Спіс

Юбілейны агляд 10 гадоў дзейнасьці Беларускага Народнага Фронту. «Беларуская маладзёжная», 17 кастрычніка 1998г.

19 кастрычніка 1988 года, 10 гадоў таму, у будынку тадышняга Дома кіно, а цяпер Чырвонага касьцёла, быў абвешчаны Аргкамітэт БНФ. У шматлюднай залі на вачох у спалоханых інструктараў КПБ Зянон Пазьняк упершыню на ўвесь голас прамовіў тры словы, якім сталіся прадвесьцем цэлай эпохі: Беларускі Народны Фронт.

ЛІНІЯ ФРОНТУ

Беларускі Народны Фронт для ўсіх нас — і для прыхільнікаў, і для палахлівых яго апанэнтаў, і нават для закланелых ворагаў — адна з найярчэйшых лягендаў беларускае гісторыі. Такіх мо, як княжаньне Ўсяслава Чарадзея, канцлерства Льва Сапегі або паўстаньне Каліноўскага. Фронт — лягенда нашага з вамі часу, таму й патыхае ад яе сьвежа, хвалююча, як са старонак толькі што надрукаванае кнігі, якую хочацца перачытваць зноў і зноў.

Жарсьці на памятным сходзе Аргкамітэту 19 кастрычніка. Разгон Дзядоў з прымяненьнем газу. Шалёны хай у тагачаснай прэсе… Імклівае разьвіцьцё падзеяў ужо не пакідала сумненьняў: улада ацаніла супраціўніка. Нацыянальныя сілы, якія зусім нечакана падняліся ў поўны рост, былі страшныя для камуністаў ужо адным фактам свайго зьяўленьня. Намэнклятура, усе гэтыя пажылыя, змаршчыністыя начальнікі. якія даўно ўжо не насілі камісарскіх скураных куртак, а выседжвалі свае цёплыя скура-ныя крэслы, жахнуліся пырскаў крыві на сьнезе. Перадынфарктныя сэрцы дружна дрогнулі. Пачалася паніка.

Менавіта той асьляпляльны. бліскучы кастрычніцкі ўдар і павергнуў сістэму ў беспрэцэдэнтнае адступленьне. Групы падтрымкі й суполкі БНФ за некалькі тыдняў узьніклі па ўсёй краіне, насельніцтва імкліва палітызавалася, і вось ужо 19 лютага 1989 года Фронт выводзіць 40 тысячаў чалавек на апазыцыйны мітынг на стадыёне «Дынама». На выбарах у Вярхоўны Савет СССР прайшло 18 прафронтаўскіх дэмакратаў. Устаноўчы зьезд БНФ, які адбыўся ў чэрвені 1989 года ў Вільні, перапужаў БССРаўскае чынавенства дарэшты: у паветры запахла чымсьці яўна прыбалтыйскім.

А БНФ працягваў браць штурмам адно ўмацаваньне за другім — на вуліцах, у газэтах, на дыпляматычным узроўні.

Усплывае Чарнобыль. На плошчы Незалежнасьці зьбіраецца 100-тысячны мітынг. Рэспубліканская тэлевізія мусіць даць дэманстрантам эфір.

У сакавіку 1990 года пры падтрымцы Фронту ў Вярхоўны Савет БССР прарываецца ўжо 60 прадэмакратычных чалавек, і на першай жа сэсыі, на вачох у перапалоханай большасьці, з трэскам правальваецца шосты артыкул аб кіруючай ролі Кампартыі. Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце ашарашаны ВС прымае амаль адзінагалосна. Зараз у гэта цяжка паверыць.Менавіта ў той момант спрацаваў эфэкт фаервэрка: адчуўшы найвышэйшы посьпех, з Фронту ўспыхнуў цэлы россып драбнейшых партыяў І арганізацыяў — будучыя лібэралы, сацыял-дэмакратычная Грамада, Фонд Сапегі, сялянская партыя, разнастайныя правыя радыкалы…

Але тым часам па ўсім Саюзе ківач хітнуўся ў бок рэакцыі. Гарбочоў сутаргава ўхапіўся за дагматыкаў, і па ўсёй сістэме на 1/6 частцы сушы завішчалі закручваныя гайкі. Для Беларусі наступіў момант ісьціны. 24 сакавіка 1991 года адбыўся ІІ зьезд БНФ. Прадчуваючы новы этап штурму, Фронт згрупаваўся, напружыўся… I празь 7 дзен выбухнулі рабочыя страйкі. Усяго некалькі гадзінаў спатрэбілася народафронтаўцам, каб надаць бурлівай вуліцы антыкамуністычны кірунак і нацыянальнае гучаньне.

