладога Фронту. За адну ноч увесь Магілёў, ад аблвыканкаму й пракуратуры да судоў і помнікаў Леніну, быў расьпісаны графіці, а празь дзень, ледзь іх пасьпелі замазаць, хвалю паўтарылі, ды яшчэ абарвалі ўсе чырвона-зялёныя сьцягі ў межах хоць якое дасягальнасьці. Як сьледзтва, лідэра магілёўцаў, сустаршыню Маладога Фронту Алеся Асіпцова й яго паплечнікаў брала група захопу, узброеная аўтаматамі. 

Нажаль, гэта быў надрыў. Вясна-98, якую масавая моладзь ігнаравала, была асуджаная на правал. Мне давялося ўцяміць гэта 2 красавіка 1998 г., калі на адной плошчы сышліся афіцыйны канцэрт у дзень «яднаньня» Беларусі й Расеі і акцыя пратэсту апазыцыі. Толькі некалькі нашых актывістаў былі настроеныя рашуча й спрабавалі мітынгаваць – за што ўсе да адзінага апынуліся ў пастарунках: вулічных максімалістаў ужо стала магчыма палічыць на пальцах. 

У турме я доўга разважаў над прычынамі паразы-98. Карані былі тыя ж, што ў правалаў рэфэрэндума-95 і імпічмэнту-96, а потым – і ў 16 траўня й 21 ліпеня-99: адсутнасьць сыстэмнай, шматвобразнай і глыбокай масавай працы ў самім грамадзтве; падмена ідэяў духоўнага адраджэньня нянавісьцю да асобна ўзятага чалавека, разбуральнай ідэяй «абсалютнага зла». А страх, нянавісць і гнеў ніколі не даюць добрых пладоў. 

Шырокая двухмесяцовая кампанія «Свабоду Севярынцу», якая скончылася маім вызваленьнем, падтрымка самых розных палітычных лідэраў, праваабаронцаў і журналістаў прадэманстравала, якое значэньне Малады Фронт мае для грамадзтва. На нас спадзяваліся. Ад нас чакалі дзеяньня. Тымчасам, пасьля няўдачаў на вуліцы, арганізацыя была ў накдаўне. Шэрагі радзелі. Таму важнае рашэньне аб зьмене тактыкі, якое кіраўніцтва Маладога Фронту прымала ўлетку-увосені 1998 г., было і цяжкім, і неабходным: зь сёньнішняга гледзішча я б назваў яго ключавым і выратавальным. 

Зь верасьня 1998 г. Малады Фронт пераарынтоўваўся зь няспынных і малалікіх вулічных акцыяў, што канчаткова перасталі даваць эфэкт, на масавую працу ў гушчыні моладзі. Гэта азначала раскрутку й выкарыстаньне дзясяткаў тэхналёгіяў і малых справаў: канцэртаў, шоў, віктарынаў, элементаў выбарчае кампаніі й татальнае агітацыі, распрацоўку ўласнае праграмы й актыўнае асваеньне інфармацыйнае прасторы. Лёзунгам «новае тактыкі» стала: «Беларусь – гэта сьвятое. Моладзь – за Беларусь!». 

Тады нашая «новая тактыка» была ўспрынятая зь недаверам: паўстрымалася нават прэса. Толькі зараз і да старэйшых калегаў, і да многіх экспэртаў прыходзіць усьведамленьне, што ў той час карэнным чынам трэба было перабудоўвацца ўсёй апазыцыі – каб 16 траўня й 21 ліпеня мець канкрэтныя вынікі. 

Паварот-98 аказаўся для Маладога Фронту надзвычай пасьпяховым. Усяго за некалькі месяцаў была распрацаваная й праведзеная рэклямовая кампанія, распаўсюджаныя дзясяткі тысячаў асобнікаў самых разнастайных агітацыйных матар’ялаў і прыток навічкоў узняўся да ўзроўню Вясны-96: па 15-20 чалавек на тыдзень у адным толькі Менску; узьніклі дзясяткі новых суполак і рэгіянальных аддзяленьняў; набралі размах «шоў беларушчыны», якіх было праведзена каля 120-ці, і канцэртная акцыя «Малады Рок-Фронт»; быў выданы першы маладзёвы мэтадычны зборнік «Ды-джэй Адраджэньня», і, самае галоўнае, адбылося афармленьне й станаўленьне некалькіх сатэлітных арганізацыяў, якія ўзяліся самастойна й энэргічна распрацоўваць асобныя кірункі маладафронтаўскае дзейнасьці: «Беларуская Музычная Альтэрнатыва» (сэрыйныя рок-канцэрты «Вольныя танцы», выпуск каля 20-ці аўдыёкасэтаў і кампакт-дыску «Слухай сваё!»), «Маладое Адраджэньне» (шоў-віктарыны, конкурсы, інтэлектуальные гульні й дыскатэкі, асьветніцкія мэтодыкі й тэхналёгіі), «Эўрапейскі Шлях» (традыцыйная культура, дойлідзтва й сьпевы), «Беларускія Маладыя Кансэрватары» (замежная структура, што разам з Маладымі кансэрватарамі Эўропы распачала інфармацыйную FREE BELARUS COMPANY па ўсім кантынэнце), «Кампутаровае Мастацтва» і «Асацыяцыя Маладых Прадпрымальнікаў». Усё гэта дазволіла нам стаць ня проста ўдарным батальёнам вулічных акцыяў, а маштабовай, прынцыпова новай грамадзка-палітычнай сілай. Малады Фронт, які спачатку сапраўды ўяўляўся лініяй акопаў, паступова перарастаў у фронт маладых пакаленьняў, вал рэформаў унутры апазыцыі й сьвежы атмасферны фронт Духу. 

Пры гэтым Малады Фронт працягваў адпрацаваныя вулічныя й начныя акцыі «Дзень Сьвятога Валянціна», «Горад – наш!», расклейкі й графіці, алімпійскія й дасціпна-сьцёбныя імпрэзы. У ІІ Сойме Маладога Фронту, завершаным канцэртам гурта NRM , узяла ўдзел больш 400 дэлегатаў з усяе Беларусі – і гэта пасьля ўсіх забаронаў і перашкодаў, у разгар эпідэміі грыпу. Нарэшце, у лютым 1999 г. Малады Фронт увайшоў у тройку сама часта згадваных у незалежнае прэсе арганізацыяў. 

Палітычны сэзон-99, начыста прайграны апазыцыяй, толькі ўмацаваў нас у перакананьні, што шлях палітычных прывідаў, гучных заяваў і спробаў мітынговае мабілізацыі ва ўмовах грамадзкае апатыі вядзе толькі да абвалу даверу дэмакратам, дыскрэдытацыі нацыянальна-вызвольнага руху. Мы гэтак жа, як і БНФ, зьбіралі подпісы за З. Пазьняка, вывешвалі бел-чырван-белыя сьцягі над дахамі гарадоў і на стадыёнах, складалі перадвыбарчыя ўлёткі – і разумелі, што старэйшае пакаленьне апазыцыянераў распарадзіцца плёнам гэтае працы ўжо проста ня ў стане. Здаецца, нават і сёньня, пасьля катастрофаў 16 траўня й 21 ліпеня вядучыя лідэры й партфункцыянеры так і не асэнсавалі, наколькі радыкальныя ўнутраныя зьмены, наколькі моцная структурная рэфармацыя й духоўнае перараджэньне неабходныя тым, хто сёньня змагаецца за Беларусь. 

