|
Алёшча
страйкуе. Старшыня мясцовай выбарчай камісіі, няйнакш за выкананьне
пляну волевыяўленьня акурат пасьля выбараў прызначаны начальнікам
лесапункту, павялічыў працоўны дзень на гадзіну: маўляў, затое зробім
выходны ў суботу. Люд спраўна працаваў тыдзень з 8-й да 17-й у першую
зьмену й ад 17-й да 2-й начы ў другую... а напярэдадні ўікэнду новы
начальнік выдаў загад: «У сувязі з вытворчай неабходнасьцю аб’явіць
суботу працоўным днём». Здавалася б, фінт немудрагелісты, накшталт
гульні ў напарсткі са скрынямі для галасаваньня – але ж гэтым разам
народ абурыўся. |
|
Наведнікаў
Малога Сітна на аўтобусным прыпынку сустракае маляваны вырай. Аазіс у
пустэльні, лебядзіная пара ў возеры, адзіная на ўсё навакольле царква
пад блакітным небам упрыгожвае белыя цагляныя сьценкі з надпісам «М.
Сітна». Ёсьць тут нават самотны воўк - герб партызанскай Ічкерыі, якая,
дарэчы, складае менш як палову тэрыторыі Віцебшчыны. Глядзіш на
просьценькія, але мілыя карцінкі - і згаджаесься: магло Сітна заняць
2-е месца на конкурсе вясковых аўтобусных прыпынкаў. |
|
Дзіўная
рэч: дзесяць дзён сядзіш бязвылазна ў інтэрнацкім пакоі пад вартай
двух, а часам і трох міліцыянтаў (любы выхад на вуліцу - пад канвоем),
вакол - занядбаная беларуская вёска, аточаная лесам, укрытая сьнягамі,
і ў цэнтры гэтага адасобленага дрымучага сусьвету - маленькі чорна-белы
тэлевізар, які ловіць БТ, АНТ і расейскае ОРТ і па якім вось ужо каторы
дзень паказваюць маніфэстацыі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі... Не
пакідае ўражаньне: сярод холаду, цемры й прымусу ў гэтым цяпельцы
нараджаецца нешта новае. Сьветлае-сьветлае. Цудоўнае. |
|
«…Галасуйце
за Аляксандра… - твар 70-гадовай бабулькі расьцьвітае, - …Мілінкевіча!»
Спалоханая старая жахаецца. Як?! Прэзыдэнт Аляксандар - не-Лукашэнка?..
«Ці дасьць Мілінкевіч разгарнуцца фэрмэрам?» - зморана, але з надзеяй пытае кабета гадоў 40, якой ля Сітна вылучылі 20 га пяску і цяпер абдзіраюць бы ліпку. |
|
«Лукашэнка,
Мілінкевіч... Усё адно ў Сітне нічога ня зьменіцца, а ўлада як нічога
не рабіла, так і ня будзе рабіць». Калі шматтысячная грамада ў цэнтры
Менску скандуе «Сва-бо-да!», вёска ля тэлевізара супакойваецца тым, што
ад яе нічога не залежыць.
Для большасьці беларусаў, як на вёсцы, так і ў горадзе, «улада» — гэта ўлада мясцовая: начальства для іх ня столькі Лукашэнка, колькі сельсавет, «раён» альбо кантора леспрамгасу. |
|
«Я,
вядома, супраць Лукашэнкі, але ж большасьць усё роўна прагаласуе за
яго». Калі гэтая фраза прагучала на перакуры ў Алёшчы мо раз дзясяты, я
сказаў сабе: «Хопіць!» Назаўтра ў бытоўцы на агульным сходзе брыгады мы
зладзілі праймэрыз.* |
|
Як
інжынэр-геоляг са спэцыялізацыяй «Разьведка карысных выкапняў», пасьля
пяці месяцаў, праведзеных на палявых работах у Малым Сітне, магу з усёй
адказнасьцю заявіць: беларускія нетры багатыя ня толькі на соль, торф і
будаўнічыя матэрыялы, але й на чорныя ды каляровыя мэталы. Запасы
прамысловыя, па ўсёй Беларусі вымяраюцца ў мільёнах тон пры 100%
зьмесьціве карыснага кампанэнту й глыбіні заляганьня да 1,5 м. Медзь,
алюмінь, сплавы залягаюць у выглядзе жылаў правільнае формы, да 15 мм у
дыямэтры, даўжынёй да некалькіх кілямэтраў, і пры гэтым нават
абгорнутыя ізаляцыйнай абалонкай. Жалеза проста знаходзіцца на паверхні
зямлі... У раёне вёскі Малое Сітна здабыча вядзецца мясцовым
насельніцтвам саматужна, і дзясяткі тон мэталу штомесяц кантрабандным
чынам перапраўляюць за мяжу. «Мэталашукальнікі» ў Малым Сітне й Алёшчы
выкопваюць электрычную праводку гаспадаркі наваполацкага «Вымяральніка»
і сыстэмаў энэргазабесьпячэньня Але на Полаччыне ёсьць і багацейшыя
радовішчы — закінутыя ракетныя шахты й вайсковыя гарадкі. Ёсьць
залатаносныя сьметнікі «Нафтану», «Паліміру», «Шкловалакна» й таго ж
«Вымяральніка». А Віцебск, Менск, думаеце, бяднейшыя?.. |
|
На
алёшчынскай эстакадзе, зваранай з чыгуначных рэек, ля сходняў, дзе
прыбіты плякат «Пабочным асобам уваход забаронены», любы ахвочы можа
памацаць жалезнае сьведчаньне партызанскае мэнтальнасьці беларусаў.
