Спіс

На Сяргея Скрабца завялі крымінальную справу, Уладзімера Парфяновіча публічна папярэдзілі, каб рыхтаваўся, а генэралу Фралову недвухсэнсоўна прыгадалі генэрала Захаранку.На Сяргея Скрабца завялі крымінальную справу, Уладзімера Парфяновіча публічна папярэдзілі, каб рыхтаваўся, а генэралу Фралову недвухсэнсоўна прыгадалі генэрала Захаранку. Апазыцыя сочыць за тым, як у палатцы цкуюць нязгодных, зь лёгкай грэблівасьцю й зласьлівасьцю. Між тым паспаліты люд прымае «новенькіх» у разрад «нашых» — цяпер толькі і гаворкі, што аб той «Рэспубліцы», новым руху ды прэзыдэнцкіх плянах дэпутатаў.

Гэта ўжо колькі намэнклятурнікаў рэжым, высільваючыся, ужо перакаваў у зацятых апазыцыянэраў і нацыяналістаў! Дырэктары прадпрыемстваў і калгасаў, міністры й дыпляматы. Мечыслаў Грыб, Сямён Домаш, Уладзімер Ганчарык, Васіль Лявонаў. Клясыка — Сямён Шарэцкі. Позьні Шарэцкі выдаваў такое, на што не рашаўся і Пазьняк. Чыгіроў «мачылі»доўга і мэтадычна — самога, жонку, сына — і зрабілі з былога прэм’ера героя-пакутніка. Цяпер вось — Скрабец, Парфяновіч, Фралоў.

Калі ўлада дзяўбе канкрэтнага беларуса, да нацыянальнае сьвядомасьці й асабістае годнасьці даходзіць па меры болю. Увогуле, ціск на беларусаў выяўляе строгую заканамернасьць. Калі цясьніць, шчаміць патроху — беларус церпіць, сьціскаецца і сядзіць сабе ціха. Але калі душаць зьнянацку, сякуць сходу, калі заганяюць у глыбіню душы ды там яшчэ й топчуць — вы маеце ўсе шанцы пабачыць грымоты і маланкі, што разгортваюцца з навальнічнай хуткасьцю. Беларус, якога дасталі, — страшнае відовішча. Кшталту магілёўскага паўстаньня 1661 г., татальнае партызанкі або сутычак дэманстрантаў і амонаўцаў, якія аднолькава зьвярэюць падчас Дня Волі.
«Беларусы падымуцца? Кінь — бульба не выбухае!» — у роспачы казаў мне калісьці гарадзенец Андрусь Мялешка. Так, пакуль варыцца на малым агні, толькі булькае й не выбухае. Эканоміка дохне паволі, інтэграцыя паўзучая, апазыцыя ніякая. Безнаяўны рубель? Ды яго нават ніхто ня бачыў. Палатка прымае закон, каб беларусы маглі ваяваць за мяжой? Што яна такое, тая палатка… Кагосьці зноў забаранілі ці забілі? Бач, выткнуўся адзін і атрымаў — ведаў, на што ідзе.

Што можа змусіць беларусаў да масавага выбуху, як у 1991-м, 1996-м? Халодная зіма бяз Чаркі ды Скваркі, затое з новымі камунальнымі тарыфамі? Акрэсьціна, Валадарка, Курапаты? Рэферэндум аб трэцім тэрміне? Яшчэ цікавей, што такое павінны зрабіць у Крамлі, каб дастаць беларускага нацыяналіста ў Лукашэнку. Мухаў, катлетаў і газавае атакі аказалася недастаткова, хаця некаторы прагрэс, пагадзіцеся заўважны.

Выглядае, што галоўным супернікам Аляксандра Рыгоравіча й бяспрэчным лідэрам апазыцыі стане той беларус, якога дастануць да дна. Уяўляеце сабе ў гэтае ролі, напрыклад, алімпійскага чэмпіёна па веславаньні? Тут і клюшка, бадай, не дапаможа.

… Дарэчы, наконт бульбы. Калі яе моцна высушыць і сьцерці ў парашок да крухмальнага пылу, выбухне проста ў сумесі з паветрам. Ад аднае іскры.