Дыягназ, пастаўлены Маладым Фронтам і апазыцыі, і рэжыму ў канцы траўня-99, быў просты й ёмісты: «Фініш!». Маладафронтаўцы ў стылі палітычнага сьцёбу й пэрфомансу правялі цэлую сэрыю спорт- і шоў-акцыяў, прысьвечаных гэтае тэме – і наш «фініш» выклікаў як рэпрэсыі з боку рэжыму, так і хваравітую рэакцыю ў пэўных дэмакратычных колах [3]. Зрэшты, заняткі «рытуальнымі танцамі», гульні ў «самалёцікі, лялькі, цацкі» [4], а таксама ў «бабкі» сярод многіх зусім дарослых і салідных дэмакратаў дасёньня застаюцца іх галоўным клопатам. Мяняцца, працаваць над сабой і зьвяртаць увагу на людзей большасць дзеячоў проста не хоча – як сьледзтва, іх правалы абсалютна заканамерныя. Шчыра сказаць, ад праекцыі сёньняшніх міжсобных і клянавых разборак ды асабістае непрыстойнасьці ў апазыцыі на маштабы будучага дзяржаўнага апарату робіцца не па сябе. 

VI зьезд БНФ выявіў усе гэтыя праблемы ўнутры буйнейшага нацыянальна-вызвольнага руху. Фронт, падзелены «па Пазьняку» роўна надвое (156 – «за», 156 – «супраць»), вось ужо тры гады таптаўся на месцы, і назіральнікі справядліва заўважалі [5]: адзіным яго пасьпяховым праектам апошняга часу быў Малады Фронт. Да слова, Малады Фронт, народжаны ў нетрах БНФ, рос і разьвіваўся практычна самастойна, часта ня дзякуючы, а супраць волі старэйшых, і толькі раз-пораз быў падтрыманы асобнымі кіраўнікамі. Таму цяперашні востры крызыс (больш падобны на крызыс дзеяньня, а не на выдаткі лідэрства), аказаўся для маладых надуманым і штучным. Балючую й рэзкую ўнутраную перабудову мы ажыцьцявілі ўжо год таму – і, як вынік, раскол у БНФ, насуперак прадказаньням [6], не паглыбіўся ў Малады Фронт. Больш за тое, менавіта Малады Фронт аказаўся адзінай арганізаванай сілай, якая на VI зьезьдзе спрабавала кансалідаваць БНФ, рэфармаваць самыя асновы дзеяньня й прапанавала Фронту выразную, ясную пэрспэктыву. Дэлегацыя Маладога Фронту (каля 40 чалавек) выступала адзінай дружнай камандай, сваім салідарным галасаваньнем вырашыла зыход важных працэдурных пытаньняў, падрыхтавала свой праграмны праект [7] – дарэчы, амаль цалкам выкарыстаны ў пагаджальным варыянце, а таксама ў чатырох выступах, якім пляскала ўся заля, разгарнула яго тэзы [8]. 

Аднак, з псыхалягічнага гледзішча, распалавіньваньне БНФ сталася моцным страсеньнем для моладзі. Перад сёньняшнім Маладым Фронтам паўстала, бадай, самая сур’ёзная задача за ўсе часы яго існаваньня: старэйшая апазыцыя аказалася няздольнай прапанаваць альтэрнатыву рэжыму, працаваць эфэктыўна і пры гэтым маральна, выкарыстаць аграмадныя рэсурсы грамадзтва й, самае галоўнае, даць Беларусі поўную, сфармуляваную для ўсіх выпадкаў жыцьця Нацыянальную Ідэю. Людзі чакаюць гэтага ад маладых. Ад таго, наколькі сыстэмна й грунтоўна ўдасца ўзяцца за справу Маладому Фронту, з наколькі чыстымі рукамі, шчырым сэрцам і сьвежай галавой уступяць у вялікую палітыку маладыя, у гэтай краіне на бліжэйшыя гады залежыць шмат што. 

Каб канчаткова давесьці, што за зьява апынулася на хвалі грамадзкіх чаканьняў, удакладнім: Малады Фронт – сапраўды вельмі юны рух зь сярэднім узростам сяброў 15-20 гадоў [9] (прыкладна палова маладафронтаўцаў – непаўналетнія); у асноўнай масе сваёй гэта школьнікі старэйшых клясаў і студэнты; структуратворнымі плынямі яго зьяўляюцца гарадзкія нефармалы, дзеці творчае інтэлігенцыі й дзеячоў адраджэнцкага руху, а ў апошні час таксама – маладзёвыя хрысьціянскія (эвангелічныя, пратэстанцкія, каталіцкія, вуніяцкія) супольнасці. Пераважная большасьць сябраў Маладога Фронту слухае рок, глядзіць НТВ і выбарачна БТ, чытае «Навіны», «Народную Волю», «Беларускую Маладзёжную» і «Нашу Ніву», хоча бачыць сваю арганізацыю «нефармальнай тусоўкай», «клюбам з традыцыямі», «брацтвам і ордэнам», але ніяк не «фірмай» [10], і, што характэрна, сур’ёзна заклапочана выбарам рэлігіі. 

Такім чынам, гэта Малады Фронт. Што ж творыцца ў маладых тылах? Хто тыя хлопцы й дзяўчаты, дзеля якіх працуе Малады Фронт? Што за пакаленьні ідуць на зьмену звыкламу электарату? 

2. Народжаныя да перабудовы 

Сымбалічна, што ўсе сёньняшнія 14-30-ці гадовыя нарадзіліся ў СССР роўна да Перабудовы: з 1970 па 1985 гг. Часовы інтэрвал унікальны: менавіта гэтыя пакаленьні, што станавіліся на ногі й сталелі якраз у перыяд бурных пераменаў, у эпоху ўнутранага разбурэньня Саюза й адкрытага руйнаваньня савецкае сістэмы, сёньня аказваюцца магутнай хваляй падтрымкі рэформаў, незалежнасці Беларусі й Адраджэньня 11]. З аднаго боку, старэйшыя за 30 яшчэ ў значнай ступені настальгічна ўспамінаюць сваё піянэрска-камсамольскае юнацтва [12], зь іншага, у маладзейшых сёньняшніх школьнікаў, з падачы «новых старых» падручнікаў і БПСМ ужо пачынаюць «прасядаць» эўрапейскія й беларускія прыярытэты. Паміж гэтымі двума пагрозьлівымі тэндэнцыямі – паўтарамільённы корпус беларускае моладзі, што масава выступае за рынкавыя ідэі й вольную Беларусь [13]. 

Абарот «да Перабудовы» мае свой ёмісты падтэкст: 14-30-ці гадовыя маладыя нарадзіліся не толькі перад Перабудовай – яны зьявіліся на сьвет для Перабудовы. Падобна на тое, што ідэя рэфармацыі грамадзтва ў гэтых неспакойных і засяроджаных маладых людзей у крыві. 

І насамрэчь, разьвіцьцё пакаленьняў 70-х-пачатку 80-х адбывалася ў няспынным грамадзка-палітычным руху, на маршы гістарычных падзеяў, у хвалюючай, бурлівай і трывожнай плыні пераменаў. Большасць пасьпела пабываць «акцябратамі» й цімураўцамі – праўда, ужо тады пачынала ўпотай глядзець відакі й смактаць замежныя жуйкі; прыблізна палова ўступіла ў піянеры, каб праз год-два, а то й пару месяцаў, з трэскам «выступіць» – бо на партах скрозь пісалі «КП SS », слухалі забаронены рок і пляваць хацелі на дзядулю Леніна; і ужо нямногія засьпелі жывы камсамол – бо ў гэты час большасьць ужо «з гарла» ўпівалася поўнай свабодай. Перад намі, як на экране, усе апошнія 15 гадоў праходзілі пакаленьні 1970-85-х гадоў., у пераўтварэньнях і выпрабаваньнях – і яны пастаянна аказваліся ў цэнтры падзеяў і ў максымумах амплітудаў. 

Гіганцкая постсавецкая прастора, вызваленая ад Імпэрыі зла, станавілася велізарнай духоўнай пусткай. Разгубленая, дэзарыентаваная галавакружнымі пераменамі моладзь ня здолела адназначна выбраць з навалы новага стваральнай ідэі, ня здолела знайсці ў памяшаньні сацыяльна-палітычных і сьветапоглядных стыхіяў ані Бога, ані Беларусі, тым больш што і грамадзтва, і дзяржава справіліся са сваім выбарам яшчэ горш. Савецкая атэістычна-матэр’ялістычная пэрспэктыва блізкага камунізму зьнікла, як дым, а на яе месцы з выбуховай хуткасьцю, літаральна навыперадкі, развіваліся самыя розныя субкультуры, ва ўладзе якіх маладыя знаходзяцца й дагэтуль. 