Меншая за савецкі стандарт рэйка з штампам «Krupp», сымбалем з трох
колцаў і датай — 194... У 194... якім годзе прамысловасьць Трэцяга
Райху вырабіла гэты чыгунны Drang nacht Osten, высьветліць немагчыма —
рэйка абрэзаная на самым інтрыгоўным месцы. |
|
Ад
вялікай зямлі Малое Сітна аддзяляе палігон. Агромністая балоцістая
пустка, калісьці выкарчаваная, а цяпер зарослая падлескам, займае
плошчу памерам зь Менск. |
|
Выхад
у лясную дзялянку — нібы першыя кадры з блёкбастэру «Глядыятар».
Надзяваеш каску, быццам шлем, распраўляеш плечы ў зімовай амуніцыі, у
руках баявая сякера, за сьпінай ляскат брані (гусенічны трактар) — і
пад ціхі сьнег спускаесься да яловага ўзьлеску, дзе ў гушчары цябе
пільнуе пагрозьлівая цемра. |
|
Здавалася
б, нарыхтоўка лесу. У Беларусі такіх дзялянак сотні. Нічога
незвычайнага. І ўсё ж менавіта тут, на лесапавале, і менавіта гэтай
зімою, як калісьці ў дзяцінстве, мне адкрылася безьліч сапраўдных
цудаў. |
|
Сем разоў
на тыдзень, дзень пры дні Расейская імпэрыя праводзіць
на тэрыторыі Беларусі спэцапэрацыю «Невель—Полацак».
На чыгуначнай станцыі Алёшча спыняецца дызэль, які вось
ужо колькі гадоў выконвае функцыі бронецягніка інтэграцыі
— увозіць у Беларусь танны хлеб, цацкі для абарыгенаў
і «максімку» ў каністрах. |
|
«Максімка»
— шклоачышчальнік на аснове этылавага сьпірту. Таксычны.
Пры пападаньні на адкрытую паверхню скуры прамыць праточнай
вадой». |
|
Калі я пабачыў
тое, што ў Малым Сітне засталося ад колішняй гаспадаркі
наваполацкага заводу «Вымяральнік», падалося,
што гэта — руіны разбомбленага Грознага. |
|
У дзень
выдачы заробку ў Алешчы пачынаюцца крытычныя дні. Люд
незадаволена бурчыць, атрымаўшы так званыя «разьліковыя
лісткі», у якіх бухгальтэрыя расьпісвае кожнаму
налічэньні й выдаткі за месяц. Сумневу падвяргаецца
як сыстэма падлікаў у цэлым, так і правілы арытмэтыкі
ў прыватнасьці: «Дзе мае начныя за другую зьмену?»,
«Мабыць, сталоўка нешта хімічыць з прадуктамі»,
«Ніяк не зразумею, чаго яны акруглялі: у слупок
ня сходзіцца» — як мурашнік, гудзе лесапункт.
Затым, памусоліўшы ў руках колькі каляровых паперак,
народ пераходзіць ад матэматычных і тэхналягічных аспэктаў
да сацыяльна-эканамічных: «Ды як за гэта можна
жыць?», «І мы месяц укалваем за тыя капейкі?!.» |

