Спіс

Погляд аўтара на мадэль беларускіх эканамічных рэформаў праз прызму масавае псыхалёгіі. «Навіны» («Свабода»), 23 сакавіка 1999г.

Моладзь, якая ўсе постсавецкія гады сачыла за падзеямі, пільна глядзела ТV і падлічвала палітычныя трупы, ужо выдатна засвоіла, як трэба брацца за рэфармацыю, каб яна пайшла на «ўра».

Рэклама

Такое ўражанне, што першыя тыдні пасля падзення рэжыму мы бяздарна правалім. На пераможных, з салютамі, мітынгах адкрычымся-адарвемся за пяць гадоў уласнага страху і прыніжэнняў, вернемся ў разрабаваныя кабінеты — ахрыплыя, спустошаныя, з дазволеным бел-чырвона-белым сцягам наперавес, і зоймемся млявым падлікам урону. А тым часам краіна, ныючы пасля пахмелля, будзе паціху дранцвецьу прадчуванні, што «пры гэтых» стане яшчэ галадней.

Нас не ўратуе ні стаўка рэфінансавання, ні перагляд мытных тарыфаў, ні пісьмовыя распараджэнні, спушчаныя вертыкальна. Усё гэта — «гаечныя ключы». А сапраўдныя ключы рэформаў, «ключы запальвання», ключы ад кватэры, дзе грошы ляжаць — яны знаходзяцца ў кожнага чалавека якраз там, дзе прынята круціць пальцам, пры скроні. Масавая псіхалогія — ключавое паняцце, калі размова ідзе аб глабальных зменах.

Першае, што трэба арганізаваць новаму ўраду, — гэта наладзіць грандыёзную, беспрэцэдэнтную рэкламу рэформаў. Запаланіць шырокі тэлеэфір, пераключыць на агітацыйную хвалю ўсе радыёстанцыі, узняць прэсу, шоу-бізнес, пляцы, універсітэты і нават спартовыя залы на эфектную прапаганду. Трэба на ўзроўні масавай свядомасці абудзіць у народа нясцерпнае чаканне рэформаў. Прагу рэформаў. Прымусіць краіну ўдыхнуць свежага паветра, жыць пераменамі. Рэфарматарская сіла ўсяго грамадства, патэнцыял нацыі на парадак вышэй за магчымасці любога казённага бюджэту ці мільярдных замежных крэдытаў. Насамрэч, вы ж не каналізацыю рамантуеце — вы рэфармуеце аграмадную жывую супольнасць, 10 мільёнаў мазгоў. А энтузіязм насельніцтва, ахопленага павальнай ліхаманкай зменаў, — анестэзія, якая абязбольвае і шокавую тэрапію, і радыкальныя непапулярныя меры.

Гэта павінна быць зразумела кожнаму, хто бярэцца за справу: Рэклама — Рухавік Рэформаў.

Перш чым распрадаваць направа і налева дзяржаўную ўласнасць, трэба ў вачах спажыўца ператварыць яе ў залатое дно, у рамантыку, якая займае дух, так, каб склады і прамысловыя аб’екты сталі скарбамі і аб’ектамі вострага жадання. Адпаведна, перш чым распачынаць маштабную беларусізацыю, трэба стварыць усенародны попыт на беларушчыну. Увогуле, перш чым зрабіць хоць крок наперад, трэба ашчаслівіць грамадзянаў гэтым фактам настолькі, каб яны ўспрымалі яго як асабісты поспех. Формула простая, але будзе эфект!

Змест

Безумоўна, зніжэнне падаткаў і абмежаванне іх спектру да ліку самых збіральных. Натуральна, перамовы аб прадастаўленні заходніх крэдытаў на структурную перабудову індустрыі з матэрыяла- і энергаёмістай вытворчасці ў праца- і навукаёмістую. Канешне ж, манетарысцкая барацьба з інфляцыяй, увядзенне талера і народная прыватызацыя ад дробнага да буйнога. Несумненны перавод сельскай гаспадаркі на таварную спецыялізацыю фермерскага тыпу. Тут жа, усім зразумела, разгортванне транзітнай індустрыі (аўтазапраўкі, матэлі, хуткае харчаванне, майстэрні, гандлёвыя і выстаўныя цэнтры), у першую чаргу на асноўных аўтатрасах і чыгунках — замест арганізацыі «левых» таварапатокаў і мытных махінацыяў на дзяржаўным узроўні. Тым часам праблема аплаты нафтагазавага транзіту пакуль можа пачакаць: Расія сёння ўсё адно разлічыцца не ў стане.

Само сабой, рэфармаванне войска ў прафесійную нацыянальную гвардыю, а 120-тысячнай міліцыі — у больш кампактную, мабільную і прэстыжную паліцыю (увага: змена назвы мае значэнне). Далей — дасягненне поўнага нейтралітэту краіны: перамовы аб дэмантажы і вывадзе цацак, з якімі любіць гуляцца расійскі генштаб. Ніякіх брацкіх саюзаў, а таксама ніякага НАТО, ідэя супрацьстаяння Захад — Расія на Беларусі павінна быць вычарпаная.