Па-першае, гэта былі так званыя нефармальныя («альтэрнатыўныя») рухі рокераў, хіпі, панкаў, пацыфістаў, анархістаў і да т.п. У канцы 80-х-пачатку 90-х вядучай сілай альтэрнатывы стаў рок. Масавыя антыкамуністычныя пратэсты паўсюль выражаліся ў форме рокавых канцэртаў. HEAVY METAL рабіўся пахавальным маршам для СССР і гімнам новаму жыцьцю. Характар прынцыповага супрацьстаяньня прынялі сутыкненьні паміж «валасатымі» заходнікамі-нефармаламі й «лысымі» саўкамі-гопнікамі. Пазьней, у сярэдзіне 90-х, пад напорам заходняе поп-культуры рэвалюцыйны, «пратэстны» рок рассыпаўся на свае складовыя (хард-, арт-, трэш-, дэс-, дум-, блюз-рок і г.д.), нараджаючы ўсё новыя разнастайнасьці, – і цяпер аматар клясычных рок-баладаў наўрацьці знойдзе паразуменьне з прыхільнікам «сьмяротна-цяжкага» року. Практычна па ўсёй прасторы былога Саюзу рокавая хваля часоў Перабудовы засталася незабыўнай легендай для моладзі – згадайце хаця б гісторыю фанатаў Віктара Цоя. 

Выключэньнем сталася Беларусь. Магутны рок-рух пачатку 90-х, які скалануў усё постсавецкае маладое грамадзтва й неўзабаве сьцішыўся, у нас ізноў узняўся ў часы рэжыму, на грэбні мітынговых падзеяў-96, 97. Сёньня беларускія рок-музыкі куды больш папулярныя сярод моладзі, чым палітыкі й грамадзкія дзеячы [14]. Новы росквіт легендарных NRM , «Мясцовага Часу», «Новага Неба» й усіх гэтых « Devation », « Z ygimont Vaza », «Зьніч», якія загучалі зусім нядаўна, азначае новы пратэст, паўторнае патрабаваньне маладых: «Пераменаў!» [15]. 

Разам с тым, безаглядная свабода, дадзеная Перабудовай, мела страшны адваротны эфект. Вакуум традыцыяў, спустошанасьць агульнапрынятае маралі й адсутнасць глябальнае сьцвярджальнае ідэі спарадзілі выбух распусты, павальны алькагалізм і разгул наркаманіі. Усе пачварныя зьявы сучаснасьці выйшлі з падпольля і зь ненармальнасьцяў ператварыліся ў норму жыцьця. Субкультура разбэшчанасьці, цынізму й дэградацыі, вэнэрычныя захворваньні й блізкая эпідэмія СНІДу, нездаровая цікавасьць да галюцынагенаў і акультызму паразіла не толькі двары й пад’езды прамысловых ускраінаў, а і добрапрыстойныя спальныя раёны, і «залатую моладзь», і ціхія мястэчкі. Уся постсавецкая (і, у прыватнасці, беларуская) моладзь сталася суцэльнай «групай рызыкі», а пагрозная тэндэнцыя ўжо правальваецца ў 10-12-ці гадовых. 

Па-трэцяе, самыя масштабовыя й арганізаваныя формы сярод моладзі прыняла прадпрымальніцкая дзейнасць. Распачатая ў 80-х фарцой, у 90-х працягнутая чаўночным рухам, сёньня яна змагаецца за сваё існаваньне на кірмашах ды стадыёнах, і ўяўляе сабой вельмі салідарызаваную й досыць структураваную, але замкнёную карпарацыю прыватнага дробнага гандлю, што пад пагрозай дзяржаўнага ўціску паводзіць сябе палітычна стрымана [16]. Зрэшты, пра маладых беларускіх прадпрымальнікаў як патэнцыйны рухавік рэформаў – ніжэй, а зараз – пра навязлівага спадарожніка постсавецкае камерцыялізацыі – крыміналізацыю . Ізноў жа моладзь, шматпакутнае пакаленьне 1970-85-х гадоў, апынулася ў яе эпіцэнтры. Падлеткавыя банды ў дварох і мікрараёнах, перапоўненыя «малалеткамі» ізалятары й калёніі, школьны рэкет і прыблатнёны слэнг на бытавым і афіцыйным узроўні прывялі да глыбокай крыміналізацыі сьвядомасьці ўсяго маладзёвага грамадзтва. Злачыннасьць для моладзі ўжо перастае быць злом і становіцца чарговай – небяспечнай, але крутой – субкультурай са сваёй тэле-кіна-аўдыё-філязофіяй [17]. Постсавецкі (расейскі, украінскі, сярэднеазыяцкі) варыянт «рэформаў», які культывуе ў грамадзтве крымінал, карумпаванасць і алігархію, у Беларусі можа паўтарыцца, і таму найпершай задачай рэфарматараў новага пакаленьня павінная стаць ліквідацыя маладзёвага крымінальнага абвалу – ачышчэньне ня столькі вуліцаў ды прытонаў, колькі падлеткавых і юнацкіх мазгоў. 

Здавалася б, даць фундамэнтальную падтрымку закону, прыстойнасьці й агульначалавечым каштоўнасьцям сярод моладзі ў няпэўныя й трывожныя часы магла б якасная масавая культура. Але рэфлексы рынку на ТВ, радыё і ў шоў-бізнэсе спрацавалі бязьлітасна: пры мінімуме простае й мудрае, жыцьцясьцвярджальнае філязофіі мы атрымалі і з Расеі, і, што асабліва крыўдна, з Захаду масу малазьмястоўнага абыватальскага прадукту, больш падобнага на транзытны сьмецьцепровад, чым на паток «гуманістычнае дапамогі». Хамаватая расейская папса й выбуховыя амэрыканізаваныя actions без намёку на хрысьціянскі кантэкст, зь імпэрскім зарадам замест нацыянальнага прадстаўляюць сабой грувасткі, крыклівы й прэтэнцыёзны мас-культ звышдзяржаваў, перагрузку, згубную для ўдумлівае й высокае ідэі эўрапейскага рэнэсансу ў Беларусі. Вінаваціць што Захад, што Расею ў чарговай беларускай трагедыі бессэнсоўна: нацыянальная (творчая, у першую чаргу) эліта ня здолела надаць адраджэнцкаму зьместу сучасную – яркую, відовішчную, тэхналягічную й ужывальную – форму, за што й атрымала засільле друга- й трэцестатункавага імпарту. Нашай моладзі дасталася яшчэ адна выклікова прымітыўная субкультура – папса. 

Наступная важная маладзёвая зьява пакаленьняў 1970-85-х гадоў – тэхналягічны бум. Рашучы наступ заходняга навукова-тэхнічнага прагрэсу, імклівая кампутарызацыя, якая носіць выразна амалоджаны характар, насычэньне тутэйшага рынку разнастайным аўдыё-відэа-таварам (моладзь – буйнейшы спажывец), нашэсьце патрыманых іншамарак, што патрабуюць хатняга рамонту – усё гэта ператварыла беларускую моладзь у дастаткова кваліфікаваную катэгорыю насельніцтва, што можа з посьпехам замяніць, а то й пераўзысьці старэйшае пакаленьне эпохі «зборачнага цэху СССР». Праўда, у адсутнасьць маштабовых рэформаў і з прычыны калгасна-фабрычнага мэнталітэту дзяржаўнага апарату гэты несумненна высокапатэнцыйны плюс аказаўся замкнёны з палярным мінусам ізаляванасьці ва ўласную субкультуру тэхнароў. 

