Спіс

Артыкул, прысьвечаны Гарадзеншчыне як галоўнаму апірышчу беларускага нацыянальнага руху. «Пагоня», 23 сакавіка 1999г.

Гэты цудоўны й таямнічы край, пра які я вам сёньня хачу распавесьці, большасьці чытачоў ПАГОНІ смутна знаёмы, калі яны гпядзяць сабе пад ногі. На карце дастаткова ўватнуць іголку цыркуля ў Вільню, і радыюсам прыкладна да Менску адкроіць усю Паўночна-Заходнюю Беларусь: захад Віцебшчыны па самы Полацк, нарачана-вілейскія ваколіцы Меншчыны ўлучна з Налібоцкай пушчай, і паўночную грыву Берасьцейшчыны — так, каб уся Гарадзеншчына апынулася ў зачараваным паўколе. Вось яна перад вамі, небясьпечная зона, якую баяцца крануць нават маштабна-штабныя расейскія геапалітыкі. Вось яна, вотчына нацыі, яе старажытнае логвішча й апошняя крэпасьць.

Нацыянальная анамалія

3 Масквы, з крамлеўскіх вежаў, Паўночна-Заходняя Беларусь сапраўды выглядае пагрозьліва — гэткае чужароднае воблака, цень прыбалтыйскіх цыклёнаў, на мяжы, дзе хмары ходзяць хмура. Расейскія стратэгі, ад граху падалей, плянуюць у нэа-імпэрыі згрэбці яе ў цьмяны кут, у якую-небудзь бледнарускую аўтаномію. Мне па-чалавечы шкада тых расейцаў, якія раптам апынаюцца ў такой запаветнай глыбінцы. Тут вечны дух Вялікага княства проста стаіць у паветры, і наіўныя аматары «Белай Русі» пачынаюць насьцярожана моршчыць нос: ё-маё, штосьці ня тое. ХІмія нейкая, зусім ня наша. Патыхае ці то Рыскім узмор’ем, ці то Перадкарпацьцем, а то й цьфу-цьфу-цьфу, горнай Чачэніяй — ва ўсялякім разе, у вольным сярэднерускім стылі, як дзе-небудзь у Шклове, ужо ня дыхаецца. Дрыжыкі прабіраюць.

Сапраўды — якая там, туды яе душу, аўтаномія. Тут трэба казаць пра капітальнейшую нацыянальную анамалію. Страшна магнітную, прыцягальную, як прадоньне, анамалію з полюсам у мястэчку Суботнікі, Івейскі раён, дзе нарадзіўся геній чыстага беларускага нацыяналізму Зянон Пазьняк.

Калі вакол таго ж Магілеву ці, напрыклад, Віцебску аўры колішняе славы зараз ледзь-ледзь адсьвечваюць, дык тут трымаецца суцэльнае, магутнае духоўнае поле. Абшар пастаяннае нацыянальнае й міжканфэсыйнае напругі, які йснуе паводле сваіх законаў. Тут польская ідэя на рэгіянальным узроўні кампэнсуе расейскую прысутнасьць, і беларуская раўнавага паміж імі пачуваецца куды больш ёміста і ўпэўнена, чым у сталіцы. Энэргічнае каталіцтва ўсёй сваёй гіганцкай арбітай напружвае апошнія сілы праваслаўнай царквы; кананічнае супрацьстаяньне, у сваю чаргу, каталізуецца масавым пратэстанцтвам. Калі неасьцярожна сунуцца, электрычная дуга ад Расонаў да Ружанаў можа шандарахнуць токам будзь здароў. Гарадзкая інтэлігенцкасьць, як і хутарскае фэрмэрства, тут ня купляныя ў канцтаварах ці сельпо, і маюць не савецка-штучнае, а, як і належыць, грунтоўнае, глыбіннае, часам дынастычнае, паходжаньне. Словам, у нетрах Заходняе Беларуа дрыжаць жывыя сілы, і гэта на тле агульнабеларускага трансу адчуваецца вельмі моцна

Я сам упершыню ацаніў залатое дно Паўночна-Заходняе Беларусі, калі мяне хавалі ў гэтых мясьцінах пасьля падзеяў 97-га года — у той час куратарам Гарадзеншчыны быў шэры кардынал БНФ Вячаслаў Сіўчык. Тады й унушальная інфраструктура Фронту — ад начной эстафэты машынаў на трасе да падпольных лякарняў у глушы, — і маўкліва-змоўніцкі дух патаемных логвішчаў пакідалі ўражаньне перажытае легенды. Мне асабліва запомніўся ашмянскі гаспадар-кулак, барада караваем, які прымаў нас у велізарнай, як палац, двухпавярховай хаце. Паміж іншым, вырашаючы нашыя дробныя падарожныя праблемы, ён скрозь зубы цадзіў: “3а зброю, хлопцы, брацца трэба, што вам тады казалі, за зброю,» — і не было ніякага сумненьня, што мужыку брацца ёсьць за што. Зрэшты я й зараз падазраю, што многія, вельмі многія жыхары памежнага сутоньня на ўсялякі выпадак складуюць па дамах ня толькі кантрабандныя відакі й пірацкія цыгарэты, але й нешта значна мацнейшае.