А для камандна-адміністрацыйнай сыстэмы гэта быў другі ўдар пахавальнага звону. Тое, што будзе трэці, апошні, якога не перажыць, імпэрыя адчувала ўсім сваім велізарным дрыжучым целам I сама рванулася насустрач сьмерці ў жніўні 91-га.

Фронт спазнаў галавакружную эйфарыю. Гэта быў час неверагодных дзеяў. Забароненая КПСС. Незалежнасьць Беларусі атрымлівае статус канстытуцыйнага закону. Шушкевіч — старшыня Вярхоўнага Савета. БССР ператвараецца ў Беларусь. Уводзіцца герб «Пагоня». Бел-чырвона-белы сьцяг лунав па-над краінай. I нарэшце, у Белавескай пушчы, зь легкімі росчыркамі знакамітае тройцы, СССР ператвараецца ў дымныя разваліны.

Пазьняк у тыя месяцы носіцца ў парляманьце, як дух. Імгненнымі распараджэньнямі ствараюцца памежныя войскі й нацыянальная армія, друкуюцца ўласныя грошы й ажыцьцяўляецца паўсюдная беларусізацыя. Усё, за што безнадзейна біліся стагодзьдзямі. узьнікае за лічаныя дні. У лютым 1992-га БНФ ідзе на рзфэрэндум: даеш перавыбары ў Вярхоўны Савет!.. Але час упушчаны, Шушкевіч, спалохаўшыся ўласнае рашучасьці, ідэю правальвае. Гэта быў ракавы псыхалягічны пералом. Прабіў час паражэньняў. Пасьледавала крытыка шокавае тэрапіі ў нацыянальнай палітыцы. Падзеньне Шушкевіча. Паўзучы рэванш у Вярхоўным Савеце. Пагаршэньне ўзроўню жыцьця. Панаваньне Кебіча й прывід рублёвае зоны.

На прэзыдэнцкіх выбарах 1994г, дзе Пазьняк набраў 13% галасоў (паводле іншых даных — ня меньш 16%), Фронт усхапіўся й стрымаў удар. Наступнай зімой (помніце: антыкарупцыйны даклад Антончыка, «белыя плямы» ў газэтах, банкаўкія скандалы) БНФ хіба што зноў асядлаў каня. Паўсюдна прадказвалі фронтаўскую перамогу на выбарах. Але рэфэрэндум-95, зьбіцьцё дэпутатаў ад Апазыцыі БНФ у Авальнае залі й «Дзеці хлусьні» зрабілі сваю подлую справу. У траўні 1995г. мы ўсе атрымалі цяжкі ўдар, пасьля якога, здавалася, Фронту ўжо не падняцца. 1995 год сапраўды быў страшны.

Фронтаўскім цудам сталася Менская Вясна-96. Шквальныя шэсьці сакавіка, красавіка, траўня прымусілі задрыжэць ня толькі ўлады, але й Расею, і далі раскацістае водгільле па ўсёй Усходняй Эўропе. Тады, 24 сакавіка, 2 й 26 красавіка, БНФ разам зь менскай моладзьдзю ўратаваў беларускую незалежнасьць. Усе чакалі ад Фронту восеньскай перамогі. Але Пазьняк ужо зьехаў. У «рэфэрэндумным» лістападзе была начная здрада, і, на жаль, БНФ нічым ня мог дапамагчы.

Таму ўвесну 1997 года на вуліцы выйшаў новы Фронт, імкліва памаладзелы. Гэта. бадай што, ужо іншая лягенда, і аб ёй — трохі пазьней.

КРЫЗЫС СЯРЭДНЯГА ЎЗРОСТУ

Насамрэч, на нашых вачох БНФ перажывае малапрыемны пэрыяд у сваім жыцьці. Гэта прынята называць крызысам сярэдняга ўзросту. Для грамадзкага руху 10 год — гэта сур’ёзны этап. Значная частка жыцьцёвага шляху пройдзеная, адшумела маладосьць, надышла сталасьць, вырасьлі самастойнымі дзеці (я маю на ўвазе МФ) — І так хочацца перавесьці дух, паразважаць аб слаўным мінулым, падрахаваць сякія-такія вынікі. А час усё не дае прысесьці хоць на хвілінку, трывожыць і пагражае смутнай будучыняй. Адсюль — нэрвовасьць, пакутлівыя самадасьледзіны й раздражнёны «бацькоўскі сындром» апошніх месяцаў. Гэта натуралёва. Больш таго, менавіта псыхалягічная трансфармацыя ёсьць шляхам да абнаўленьня. Галоўнае — не ператварыцца ў БеларускІ Народны Фронт за перабудову й адраджэньне Беларускага Народнага Фронту. Хочацца спадзявацца, што рух выстаіць перад гэтай спакусай.