Адраджэньне нацыянальнае сьвядомасьці, якое ў першай палове 90-х спрабаваў фарсіраваць БНФ разам з С. Шушкевічам, было зьведзена да адміністрацыйнае беларусізацыі й ператварыла беларушчыну … правільна, у чарговую субкультуру. Масавая моладзь, асабліва нефармальная, спачатку «на ура» прыняла мітынговую свабоду й рамантыку нацыянальнае ідэі, але далейшае мэханічнае, бюракратычнае беларусізаваньне паверглі школьнікаў і студэнтаў у доўгатэрміновую дэпрэсію і абыякавасьць. Праўда, было б памылкай і недаацэньваць спробу 1991-94 гг.: сьціплы каўток беларушчыны спарадзіў хай сабе й нешматлікую статыстычна, але актыўную пляяду адраджэнцкае моладзі – прынамсі, гэта яна, структураваная ў сярэдзіне 90-х, здолела арганізацыйна трансфармаваць вулічную маладзёвую хвалю-96 у Малады Фронт. Як бы там не было – стан рэчаў такі, што нацыянальная культура сёньня нізьведеная да ўзроўню тыповае маладзёвае субкультуры – і, нажаль, нават не самае ўплывовае. 

Нарэшце, найважнейшым (хаця й не настолькі заўважным) вынікам Вялікае Маладзёвае Перабудовы 1985-99 гг. сталася хрысьціянізацыя , фармаваньне асноватворнае ідэалягічнае, ці, лепш сказаць, ідэалістычнае базы любога эўрапейскага духоўнага й цывілізаванага грамадзтва. Менавіта ўздым традыцыйных і эвангелічных хрысьціянскіх плыняў пры іх суіснаваньні на тэрыторыі спрадвеку талерантнае й поліканфэсыйнае Беларусі, найшырэйшы распаўсюд біблейскае маралі дае нам падмурак грамадзкага й культурнага Адраджэньня, у якім сакрэт посьпеху ўсходнеэўрапейскіх дэмакратыяў, неабходная ўмова прыстойнасьці й чысьціні палітычных і эканамічных рэформаў. На сёньняшні дзень каталіцкія, пратэстанцкія й нэа-эвангелічныя супольнасьці ўжо дабіліся ў маладзёвых асяродзьдзях уражлівых посьпехаў – як прыклады, прывядзём фэнамэнальную дэпутацкую «перамогу» зусім юнага Паўла Знаўца (адзіны «незалежнік», абраны ў першым туры выбараў дэпутатаў Вярхоўнага Савету ў 1995 г. ды яшчэ ў глухое правінцыі), шырокую папулярнасьць баптысцкага часопіса «Крыніца жыцьця» і поўныя моладзі залі палацаў культуры «Сукно» і трактарнага завода на пропаведзях Саюзу Цэркваў Поўнага Эвангельля. Значэньне й пэрспэктывы хрысьціянства заслугоўваюць асобнага разглядуу, таму тут мы спынімся на канстатацыі несуцяшальнага status quo : у цяперашнім балоце постсавецкіх сацыяльных субстанцыяў, у асяродзьдзі агрэсіўнага «праваслаўнага атэізму» [18] (які больш дыскрэдытуе, чым прыгнятае), для хрысьціянскіх супольнасьцяў адведзеная роля гэткіх жа субкультурных плыняў, як, скажам, нефармальнае ці прадпрымальніцкае. 

Такім чынам, робіцца зразумелым, што ў беларускім стратэгічным ідэалягічным і духоўным вакуўме пры каляніяльна-аўтарытарным рэжыме моладзь, народжаная да Перабудовы, легендарная моладзь рэформаў, якой зь нецярпеньнем чакала ўсё грамадзтва, фармуе зусім не грамадзкую супольнасьць [19], а дрыгвяністую сукупнасьць субкультураў, прычым найбольш прагрэсыўныя й здаровыя зь іх («прадпрымальніцкая», «беларуская», «хрысьціянская») імкнуцца да замкнёнасьці й абстрагаваньня, а найгоршыя (крымінальная, нарка-алькагалічная, прымітыўна-папсовая) – да агрэсыўнага пашырэньня й дамінаваньня. 

Бяда ў тым, што ані само грамадзтва, ані апазыцыя не хочуць запаўняць гэты вакуўм стваральнай, эўрапейскай, хрысьціянскай ідэяй у беларускае фармулёўцы – і супрацьстаяць сусьветнаму злу. Яны не гатовы да гэтага ані арганізацыйна, ані тэхналягічна, ані маральна, і спрабуюць выкарыстаць схемы й канструкцыі тыпу «дэмакратыя», «рынкавыя рэформы», «адкрытае грамадзтва» у адрыве ад «сыстэмы каардынатаў» – нацыянальнае ідэі й духоўнае рэфармацыі. І зусім ужо гробіць надзеі моладзі дзяржаўная палітыка. 

3. Моладзь на балоце 

Сёньняшні аўтарытарны застой самым згубным чынам узьдзейнічае на беларускую моладзь. Менавіта гэтая сацыяльная катэгорыя нароўні з пэнсыянерамі й жанчынамі застаецца пастаяннай мішэньню недалёкае афіцыёзнае прапаганды, але страшныя зусім ня кволыя ўрадавыя тэлерадыёпотугі. Пужаючым выглядае самое стаўленьне дзяржапарату да заўтрашняга дня, сындром часовае намэнклятуры, улады без будучыні, для якой паняцьце «пэрспэктыва» абмяжоўваецца відамі на ўраджай. « Без будучыні» – маладыя падсьвядома, з паўслова, разумеюць небясьпеку і для краіны, і для сябе саміх. У выніку моладзь не давярае дзяржаве, пазьбягае дзяржавы й стараецца абысьціся без такое дзяржавы [20]. 

Самыя высокія, чыстыя, энэргічныя памкненьні юнацтва прыгнечаныя сёньняшнім рэжымам; самым непатрэбным, упадніцкім, паразытычным тэндэнцыям цяперашняя дзяржава наўпрост спрыяе. Маладзёвае балота парастае трын-травой – а што яшчэ трэба аўтарытарнаму рэваншызму, зробленаму ў СССР? Дзяржава, якая выракаецца свайго дастойнага мінулага й бліскучае будучыні, бездапаможная супраць наркатычнае пандэміі й крыміналу, дзяржава, якая спойвае падлеткаў і тлуміць іх галовы чужой папсой – можа разлічваць на адпаведную ўзаемнасьць, калі тыя ж хлопчыкі й дзяўчаткі безь ценю сораму дзяржаву абкрадаюць і абкладаюць мацюкамі. 

Зрэшты, ці ня большая адказнасьць за катастрофу моладзі ляжыць на нашым грамадзтве , яўна другасным і бездухоўным. Паводле словаў вядомага палітыка й прафэсыйнага эколяга В. Сіўчыка, беларускае грамадзтва ўвогуле вельмі нагадвае апатычнае балота, дзе натуральные працэсы самі сабою ідуць, але дужа запаволена, і любая зьменлівасьць на вачох глухне. Такое параўнаньне, прынамсі, у дачыненьні да цяперашняга стану беларускае моладзі, выглядае досыць вобразным і дарэчным. Дзевяць з дзесяці маладых пагружаныя ўва ўласныя субкультуры й заклапочаныя толькі тым, каб зрабіць іх самадастатковымі. Нажаль, гэтая паўзучая тэндэнцыя яўная і ў прадпрымальнікаў, і сярод большасці «нацыяналаў» і, што самае сумнае, ува многіх хрысьціянскіх супольнасьцях. 