У дваццаці кілямэтрах ад гэтае грандыёзнаё хаты, на Валожыншчыне, вырас і мой інтэрнацкі сябрук Мар’ян, які ўразіў мяне, жыхара павальна атэісцкага Віцебску, па-дамашняму звычайнай верай у Бога й цытаваньнем на памяць Катэхізму. Дый увогуле, пра што казаць: у Зэльве ладзіць беларускую шоў-дыскатэку мне дапамагаў мясцовы бэпээсэм. Абсалютна шчыра й на роднай мове. Маўляў, усе мы патрыеты. Калі падумаць, у гэтым ёсьць нейкая лёгіка.

Уяўляю, як да болю шчыміць у гэтых мясьцінах заезджых нацыяналістаў адкуль-небудзь з Гомеля ці Бабруйску: вось дзе так хацелася б нарадзіцца.

Урэшце, у слове «фундамэнтальная», вынесеным у загаловак, цудоўным чынам скразіць «мэнтальнасьць». Чыстай вады, спрадвечны й такі каварны беларускі мэнталітэт моцны ў нашых анамальных краёх як нідзе. ЁН проста фаніць тут з усёй сваёй гасьціннасьцю, сапраўднай талерантнасьцю, млявасьцю й абыякавасьцю да жыцьця.

Сціплы арыстакратызм Гарадзеншчыны

Калі разгпядаць нацыянальны рух у Паўночна-Заходняе Беларусі, у вочы кідаецца проста недарэчная неадпаведнасьць: пры велізарным патэнцыяле дзейнасьць вядзецца гэтак жа вяла й дрымуча, як і па ўсей рэспубліцы. Нацыя адпачывае тут, так сказаць, ува ўсіх сэнсах. Разбор такога пралёту будзе лягічна пачаць з саміх тутэйшых дзеячоў. I паколькі першую скрыпку ў краі грае Гародня, дык паспрабуем прыгпядзецца да яе бамонду.

Па-першае гарадзенцы ёсьць людзьмі элегантнымі й выкшталцонымі. Ня ведаю, ці здольныя яны, у прыватнасьці чытаць на памяць Гарацыя, але ў цэлым шэдэўр «Народнага Альбому» выдатна характэрызуе ўвесь заходнебеларускі фэномэн і яго насельнікаў. Шляхецкая афіцыйнасьць, каталіцкая прыстойнасьць, блікі лаціннае польскасьці — кавалеры, што называецца, маюць манэры. Кожны гарадзенец у душы ўпэўнены, што яго продкі паходзяць калі ўжо не ад Вітаўта Вялікага, дык прынамсі ад Антонія Тызенгаўза, і мае някепскі досьвед у пытаньнях гісторыі, геральдыкі, краязнаўства і гд. Так што спытаць «Хто ты такі, адкуль ты ўзяўся?», а тым больш «далікатна змаўчаць» гэтае шаноўнае сладарства мае поўнае права.

Натуральна, у правінцыйнае Беларусі канца 20 стагодзьдзя такія нумары не праходзяць. Такая чапурыстая эліта павесьці за сабой масавы рух ня ў стане.

Па-другое, у часы СССР і жалезнае заслоны заходнія беларусы, жыхары памежжа, апынуліся ў становішчы тых, хто мусіць спаць тварам да сьценкі. I гэтая ўшчэмленая, скурчаная псыхалёгія даецца ў знакі дагэтуль.

Па-трэцяе, тутэйшыя беларусы, як і мае быць — самыя беларускія беларусы. Да мозгу касьцей. Прыбядняцца, спасылацца на цяжкі год і хамскі народ, адводзіць вочы й штось бурчэць пра сябе тут лічыцца правілам добрага тону. Хітра й прымружана, сабе наўме, прыхоўваць казырныя карты й выказвацца так цьмяна, каб кожны пачуў што хоча — таксама ох якая папулярная мясцовая завядзенка.

Нам, усходнікам, напэўна, гэтага ніколі не зразумець. У нас, у Віцебску ці Магілеве, іншая пляніда — выходзіць штодзень на вуліцу, як на вайну, чакаючы ўдару з-за рогу ці здрады са сьпіны. Адсюль і вырастаюць гэткія крыху звар’яцелыя людзі са сьціснутымі зубамі й ашклянелымі вачыма. Яны ведаюць, што на чужой тэрыторыі мішэні, і таму такія нэрвовыя. таму й трымаюцца так драпежна, і дзейнічаюць так рэзка. На кангрэсах ды асамблеях іх выдае ваўкаватая, падцятая зацкаванасьць і звычка адстрэльвацца ў любой размове да апошняга патрону.

Ня тое ў гарадзенцаў. Яны адчуваюць, што адступаць ёсьць куды, што за сьпіной зусім не Масква. У іх заўсёды нешта маецца на запас. Яны могуць дазволіць сабе не азірацца. Паводзіць сябе ганарліва, зь некаторай грэблівасьцю, запаволена й ленавата. Расслабіцца. Разамлець. Вось гэта іх і губіць. У выніку замест сапраўдных беларускіх фундамэнталістаў, якія маглі б утварыць у гэтай мацёрай Беларусі свой магутны клян, мы маем рой засяроджаных на саміх сабе арыстакратаў, што завісаюць між небам і зямлёй.