Відавочна, што Беларусь на сённяшні момант не ў стане будаваць сваю эканоміку, зыходзячы з аграрных прыярытэтаў. На Захадзе, атрымаўшы слоік з салатам «Зроблена ў Беларусі», чытаюць «Маde in Charnobyl». Расія, куды бартэрам закачваецца паток беларускіх прадуктаў, не ў стане аплачваць харч жывымі грашыма. Больш праўдападобная будучыня Беларусі як краіны высакаякаснай тэхналагічнай зборкі і гасціннага сервісу, навуковага, інфармацыйнага і культурніцкага прадукту.

Урэшце, усе згодныя: не адміністрацыйная беларусізацыя ўзору 1991 —І992 гг., а найшырэйшае Адраджэнне маралі, асноўных каштоўнасцяў, духоўнасці на грунце Нацыянальнай Ідэі.

У слушнасці такіх мераў мала хто сумняваецца. Але лёс рэформаў залежыць ад таго, якім менавіта чынам будуць увасабляцца ў жыццё ўсе гэтыя бясспрэчна правільныя ісціны, ад таго, які вобраз дзеяння будзе ўзяты наўзбраенне.

Акцэнты

Ёсць некалькі момантаў, выключна важных менавіта для Беларусі, і менавіта ў сённяшні час. Гэтыя акцэнты варта вынесці за агульныя дужкі і разгледзець больш пільна — без іх усе рэформы набудуць адно — прыкры акцэнт усенароднай трасянкі, калі хочацца як лепш, а атрымоўваецца ні тое, ні сёе.

Найперш, моладзь. Сучасныя беларускія рэформы — гэта рэформы маладых і паводле духу, і ў сваёй сутнасці. Маладым заўтра жыць, ды, зрэшты, сёння яны складаюць і асноўную базу, і найбольш актыўную, радыкальную сілу апазіцыі. Шырокую падтрымку, роўна як і дзёрзкія ідэі, як і свежыя кадры, трэба падымаць з пучынаў кіпучай моладзі.

У апошнія гады магутны маладзёжны напор быў прыдаўлены прэсам страху, не меў дастойнага прымянення ў школах, вучэльнях і універсітэтах — і яго прарвала ў крыміналізацыю, у наркатычны транс, разбэшчанасць, гграгу эміграцыі і экстрэмісцкую нянавісць. Нашая задача — як мага хутчэй трансфармаваць усю маладзёжную сферу, каб новыя пакаленні з такой жа рашучай сілай рынуліся раскручваць махавікі рэформаў: Беларускі Эканамічны Цуд, Беларускі Будаўнічы Бум, Беларускі Культурны Выбух, Беларускі Духоўны Уздым.

Усе гэтыя галавакружныя рэчы мусіць мадэляваць другі настойлівы акцэнт — адукацыя. Дакладней, глыбінная, ачышчальная рэформа той сістэмы адукацыі, якая з савецкіх часоў была падначаленая вытворчасці валавага ўнутранага прадукту і якая дастала нас усіх яшчэ з ясляў. Скінуць з плеч псіхічна небяспечную нагрузку ў 2/3 незапатрабаваных ведаў, атрымаць наколькі простыя, настолькі і ясныя ўяўленні, пазбавіцца ад запланаваных кашмараў у выглядзе экзаменаў на карысць канкурэнтных выпрабаванняў, пазбыцца самога душку казармы ў класах і аўдыторыях — гэта шчаслівая мара і ўзорных выдатнікаў, і насельнікаў задняй парты. Пакуль дзяржаўнай сістэме прасцей працаваць у рэжыме інкубатара, бессэнсоўна чакаць ад грамадства цудаў.

Трэці акцэнт — найважнейшы. Рэформы павінныя быць празрыстымі. Ад ступені сумленнасці і адкрытасці пераўтварэнняў і саміх рэфарматараў будзе залежаць, якая сістэма каардынатаў ці каштоўнасцяў будзе пакладзеная ў аснову. Беларуская лабараторыя мае на ўвазе стэрыльную чысціню пачынанняў. Усялякага роду піначэтаўскія сіндромы і надпісы на танках «Рэформы любой цаной!» — вірусы заразлівыя, небяспечныя і разбуральныя.

Урэшце, формула беларускіх рэформаў сярод усяе пералічанае цыфіры тоіць у сабе адзіны, сапраўды загадкавы і істотны Ікс. Храналагічны. Час Ікс — час, на які прызначаны старт пераменаў. Час, які ўсім не церпіцца прадказаць. Раскрыю вам сакрэт: ураўненні з адным невядомым яшчэ з пачатковай школы вырашаюцца элементарна, у два радочкі. Вось яны: «Час надыдзе, калі Мы Самі будзем гатовыя ажыццявіць рэформы». I ўсё.