Ну, а з тым, каб утвораныя памяшаньнем цывілізацыяў маладзёвыя субкультуры не выходзілі з-пад кантролю, каб глушыць жывую, прадукцыйную ініцыятыву й не дапускаць узроставага фронту пераменаў, рэжыму дастаткова двух агульнабеларускіх структураў – ценевай, памяркоўна-намэнклятурнай (БСМ) і дэманстратыўнай, манапольна-аўтарытарнай (БПСМ). Назваць іх арганізацыямі моладзі не павернецца язык – бо і БСМ, і пазьнейшая трафарэтная абрэвіятура з «П» пасьля «Б» будаваліся менавіта як функцыянальныя паверхі для абслугоўваньня калідорнае ўлады. 

Кебічаўскі БСМ, сяк-так згрэбены ў кучы пасьля абвалу ЛКСМБ, прызначаўся для працягу роду кіруючае наменклятуры й ашчаджэньня камсамольскіх кадраў у нетрах партыйнае маёмасьці. Беларускі Саюз Моладзі спрабаваў быў паўтарыць масавы посьпех колішняга Саюзу Беларускае Моладзі пэрыяду ІІ сусьветнай вайны, але калі ў тадышняй абрэвіятуры СБМ цэнтральным паняцьцем было «Беларускі», то ў сёньнішняй – «саюз», зразумела які, і таму ніякіх сур’ёзных паказьнікаў, апроч унушальных габарытаў, БСМу дасягнуць не ўдалося. Самымі значнымі справамі саюзнага дыназаўра сталі арганізацыя якіхсьці летнікаў на колькі дзесяткаў пэрсонаў, пераважна з былога СССР, і ўцягваньне разам з сабою на дно аднае з найпапулярнейшых калісьці БССРаўскіх газэтаў «Чырвоная зьмена». Такім чынам, ані інкубатара, ані прыстойнае стайні для моладзі з БСМ ня выйшла, атрымалася «як заўжды», і ўжо ўвесну 1996 г. новая каманда ППРБ, напалоханая маладзёвай мітынговай хваляй, была вымушаная раскручваць уласную, больш агрэсыўную й маштабовую структуру ў супрацьвагу незалежніцкае вуліцы. БСМ, які ўсе спачатку ўяўлялі ў ролі формаўтваральнае матрыцы для БПСМ, куды трэба ўставіць толькі адную літарку (П-рэзыдэнцкі?), нечакана аказаўся патрэбны наменклятуры ў самастойным выглядзе, але апынуўся адсунутым у цень новасьпечаным 100-тысячным монстрам. Далейшая гаворка аб іх узаемаадносінах – гэта ўжо зусім не пра моладзь, а пра кляны, якія змагаюцца вакол А. Лукашэнкі. 

Праект «БПСМ» стаўся не сказаць каб больш пасьпяховым, але, ва ўсялякім разе, на парадак маштабнейшым. Створаны аўральнай мабілізацыяй ўсяго постсавецкага адміністрацыйнага апарату й закачкаю грандыёзных грошай усяго за некалькі месяцаў, ён прымусіў успомніць і гісторыю татальнае калектывізацыі, і размах гіганцкіх савецкіх будоўляў, і абсурднасьць пераводу паўночных рэк у пустыню. БПСМ заняўся не столькі прапагандай пазыцыяў прэзыдэнта (сярод сёньнішняй моладзі гэтая справа заведама беспэрспэктыўная), колькі спробамі накіраваць энэргію маладзёвага рэфарматарскага энтузыязму ў рэчышча бясплатных дыскатэкаў, масавых турпаходаў і рытуальнага ўлагоджваньня асноўнага электарату А. Лукашэнкі – пэнсыянераў. Прычым калі той жа БСМ хаця б прыкрываўся фігавым лісьцікам беларушчыны (назвы праграмаў, дэклярацыі й сякое-такое краязнаўства [21]), то яго бравыя пераемнікі разумелі свой «патрыятызм» зусім гола й абстрактна: ваенна-патрыятычныя атрады, «Зарніцы», нашэсьці ў лясы на ўік-энд і поўны разгул нізкапробнае расейскае папсы ў якасьці «духоўна-маральнага» [22] напаўненьня непрыемна ўразілі нават мясцовае чынавенства. БПСМ увабраў у сябе безыдэйную масу з сумнеўнымі матывацыямі, за што адразу ж атрымаў устойлівых супраціўнікаў у асобе мясцовае нефармальнае моладзі, грэблівае маўчаньне большасьці настаўнікаў і апазыцыю значнае часткі тутэйшае наменклятуры. 

Асноўная шкоднасьць Беларускага «патрыятычнага» Саюзу Моладзі ў тым, што ён на ўсёй беларускай прасторы яшчэ глыбей пагружае моладзь у страшныя сны Савецкага Саюзу, у антыдухоўны й цынічны застой, у апатыю й абыякавасьць сапраўднага паразытызму. Яго дэвіз – не кансэрватызм, а кансэрвацыя, і ў нашым балоце ён уяўляе сабою структуру гніеньня, а зусім не «супраціўны лягер»: сярод бэпээсэмаўцаў звычайная прыхільнасць да С. Шушкевіча, АГП і нават З. Пазьняка, і абсалютна спажывецкае стаўленьне да рэжыму. Таму працэс ператварэньня БПСМу ў маладзёвую адміністрацыю любое школы, унівэрсітэту й прадпрыемства, калі ён асёдлывае ўсе гэтыя разрозныя прафсаюзы, студсаветы, жылканторы, сьціжмы дырэктарскіх шаптуноў і месцы негалосных наглядчыкаў, працэс выбіральнага рэкрутаваньня маладых у наменклятурныя шэрагі й вярбоўкі ў «ворганы» – гэта не столькі спосаб разьдзяленьня моладзі з мэтай яе далейшага сутыкненьня, як прынята думаць, колькі чарговы мэтад адвольнага й нуднага разлажэньня. 

Відавочна, што пры адключэньні і БСМ, і БПСМ ад урадавых акумулятараў (Дзяржкамітэта па справах моладзі й «вэртыкалі» адпаведна) абедзьве структуры развальваюцца яшчэ хутчэй, чым камсамол-91. Але мы б параілі не захапляцца падобнай пэрспэктывай. Па-першае, з тае прычыны, што на пэрыфэрыі (асабліва ў Заходняе Беларусі) тыя ж саюзы зьяўляюцца адзінай магчымасьцю для мясцовых хлопцаў і дзяўчатаў хоць неяк самарэалізавацца: грамадзкія інстытуцыі тут ледзьве варушацца, і масава ўзняць 

моладзь за рэформы, за Беларусь, узвысіць яе да духоўнага Адраджэньня безь дзяржавы немагчыма. Дзейсную, сьвежую й яшчэ не ператвораную ў «малую намэнклятуру» вясковую, местачковую й райцэнтраўскую моладзь куды прасьцей будзе напаўняць зьместам ужо ў існуючых арганізацыйных рамках, чым разганяць і зьбіраць зноўку адных і тых жа актывістаў. Па-другое, і гэта нашае цьвёрдае перакананьне – Беларусі ў бліжэйшы час не абысьціся без усебеларускае масавае дзяржаўнае маладзёвае сыстэмы. 

Таму інфраструктура БПСМ з наборам апалітычных спецыялістаў будзе вельмі дарэчы для рэфарматараў. Калі мы не хочам паўтарыць яшчэ раз правалу 1991-93 гг., пакінуўшы моладзь на яе балоце ўбаку ад пераўтварэньняў; калі нам надакучыла пастаянна хапацца за вырошчваньне зь ясьляў і прабірак юных эўрапейцаў, і потым кідаць гэтую справу на паўдарозе; калі мы не жадаем здрадзіць ужо стомленым ад доўгага чаканьня нашым пакаленьням 14-30-ці гадовых – мы будзем проста абавязаныя празь дзяржаўную ўладу, адукацыю й агітацыю разгарнуць масавы маладзёвы рух за: за перамены, за Беларусь і Эўропу, за Адраджэньне. Маладыя, народжаныя да Перабудовы, сёньня гатовыя стаць калі не рухавіком, дык магутным махавіком глябальных эканамічных, палітычных і духоўных рэформаў. 