Сеньняшняя драма Заходняе Беларусі калейдаскапічна паўтарае адную й тую ж генэральную трагедыю Вялікага княства Літоўскага, Беларускай Народнай Рэспублікі й незалежнае Беларусі 90-х. Нацыянальная эліта абстрагуецца ад духоўных асноваў, ад Бога й зямлі, ад масавае падтрымкі народа, і падмяняе Ідэю тысячай прамежкавых мэтаў і йдэалёгіяў. Грамадзтва разрываецца між імі, беларускі маналіт у момант выбухае знутры, і разьлятаецца на асколкі. А сіла, якая сапраўды здольная скансалідаваць нацыю, узьняць яе да вяршыняў — так і не абуджаная.

Дух дрэмле

Памятаю, гарадзенскія маладафронтаўцы паказвалі мне ў парку пры Новым Замку дзівоснае дрэва: яго вырвалі з коранем і ўкапалі ў глебу дагары нагамі. Уявіце сабе, у наступную ж весну яно зазелянела, расквітнела, і лісьце разам з квеценьню буяла на былых каранях так, што страшна было глядзець. Жорсткі садоўніцкі зьдзек цудоўна характарызуе заходнебеларускую ўнікальнасьць: у гэтай зямлі, як ня ўторкні, дрэва зазелянее й апладніцца, і хоць пачварна, звыродліва, хоць дагары нагамі — але будзе жыць, жыць, жыць!.. Таму што гэтая зямля спрадвечна, невымерна нашая, ад бруку й грунту да артэзіянскіх глыбіняў.

Так, беларушчына тут запушчана, рыфмуецца нядрэнна, і нездарма. Дух дрэмле. Дрэмле ўся Паўночна-Заходняя Беларусь, ня ў сілах канчаткова заснуць, з пакутлівымі позывамі прачнуцца. Толькі, бывае, буркне нешта неразборлівае ў белы сьвет, і зноў пагружаецца ў дрыгвяную прастрацыю. I як не надрываюцца ў цьмяным скрозьсоньні некалькі адчайных інтэлектуалаў кшталту песьняра Шалкевіча, змагара Астроўскага ці рэдактара Маркевіча, але падняць на пупа паўкраіны ня здольны ніводны сьмяротны. Ясна як дзень, што вырашае тут не пэрсанальнае высільваньне да пасіненьня, а масавае, мнагатысячнае варушэньне на ўсёй прасторы ад Ружанаў да Расонаў.

А пакуль дрымотная Паўночна-Заходняя Бепарусь успрымаецца як тыл франтавога Менску ў змаганьні за незалежнасьць. Зразумела, з такой пасыўнай роляй нашай магнітнай нацыянальнай анамаліі ніяк нельга пагадзіцца. Трэба ператвараць фундамэнтальны патэнцыял у наяўную сілу. Для гэтага зусім не абавязкова сьледаваць за ўкраінскімі аналягамі зь іх бытавым нацыяналізмам і школай баявога «гопака», ці арганізоўваць партызанскія зоны вакол Бярозаўкі ды Наваельні. I ніякіх арсэналаў зброі тут не патрэбна, кіньце вы. Тут жа ўсё сваё, тут можна браць голымі рукамі, жыўцом, па-паспадарску. Узгадайце, якія аграмадныя працэнты браў тут Пазьняк на прэзыдэнцкіх выбарах Адна сапраўды масавая, народная арганізацыя — як варыянт, хаўрус фронтаўцаў з грамадоўцамі, або тая ж «Гарадзенская ініцыятыва» — і можна ўзьняць увесь край за Беларусь так, што здрыганецца ня толькі афіцыйны Менск, але й расейскі генштаб. Геаграфічна заходняя, праэўрапейская плятформа -цудоўная база для лідарскага рэгіянальнага руху.

Варта толькі паверыць ва ўласныя сілы. Ацаніць сілу Духу. Сказаць сабе, што краіну чакае вялікая будучыня. Бог даў нам нарадзіцца на гэтай зямлі нездарма.

Ні ў якім разе нельга праспаць гэтае імгненне Не дапусьціць, каб Паўночна-Заходняя Беларусь была ператвораная ў рэзэрвацыю, дзе беларусам дадуць поўнае права выраджацца й выміраць. Не здавацца. Ня хныкаць. Не зрывацца ў раж нянавісьці. Я вельмі прашу вас, дарагія чытачы ПАГОНІ: проста адчуйце, што вы жывеце ў самым сэрцы роднае Беларушчыны. Адчуйце, як гэтае сэрца б’ецца, як адстуквае па сэкундах сёньняшні час. Проста полюбіце свой няшчасны й геніяльны край як самога сябе. I тады ФУНДАМЭНТАЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ сапраўды падымецца на ўвесь рост.