Хаця — вельмі ж не хапае Пазьняка. I вельмі балюча за Сіўчыка, які сыходзіць у гэты каламутны час так цьмяна й незразумела.

Цяжкасьці ўнутранага характару непазьбежныя У прынцыпе, гэта сутнасьць працэсу. Яго вынікам будзе ўздым — калі хопіць волі на зьмены. Дажываньне, тлеючае згасаньне, гніеньне — калі ня хопіць.

Што ж трэба мяняць? Тактыку? Безумоўна, бо скандаваньні й палітычныя дэклярацыі ўжо не праходзяць. Праграму? Бадай што так: на двары — «эўра» й развал Расеі. Але самае важнае — вобраз дзеяньня. Вобраз жыцьця.

Сёньня, на зломе трэцяга тысячагодзьдзя, грамадзкаму руху патрэбнае віртуальнае мысьленьне й рэактыўнае дзеяньне. Патрэбны інтэлектуальны радыкалізм.

Яшчэ год таму паводле гэтых тэрмінаў — «інтэлектуалы» й «радыкалы» — кваліфікавалі саміх фронтаўцаў. А між тым і Сіўчык (адзін з сотні лепшых спэцыялістаў у сваей прафгаліне яшчэ пры СССР, да Фронту) і Вячорка (выкшталцоны мовазнаўца й унікальны камунікатар), абазваныя радыкаламі, уяўлялі сабою той найноўшы тып лідэра, фронтаўца, які сёньня так востра неабходны й якога так баіцца рэжым. Сьвежы, тэхнічны, адначасова ідэоляг і выдатны практык, інтэлектуальны ў самым што ні ёсьць радыкальным сэньсе.

Фронту патрэбна другое дыханьне. Творчасьць, фантазыя, відовішчнасьць, хуткасьць у інфармацыйнай і духоўнай сфэрах. Нацыянальная ідэя павінная стаць здабыткам масавае культуры. Бо грамадзтва жыве зусім іншым жыцьцём, чым Фронт. Грамадзтва глядзіць тэлевізар да колікаў, працуе й вучыцца, штудыруе замежныя мовы й модныя кніжкі, балдзее ў навушніках, моліцца Богу й, між іншым, хварэе за Беларусь.

Патрэбныя магутныя духоўныя плыні, уласныя дасьледчыя Інстытуты й народныя ўнівэрсытэты, рок-канцэрты й мнагатысячныя сьпевы, відэакліпы й алімпіяды, забаўляльныя газэты й музычныя радыёхвалі. БНФ, які гучыць па-ангельску як Рорular Front, мусіць быць папулярным. Не «палітычна гнуткім», не папулісцкім, а папулярным. Усё проста. Трэба дзейнічаць на два-тры хады наперад у тых напрамках, дзе рэжым не пасьпявае, задыхаецца. У стыхіях інтэлекту, тэхналёгіі, культуры і, самае асноўнае — у духоўнасьці. Бо ў смутныя часы, якія надыходзяць, людзі інстынктыўна хапаюцца за простыя, чыстыя й сьвятыя рэчы.

Пара перастаць мысьліць катэгорыямі савецкай вытворчасьці. Рабіць трагічны й па-геройску напружаны твар. Сапраўды, трэба быць папрасьцей — і людзі пацягнуцца. Пераможа той, хто шукае, хто просіць, хто грукаецца ўва ўсе дзьверы. Хто спадзяецца на лепшае й верыць у любоў, як гэта ня дзіўна. Той, хто сьмяецца — як Уленшпігель, Кола Бруньен І Юрась Братчык.

Ужо прайшлі Вясна-96 і 97, калі вартасным эквівалентам змаганьня быў страх. Зараз адрэналін каштуе капейкі. У цане наш з вамі час, максымум працы, якую мы пасьпеем зрабіць да нейкай «гадзіны ікс». Сёньня ўсё вырашаюць дні й ночы мнагатысячнай чалавечай працы, нашых з вамі вучэньняў, чытаньняў, пісаньняў. Наша грамадзтва мусіць падымацца са споду.