4. Вобраз Беларусі 

Патэнцыйныя сілы, стоеныя ў масе моладзі 14-30-ці гадоў, сапраўды сувымерныя з патэнцыялам усяго грамадзтва. У першую чаргу гэта тычыцца калясальнага зараду рэфарматарскае энэргіі, сьвежага дось еду, якасна новага, сучаснага вобразу мысьленьня й найвышэйшага палёту ідэяў. 

Калі даводзіцца чытаць эканамічныя, сацыяльныя й культуровыя праграмы галоўных палітычных партыяў, статуты вядучых грамадзкіх рухаў Беларусі, скрозь грувасткія фармулёўкі й расплывісты дэкляратызм праглядвае іх недалёкі характар. Дзеячы й функцыянэры старэйшага пакаленьня лічаць самым удалым і пафасным завяршальным акордам, апафеозам праграмнае футуралёгіі выразы кшталту «дзяржава, дзе строга захоўваюцца правы чалавека», «плюралістычнае й дэмакратычнае грамадзтва» й «заможная эўрапейская Беларусь». Далей дактрынальныя позіркі стратэгаў і не асьмельваюцца сягаць. Між тым досьвед Прыбалтыкі, Паўднёва-Усходняе Азыі й Усходняе Эўропы сьведчыць, што такія кандыцыі сацыяльна-палітычнага й эканамічнага разьвіцьця могуць быць атрыманыя цягам 10-15 гадоў, што ў геапалітыцы прынята абазначаць паняцьцем «сярэднетэрміновая пэрспэктыва». То бок, сярэдненькія мэты. Насамрэч, каб мець ясную арыентацыю й сыстэмнае ўяўленьне, беларуская моладзь патрабуе вялікіх, плянэтарных, агульначалавечых мэтаў, дастойных Нацыянальнае Ідэі. Гэта куды больш сур’ёзныя праекты, чым імпэрскія тэрытарыяльныя мроі ці гіганцкі вал унутранага прадукту. 

Пару гадоў таму, калі я быў узброены адно адраджэнцкай рыторыкай канца 80-х, мяне вельмі ўразіў знаёмы апалітычны раўналетак-кампутароўшчык. У спрэчцы пра сэнс жыцьця на ўсе мае выкладкі пра «пачуцьцё самасьвядомасьці» й «краіну, ня горш за Чэхію» ён проста сказаў: «А я хачу, каб Менск стаў інфармацыйнай сталіцай усяго сьвету». І давёў мне, што гэта зусім не фантастыка. 

Вядома, пакуль не ў праектах і справах, але ужо ў падсьвядомых позвах і віртуаліях беларуская моладзь, куды сьмялейшая за тэарэтыкаў апазыцыі, тоіць у сабе гэтыя вобразы Беларусі, магутныя й бліскучыя прывіды будучае велічы. Сярод маладзёвае эліты, асабліва беларускамоўнай, яны ўсё часьцей у колерах і фарбах, а ў асноўнае масе ад 14 да 30-ці – цьмяныя й невыразныя, але настолькі ж грандыёзныя. Больш за тое, многія маладыя здагадваюцца, што менавіта іх пакаленьням пад сілу ўвасобіць гэтыя мары ў жыцьцё. Масавага, праграмнага распаўсюду й лёзунгавае легенды гэтыя вобразныя аграмады пакуль не набылі зь некалькіх прычынаў – гэта і неўсьведамленьне глябальнае сыстэмы каардынатаў, адсутнасьць грамадзкае ці хаця б дзяржаўнае стабільнае пэрспэктывы, і асабістая дэзарыентаванасьць у свабоднай, амаль касьмічнай бязважкасьці кактэйлю ідэалёгіяў [23]. 

Між тым, як толькі крытычная маса нашае маладзёвае эліты й пакаленьняў Перабудовы ў цэлым дасьпее да вырашальнага выбару паміж Эўраантлянтычнай і Расейска-Азыяцкай цывілізацыямі, паміж сусьветнай свабодай дэмакратыі й правінцыяльнай аўтарытарнай дэспатыяй, паміж вечнымі ісьцінамі й пастаянна зьменлівай сумятнёй, паміж любоўю й нянавісьцю, дабром і злом, Богам і д’яблам, у рэшце рэшт – панарама будучае Беларусі паўстане з размахам і сілаю самых вялікіх сучасных геапалітычных плянаў. 

Беларуская моладзь хоча бачыць Беларусь стратэгічным эканамічным, палітычным і культуровым мостам паміж Захадам і Расеяй – а не бастыёнам заходняе цывілізацыі на дзікім барбарскім Усходзе (падобныя опусы ў духу халоднае вайны ніколі не выклікалі энтузыязму), і ужо тым больш не памежнай правінцыйнай ускраінай Расейскай імпэрыі, Паўночна-Заходнім краем ракетных шахтаў, паветрана-дэсантных дывізыяў і станцыяў сачэньня за падлодкамі (гэта ўвогуле глупства, хаця й зьяўляецца сёньня сутнасьцю афіцыйнай палітыкі т. зв. «Саюзу»). Гіганцкі мост – транзытны, інфармацыйны й сэрвісны, але ніяк не буфер, дае нам унікальны шанц і нацыянальнае самастойнасьці, і абаетнае інтэграванасьці, і нэўтральнасьці, і дружалюбнае адкрытасьці на Усход і Захад з фармаваньнем восі свае культуровае й тэхналягічнае экспансыі. У сваю чаргу, любы з супраціўных варыянтаў блякуе й вынішчае гэтыя стратэгічныя перавагі ці па адной, ці разам усе. 

Беларуская моладзь хоча бачыць Беларусь інфармацыйным, тэхналягічным і фінансавым цэнтрам сусьветнага ўзроўню, такім як Бэнілюкс, Сынгапур ці штат Каліфорнія ў ЗША. Для гэтага ў краіны ёсць велізарны патэнцыял: геапалітычны, прыродна-рэсурсавы, працоўны й інтэлектуальны. Беларусь мае выдатныя эканоміка-геаграфічнае становішча, блізкую да аптымальнай канфігурацыю інфраструктуры, зьяўляецца самым пэрспэктыўным пляцдармам для заваёвы расейскага рынку й ключавым зьвяном у Балта-Чарнаморскае сыстэме. Беларусь валодае масай кваліфікаванага насельніцтва, буйнейшым корпусам дасьведчаных спецыялістаў і ўжо згаданай маладзёвай карпарацыяй «тэхнароў» – што дазваляе разгортваць навукаёмістыя й працаёмістыя вытворчасьці замест цяжкіх энэрга- й мэталаёмістых, найшырэйшую й сучасную сфэру абслугоўваньня. Увогуле, моладзь выдатна разумее, што сёньня яе дзяржава не павінная будаваць сваю эканоміку, зыходзячы з аграрных ці індустрыяльных прыярытэтаў. Куды больш праўдападобная будучыня Беларусі як краіны высокаякаснае тэхналягічнае зборкі й гасьціннага сэрвісу, навуковага, інфармацыйнага й культуровага прадукту, банкаў і гатэляў, транзытнага комплексу (аўтазапраўкі, матэлі, майстэрні, хуткае харчаваньне, гандлёвыя й выстаўныя цэнтры), разьвітага спорту й турызму, прафесыйна арганізаванае сферы адпачынку. Акумуляцыя фінансавых рэсурсаў на тэрыторыі падкрэсьлена нэўтральнае Беларусі дае магчымасць арганізацыі свабодных эканамічных зонаў і тэхнапаркаў . Банкаўскія паслугі й кампутаровыя тэхналёгіі, інфармацыйныя тавары і побытовая тэхніка, найноўшыя прэпараты й навуковыя сэнсацыі made in Belarus у мроях беларускае моладзі сур’ёзна азадачваюць і Штаты, і Нямеччыну, і Японію. Такім чынам, ключавое геапалітычнае разьмяшчэньне, кампактная й арганізаваная тэрыторыя, адукаванае й працавітае насельніцтва дазваляюць разьлічваць на сапраўдны беларускі эканамічны цуд [24]. 

