Спіс

Прызнаюся адразу: кампанія выбараў у ППНС 2004 г. мне моцна не падабаецца. З 2000-га, ад часоў вядомага «байкоту», прынцыпова нічога не зьмянілася, апроч, хіба, пазыцыі апазыцыі. Больш таго, мясцовыя «выбары», асабліва ў Менску й акругах абласных саветаў, яскрава засьведчылі: рэжым зьбіраецца поўнасьцю кантраляваць абраньне кожнага з 110 дэпутатаў. Нарэшче, небясьпека міжнароднага прызнаньня «палаткі» зь легітымізацыяй усяе ўладнае сыстэмы сёньня толькі абвастрылася.Прызнаюся адразу: кампанія выбараў у ППНС 2004 г. мне моцна не падабаецца. З 2000-га, ад часоў вядомага «байкоту», прынцыпова нічога не зьмянілася, апроч, хіба, пазыцыі апазыцыі. Больш таго, мясцовыя «выбары», асабліва ў Менску й акругах абласных саветаў, яскрава засьведчылі: рэжым зьбіраецца поўнасьцю кантраляваць абраньне кожнага з 110 дэпутатаў. Нарэшче, небясьпека міжнароднага прызнаньня «палаткі» зь легітымізацыяй усяе ўладнае сыстэмы сёньня толькі абвастрылася.
І ўсё-такі — ісьці на выбары.
Чаму? Існуе самаменш чатыры прычыны, паводле якіх апазыцыйныя партыі ісьці на выбары 2004 г. мусяць. І якраз гэтыя прычыны зьяўляюцца сыстэматворнымі для распрацоўкі пасьпяховае стратэгіі. Гэта як чатыры ўсовы АБСЭ для рэжыму. Правілы гульні. Толькі для апазыцыі.
1. НЯМА ВЫБАРУ. Калямбур, канечне, але іншага выбару, чым ісьці на выбары бяз выбару, у дэмакратычных сілаў не засталося. З вуліцы сышлі, з намэнклятурай ня змовіліся, між сабою перасварыліся — а што яшчэ застаецца?.. Як ні парадаксальна, адсутнасьць выбару ў такой сытуацыі матывуе: чалавек, загнаны ў кут, здольны біцца насьмерць (праўда, трэба яшчэ ўсьвядоміць безвыходнасьць свайго становішча).
2. СПАЧАТКУ — СЛОВА. Падчас выбараў актывісты ня будуць мець аніякіх правоў і гарантыяў, апроч права размаўляць зь людзьмі і гарантыі разнастайных непрыемнасьцяў за такія размовы. Гэта будзе ток-шоў «Выбары»: вас нікуды не абяруць, нават калі вы выйграеце. Але вы вырашыце галоўную, дагэтуль непадымную задачу: гаворыце зь Беларусяй. Бо без асабістае размовы з гэтым народам нельга дамагчыся нічога. Калі апазыцыі ўдасца растлумачыць сямі мільёнам выбаршчыкаў, што яна думае, — гэта будзе несумненны пералом.
3. НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ. Лукашэнка, узяўшы на ўзбраеньне дзяржаўніцкую рыторыку, неспадзявана даў фору нацыянальнару руху. У тэме незалежнасьці мы мацнейшыя за яго. Парлямэнцкі фармат — найлепшая пляцоўка для беларускага наступу (гл. выбары 1990 г.). І замест дзіўнае кааліцыі БНФ, АГП ды камуністаў куды больш лягічным выглядала б задзіночваньне у блёк усіх нацыянальных сілаў дзеля магутнае незалежніцкае агітацыйнае кампаніі. Недапушчальна падтрымліваць у акругах тых, хто за саюз з Расеяй або супраць бел-чырвона-белага сьцягу. Яднаючы дэмакратаў і электарат Лукашэнкі на тэме незалежнасьці, мы стратэгічна перайграем і дыктатуру, і імпэрыю.
4. АСАБІСТАЯ АЛЬТЭРНАТЫВА. Нарэшце, кожны кандыдат на выбарах 2004 г. — гэта ўжо сур’ёзны выклік пэрсанальна Лукашэнку. Пытаньне асабліва актуальнае ў сьвятле падзеньня рэйтынгу апошняга й росту пратэстных настрояў. З сотні лепшых удзельнікаў кампаніі насамрэч будзе лягчэй выбраць кандыдата ў прэзыдэнты, чым з кулюарных «двоек», «троек» ды «пяцёрак». Тут гульня ў адкрытую, дзе ясна відаць перавагі й недахопы кожнага. Гартуючы сто дзесяць палітыкаў нацыянальнага роўню, мы падымаем цэлы пласт новых лідэраў, патэнцыйна здольных асабіста супрацьстаяць Аляксандру Рыгоравічу ў 2006 г.
Зрэшты, у гэтых раскладах ёсьць і велічыня невядомая. Рэферэндум або яго заменьнік, які можа ператварыць выбары 2004 г. у зусім іншую гульню.