Трэба прызнаць. што сёньня нацыянальна-вызвольныя сілы й блізка не гатовыя несьці адказнасьць за будучую ўладу. Замест рэальных, здольных прыйсьці на зьмену рэжыму людзей (кіраўнікоў, адміністратароў, спэцыялістаў — аднаго чынавенства па ўсей краіне патрабуецца 70 тысячаў!) існуюць абстрактныя схемы, увасабляць якія, напэўна, прызначаная старая добрая намэнклятура. Але патрэбны ня толькі людзі. Праграмы, стопрацэнтова гатовыя да падключэньня. Кнігі, вывераныя да друку. Зьявы масавае культуры, тэлевізыі, радыё, прэсы, падрыхтаваныя да «раскруткі». Сыстэмы кантактаў з замежжам — палітычных, эканамічных, культуровых…

Фронту даўно трэба працаваць не на сябе. Што такое БНФ, у гэтай краіне ведае кожны бомж. Трэба думаць не пра імідж, рэйтынг, не пра гадасьці, якія мы зробім гэтым уладам, а пра рэальную патрэбу беларускага народа. Не пра 100 тысячаў на плошчы Незалежнасьці, а пра 100 тысячаў будучых беларускіх падручнікаў. Не пра размовы Шродэра з Лукашэнкам, а пра свае стасункі з тымі ж самымі нямецкімі палітыкамі, фінансыстамі, навукоўцамі. Нам зараз даюць працаваць над памылкамі 1992-95 гадоў, а мы кожнага дня выкопваем пасаджанае семачка й зьдзіўляемся, чаму анічога так і ня вырасла.

Цяжка ўспрыняць, але гэта так: усякая ўлада ад Бога, і лукашэнкаўская ў тым ліку. Менавіта яна пад кананаду сваёй правальнай палітыкі дае нам цудоўны шанц прывесьці сябе ў парадак і падрыхтаваць штосьці больш вартае да таго, што будзе пасьля, і не выглядаць матросамі ў Зімнім. А пакуль мы ня будзем гатовыя — гл. 1995 год: Лукашэнка, як І Расея, з гэтага месца ня сыдуць.

БНФ не павінны існаваць як апазыцыя ці кардон. БНФ мусіць выканаць місыю стваральніка альтэрнатыўнага грамадзтва — такога, у якім ані дыктатуры, ані Расейскай Імпэрыі ня будзе месца. Няправільна аб’ядноўваць нацыю супраць кагосьці. Прынцып кансалідацыі мае на ўвазе ЗА.

Ідэя БНР, пададзеная ў лепшым стылі інтэлектуальнага радыкалізму, тут вельмі дарэчы. Цудоўны ход канём. Але чар-говым зборам подпісаў такія ідэі не рэалізуюцца. Тут трэба дастаць, як той казаў, і з «шырокіх штанінаў» што-кольвечы.

Сеньня Фронту трэба мець сьмеласьць адмовіцца ад гневу, помсты й нянавісьці. Ад люстрацыяў, якія няўмольна цягнуць за сабой індульгенцыі, чорных сьпісаў і астатніх варфаламееўскіх штучак. Інакш нічога сьвятога ў нас з вамі не застанецца. Трэба ўспомніць пра Веру, Надзею, Любоў. Успомніць пра тое, што мы — Духоўны Фронт, Беларускае Адраджэньне. Трэба выклікаць да грамадзкага жыцьця наймагутнейшую сілу хрысьціянства Інакш застаецца дзейнічаць мэтадамі рэжыму. Ці — па сцэнарах расейскай папсы, з малінавымі пінжакамі й пірамідамі на тры літары.

Мы з вамі здольныя. Мы можам. Змаглі ж калісьці насуперак усім пачаць размаўляць па-беларуску. Змаглі ж, як гэта ні было цяжка, стаяць на сваім усе доўгія 10 гадоў. I на гэты раз сябе перасіліць, паверце, здолеем.

МАЛАДЫ ФРОНТ

Фронт выношваў сваю моладзь доўга й пакутліва. Яшчэ з часоў талакоўцаў і «тутэйшых» фронтаўцы з надзеяй угля-даліся ў пакаленьні, чакаючы маладых, якія вось-вось падыйдуць і пераймуць сьцягі. Але ані ў 91-м, падчас рабочых страйкаў і путчу, ані ў 93-м, з разгортваньнем шырокае беларусізацыі, ані пасьля разгромнага рэфэрэндуму-95 моладзі ў БНФ не прыбаўлялася. Пасівелыя ў барацьбе з камунізмам вэтэраны ўжо пачалі затраўлена адчуваць сябе асуджанымі на вечную перадавую. лінію фронту без папаўненьня, без дапамогі, без пераменаў.