Праграма рэформаў павінная распачынацца грандыёзнай рэклямай. Неабходна запаланіць шырокі тэлеэфір, пераключыць на агітацыйную хвалю радыёстанцыі, узняць прэсу, шоў-бізнес, плошчы, унівэрсытэты й нават спартовыя залі на эфэктную прапаганду. Трэба на ўзроўні масавае сьвядомасьці абудзіць у народа нясьцерпнае чаканьне рэформаў. Прагу рэформаў! Радасць рэформаў! Трэба зразумець, што рэфарматарская сіла ўсяго грамадзтва, патэнцыял нацыі на парадак вышэй за магчымасьці любога казённага бюджэту ці мільярдных замежных крэдытаў, а этузыязм насельніцтва, ахопленага павальнай ліхаманкай зьменаў – анэстэзыя, якая абязбольвае і шокавую тэрапію, і радыкальна непапулярныя меры. Увогуле, перш чым зрабіць крок наперад, трэба настолькі разрэклямаваць яго, настолькі ашчасьлівіць грамадзянаў гэтым фактам, каб яны ўспрымалі яго як асабісты посьпех. 

Інструмэнтарый такіх рэформаў агульнапрыняты: зьніжэньне падаткаў і абмежавань- 

не іх спэктру да ліку самых зьбіральных, перамовы аб прадастаўленьні заходніх інвэстыцыяў і крэдытаў на структурную перабудову прамысловасьці з матар’яла- й энэргаёмістае ў праца- й навукаёмістую, манэтарысцкая барацьба зь інфляцыяй, увядзеньне талеру й народная прыватызацыя ад дробнага да буйнога, перавод сельскае гаспадаркі на таварную спэцыялізацыю фэрмэрскага тыпу, разгортваньне транзытнае індустрыі, ператварэньне войска ў прафэсыйную нацыянальную гвардыю, а міліцыі – у мабільную й прэстыжную паліцыю. Вобразы рэформаў – Беларускі эканамічны Цуд, Беларускі будаўнічы Бум, Беларускі інфармацыйны Выбух і Беларускі тэхналягічны Ўздым. 

Няма сумневу ў тым, што маладыя гатовыя стаць галоўнай рухавай сілай эканамічных рэформаў. Вялізнай іх форай перад астатнімі ёсць ужо сам досьвед – капітальны досьвед моладзі, якая за 15 гадоў перажыла (менавіта перажыла, а не абыякава перанесла, як пэнсыянеры) цэлыя сэрыі пераменаў і рэваншаў, якая й сфармавалася, назіраючы й аналізуючы ўсе посьпехі й няўдачы, і ў якой на вачох нарадзіліся яркія прыклады суседзяў. 

Ударнай групай рэформаў могуць выступіць у першую чаргу найбольш празаходнія й салідарызаваныя, сьведама рынкавыя й эканамічна актыўныя катэгорыі маладых прадпрымальнікаў і «тэхнароў» (кампутароўшчыкаў, аўтамабілістаў, аўдыё- й відэааматараў). Асабліва ўражліва выглядаюць патэнцыйныя магчымасьці моладзі ў масавым прыватным бізнэсе [25]. Напрыклад, у апытаньні НІСЭПД радок «удзельнічаў і буду ўдзельнічаць у прадпрымальніцтве» мае 21.6% прыхільнікаў сярод рэспандэнтаў да 30-ці гадоў супраць 12.9% у астатніх; «ня ўдзельнічаў, але хацеў бы ўдзельнічаць» – 49.3% супраць 30.7% адпаведна. То бок, больш за 70% моладзі ужо падрыхтавана да ўдзелу ў разгортваньні эканамічных ініцыятываў. 

Напэўна, будзе слушна лічыць экранам пераўтварэньняў менавіта эканамічныя рэформы – але зводзіць сэнс пераменаў да ўсталяваньня ў краіне рынку й разьвітае грамадзянскае супольнасьці з арыентацыяй на Захад было б зусім неабачліва. Да чаго вядзе такая безаглядная стратэгія, прадэманстравалі нам і Расея, і Украіна, і тая ж Малдова – імклівая крыміналізацыя, карупцыя й расслаеньне грамадзтва пусьцілі прахам усе лібертарыянскія чаканьні й давялі дзе да левага, а дзе да вайскова-гэбісцкага рэваншу. Таму, на наш погляд, будзе неабходна ў працэсе рэфармаваньня, з аднаго боку, ствараць аптымальныя заканадаўчыя ўмовы спрыяньня прадпрымальніцкае актыўнасьці, інвэстыцыям, прыкладной і фундамэнтальнай навуцы, разьвіцьцю тэхналёгіяў, з адзінай цьвёрдай пазыцыяй – «нацыянальныя інтарэсы» – і ў той жа час (паралельна!) максымізаваць дзяржаўныя й грамадзкія высілкі, накіраваныя на падтрымку адукацыі й асьветы, прапаганды здаровага ладу жыцьця й духоўнага разьвіцьця, на пашырэньне Нацыянальнае Ідэі па ўсёй гіерархіі ўзроўняў, ад муніцыпальнага да зьнешнепалітычнага. Іншымі словамі, за рэформай эканомікі мусіць стаяць куды больш глыбокая й унушальная Рэфармацыя духу. 

Ня мае сэнсу спрачацца, што тут першасна й што другасна, што спачатку й што потым. Палітыка-эканамічныя рэформы й духоўнае Адраджэньне павінныя наступаць адзіным магутным кансалідаваным фронтам – і гэтым фронтам гатовая стаць моладзь, народжаная да Перабудовы. 

Беларускай моладзі яе Менск патрэбны як сталіца Балта-Чарнаморскага Міжмор’я, як горад, гатовы стаць на адзін дзень сталіцай усяго сьвету, падобна Вэне, Жэневе ці Хэльсынкі, а т. зв. «абласныя цэнтры» – сузор’ем ружы вятроў, брамамі-фарпостамі на стратэгічных кірунках цывілізацыяў Поўначы й Поўдня, Захаду й Усходу. 

Беларуская моладзь уяўляе сваю краіну імпэрыяй культуры, аналітычным і сынтэзавым фокусам на скрыжаваньні глябальных культурных арэалаў. У полікультурным «Народным Альбоме», сусьветнай літаратуры «Архэ» й інтэлектуальных шоў «Маладога Адраджэньня», у папулярнасьці ўнівэрсальнае «лацінкі» й эўрапеізаванае «тарашкевіцы» сярод беларускамоўнае моладзі праглядваюць лепшыя абрысы гэтае ўражлівае імпэрыі – ад Масквы да Варшавы, ад Вільні да Кіева. Няма нічога фантастычнага ў тым, каб яшчэ пры нашым жыцьці культурныя ўплывы Беларусі сягнулі на паў-сьвету, на ўзор уплываў Францыі ці Ірляндыі. Беларуская моладзь хоча пазбаўляцца комплексаў «другога гатунку» й «трэцяе лігі», хоча ўдзельнічаць у плянэтарных гуманітарных і навуковых працэсах, у вырашэньні задачаў усяго чалавецтва. 

Нарэшце, для зьдзяйсьненьня рэформаў беларускай моладзі жыцьцёва неабходнае самае галоўнае: моцнае духоўнае апірышча, сьветапоглядная сыстэма каардынатаў. Пакаленьні 14-30-ці гадовых, якія расталіся з атэізмам, ленінізмам і марсысцкім матар’ялізмам, у сваіх субкультурах і філязофскіх арыентацыях інстыктыўна шукаюць веры – веры ў сябе, у сваю будучыню, у Беларусь, веры ў Бога. Моладзь яшчэ толькі намацвае ключавую сувязь між крышталёва-чыстай ідэалёгіяй нацыянальнага Адраджэньня, якая ў беларускім варыянце зусім не ксэнафобская ці агрэсыўная, а культуровая й асьветніцкая, і ідэяй Адраджэньня духоўнага, ідэяй хрысьціянства. Парадыгма гэтага спалучэньня, гэты духоўны імпэратыў лепей за ўсё ўяўляецца ў формуле «БЕЛАРУСКАЯ ФОРМА – ХРЫСЬЦІЯНСКІ ЗЬМЕСТ». Беларуская мова, беларуская культура, беларускія тэмы й вобразы, беларускае месца й наш, беларускі час – і хрысціянская сутнасьць, якая іх напаўнае. Гэтае скрыжаваньне, крыж нацыянальнае ідэі й хрысьціянства, беларускага й Божага, і ёсць сьветапоглядным прыцэлам у будучыню, той фундамэнтальнай каардынатнай сыстэмай, якой патрабуюць разгубленыя, разбураныя й спустошаныя маладыя душы. 

У дачыненьні да Беларусі гэтая формула мае ўвогуле ўнікальную матывацыю. Бел-чырван-белы сьцяг, вядомы яшчэ з часоў Вітаўта – гэта «сьцяг Хрыста» (белае палатно з крывёю ўкрыжаванага й уваскрослага Хрыста); неафіцыйным гімнам незалежнае Беларусі зьяўляецца сьпеўная малітва «Магутны Божа», а знакаміты талерантны, усеадаравальны й цярплівы мэнталітэт беларусаў – ці ж не наканаваньне нам гэта [26]? 

Уся гісторыя заходняе цывілізацыі, гэтага бясспрэчнага арыентыру для беларускае моладзі й грамадзтва, цывілізацыі апошніх 2 тысячаў гадоў – гэта разьвіцьцё, пераламленьне й удасканальваньне хрысьціянскае ідэі ў розных яе формах; дастаткова згадаць, ад чыяго нараджэньня мы адлічваем 1999 год. Традыцыйныя цэрквы спарадзілі палітычны кансэрватызм, пратэстанцтва сьцьвердзіла эканамічны лібэралізм, ды й карані сацыял-дэмакратыі разам з ідэяй сацыяльнае справядлівасьці – у нетрах раньняга хрысьціянства. Прымаць толькі вяршкі заходняе грамадзкае, палітычнае й эканамічнае культуры і не заўважаць яе генэзысу, не пераймаць самое базы, саміх прынцыпаў разьвіцьця краінаў «залатога мільярду» – азначае асуждаць сябе на страшную бездань пад нагамі, на сьведамы правал. 

Прагнозы геапалітыкаў сыходзяцца: у варунках нацыяналізму й рэлігіяў, ці, прасьцей, патрыятызму й веры, будуць вырашацца асноўныя праблемы й канфлікты будучага, ХХІ стагодзьдзя. Таму моладзь, якой у наступным тысячагодзьдзі жыць, мае проста асноватворную патрэбу ў канцэптуальным, на ўзроўні Нацыянальнае Ідэі, спалучэньні беларускае формы з хрысьціянскім зьместам. 

«Пакуль ува Ўсходняе Беларусі ня будзе праведзеная эвангелізацыя, няма чаго й думаць пра беларускае адраджэньне, перамогу дэмакратыі й астатнія цудоўныя рэчы» – вось вам словы аднаго з самых сур’ёзных экспэртаў у галіне маладзёвага грамадзкага сэктару [27]. 

Зрэшты, нам здаецца, што не толькі шырокая эвангелізацыя, але і падтрымка традыцыйных (каталіцтва, праваслаўя, вуніяцтва) канфесыяў, і хрысьціянізацыя сучаснае грамадзкае этыкі й маралі, і, што асабліва важна, масавае культуры, і вызначэньне дзяржаўных прыярытэтаў у справе адукацыі павінныя фармаваць падмурак усіх астатніх пераўтварэньняў, ісьці на зьмену сыстэме савецкага марксызму і ў той жа час не дапускаць сюды культу гвалту, распусты й заняпаду як з Захаду, так і з Расеі. Посьпех хрысьціянству ў Беларусі здольная даць менавіта поліканфесыйнасьць і мірнае ўзаемадапаўняльнае (калі заўгодна – канкурэнтнае) суіснаваньне. Вырашальны эфэкт, які пад сілу толькі хрысьціянскае ідэі, толькі Богу ў душы для кожнага – гэта аб’яднаньне беларускага народу ў нацыю. Гэта вобраз заўтрашняе Беларусі. 

А пакуль Беларусь у маладосьці. Пакуль ёсьць мроі й маладыя сілы, ёсьць сумненьні, праблемы й грахі, якія неабходна пераадолець. Не стае аднаго – веры. У Бога, у краіну, і ў саміх сябе. 

Опубликовано в: «Молодежь и гражданское общество: белорусский вариант». Под ред. проф. Олега Манаева. Минск, Изд-во В. М. Скакун, 1999. 

[1] Гэты маладзёвы ўздым, уласна кажучы, і даў штуршок для зьяўлення дасьледчага праекту НІСЭПД 

[2] Штаб-кватэра БНФ у Менску 

[3] В. Севераў «Хаба-хаба». – «Навіны», 14 чэрвеня 1999 г. 

[4] Там жа 

[5] А. Старыкевіч «Воля і вера». – «Навіны», 25 верасьня 1998 г. 

[6] А. Шыдлоўскі «Маладзёжны радыкалізм». – «Навіны», 19 красавіка 1999 г. 

[7] « Другое дыханьне Фронту» – прынята Цэнтральнай Радай Маладога Фронту 4 ліпеня 1999 г. 

[8] Стэнаграма VI зьезду БНФ 

[9] Вынікі анкетаваньня навічкоў Маладога Фронту – лістапад 1998 г.-люты 1999 г. 

[10] Там жа 

[11] « Некоторые результаты национального опроса НИСЭПИ в марте 1999 г.» – «Новости НИСЭПИ», №5(11), 1999 г. 

[12] Там жа 

[13] Там жа 

[14] Н.Ефимова «Молодежь-99: эскиз на газетной странице». – «Новости НИСЭПИ», №2(12), 1999 г. 

[15] Знакамітая песьня В. Цоя 

[16] « Некоторые результаты опроса делегатов ІХ с ъ езда Белорусского союза предпринимателей и арендаторов». – «Новости НИСЭПИ», №2(12), 1999 г. 

[17] Фільмы К. Тарантына, блатныя песьні і г.д. 

[18] Выраз А. Лукашэнкі 

[19] Глядзі назву праекта НІСЭПД: «Роль молодежи в формировании гражданского об щ ества в Беларуси» 

[20] « Некоторые результаты национального опроса НИСЭПИ в марте 1999 г.» – «Новости НИСЭПИ», №5(11), 1999 г. 

[21] Г. Дракохруст «Молодежные политические организации Беларуси». – У кн. «НИСЭПИ. Роль молодежи в формировании гражданского об щ ества в Беларуси», аналитические доклады, сборник №2, Мн., 1999 г. 

[22] Там жа 

[23] «Некоторые результаты национального опроса НИСЭПИ в марте 1999 г.» – «Новости НИСЭПИ», №5(11), 1999 г. 

[24] Больш падрабязна на гэтыя тэмы гл.: А. Янукевіч, П. Севярынец «Беларуская эканамічная ідэя». – «Народная Воля», 16 сьнежня 1998 г.; А. Чарняеў «Час інфармацыйнай індустрыі». – Матар’ялы ІІ Сойму Маладога Фронту, 7 лютага 1999 г.; П. Севярынец «Формула рэформаў». – «Навіны», 23 сакавіка 1999 г. 

[25] « Новости НИСЭПИ», №5(11), 1999 г. 

[26] Больш грунтоўна на гэтую тэму гл. П. Севярынец «Нацыянальная ідэя». – «Наша Ніва», 14 сьнежня 1998 г. 

[27] А. Міхалевіч – дырэктар Маладзёвага Інфармацыйнага Цэнтру