Калі мы разам з Жэням Скочкам прыйшлі на Ўправу БНФ у кастрычніку 1995-га, там засядаў з тузін студэнтаў з Маладзёвае Фракцыі. Памятаю, я на новенькага прапанаваў скупаць буйнымі партыямі танную беларускую літаратуру ў кнігарнях і распаўсюджваць па школах. «Ну, вось ты гэтым і зоймесься… Больш няма каму», — з задавальненьнем патлумачылі мне. Я аж разявіў рот: «А… суполкі, структуры на месцах?..» У адказ дружны такі, заражальны рогат: «Ды ўся Фракцыя перад табой!..»

Моладзь выбухнула ўвесну 96-га. Са знакамітых мітынгаў хлопцы ўсьлед за старэйшымі натоўпамі цягнуліся на Управу Фронту. Тут жа, у лічаныя гадзіны фармаваліся дружыны, суполкі і цэлыя раенныя рады.

Дзясяткі тысячаў маладых, што выйшлі на вуліцы Менску, Горадні, Магілёва 24 сакавіка, 2 і 26 красавіка сталі асновай для арганізаванага маладафронтаўскага руху. Маладафронтаўцы начавалі на пляцы Незалежнасьці перад Вярхоўным Саветам падчас палітычнага крызысу зь імпічмэнтам. У тую ж восень-96 яны пачалі ладзіць беларускія дыскатэкі, шоў-выступы па школах, пікеты й рызыкоўныя начныя акцыі. Вясна-97 распачалася для МФ відовішчным шматтысячным маршам «Беларусь — у Эўропу!» падчас якога ў амбасады замежных краінаў былі перададзеныя пэтыцыі з заклікамі да Захаду Знакамітыя акцыя 1997 году. Горад — наш!», хвалі графіці і мітынговыя жарсьці ўжо сталі лягендамі беларускага Адраджэньня ў канцы 20-га стагодзьдзя. У верасьні 1997 г. прайшоў устаноўчы Сойм Маладога Фронту. Адзьдзелы й рады МФ былі створаныя ў 39 гарадох Беларусі. Моладзь разгарнула шырокую культурна-асьветніцкую дзейнасьць у рамках праграмы «Маладое Адраджэньне»: рок-канцэрты, дыскатэкі, конкурсы, інтэлектуальныя гульні, сацыялягічныя апытаньні, кампутаровыя праекты. Разам з тым ішло мітынговае змаганьне за палітвязьняў, былі дзясяткі тысячаў сабраных подпісаў і спартовыя акцыі. У лютым-сакавіку-98 паралельна зь зімовай Алімпіядай у Нагана МФ правеў сваю Алімпіяду на вуліцах Менску й Горадні: больш за 600 яе ўдзельнікаў ляпілі вусатых сьнегавікоў, гулялі ў футбол і на кампутарах, стралялі па мішэнях і пляскалі ў далоні ўдзельніцам конкурсу прыгажосьці.

Увесь гэты час нас білі. Больш за тысячу маладых сталі ахвярамі разгонаў і зьбіцьця ў 96-м, сотні сядзелі па спэц-прыймальніках і турмах у 97-м і 98-м, дзясяткі былі выключаныя з ВНУ й папрасілі палітычнага прытулку за мяжой. На ўвесь сьвет прагучалі ймёны Лабковіча й Шыдлоўскага, Кабанчука й Скочкі, Бельскай і Абадоўскага.

За гэтыя некалькі гадоў Мапады Фронт паказаў, як можна перамагаць. Як са сьмехам трываць дзікія болі й сядлаць Пагоню. Як сьціскаць зубы, прымаючы ўдар, і зь юначай пяшчотай люляць самае сьвятое. Зрэшты, у нас яшчэ ўсё наперадзе. А пакуль перад намі — Фронт, фронт, Фронт. Гэта — не акопныя батальёны, ня югенд і не мітынговы шэраг, счэплены за рукі. Гэта — куды больш уражлівы атмасфэрны фронт маладосьці й духу, які набліжаецца няўмольна.

Сёньня мне ўсе-такі здаецца, што галоўным вынікам дзесяцігадовай эпохі БНФ стала зьяўленьне нашае моладзі. У гэтым, дарагія мае Фронтаўцы, ёсьць простая чалавечая ісьціна: далей, у наступнае дзесяцігодзьдзе, легендарнае прозьвішча «Фронт» мусяць несьці вашыя дзеці.