Спіс

Гутарка з Паўлам Севярынцам (этэр «Начной Свабоды» ад 12 траўня)Аўдыёзапіс размовы тут

 

Павал, добры вечар.

Добры вечар.

Што вы першае зрабілі, як прыехалі ў Віцебск?

Яшчэ не даехаўшы да Віцебска я пачаў тэлефанаваць сябрам, паколькі зьявілася мабільная сувязь. Мы зьвязаліся з тымі хлопцамі, якія чакаюць крымінальных справаў, знаходзяцца пад перасьледам і паразмаўлялі зь імі.

Павал, скажыце, а чаго вам не стае ў зьняволеньні ў параўнаньні з вольным жыцьцём?

У першую чаргу сувязі — мабільнай сувязі, інтэрнэту, штодзённых стасункаў з блізкімі людзьмі. Ну і, скажам так, стасункаў з тымі, хто жыве ў іншых рэгіёнах краіны, зь імі мы толькі лістуемся, а гэта затрымка на некалькі дзён.

Вы адбылі ўжо болей за траціну пакараньня. Ці могуць вам цяпер яго замяніць на абмежаваньне волі па месцы жыхарства?

На абмежаваньне волі з 20-ці адсоткавым утрыманьнем заробку і пражываньнем па месцы жыхарства мне не дазволілі замену рэжыму (так званы ІТР), бо я не стаў на шлях раскаяньня, супрацоўніцтва з адміністрацыяй. Ну а дакладней там былі пэўныя фармальнасьці, якія я проста не выканаў — зачапіліся за гэта. Але ў прынцыпе ні ІТР ні ўмоўна-датэрміновае вызваленьне для мяне пакуль не прадугледжваецца.

А вас прасілі напісаць якія-небудзь лісты з пакаяньнямі?

Намякалі на гэта і ўвесь час калі прыязджалі людзі зь Менску, Віцебску, якія сачылі падчас падзеяў у Менску каб я знаходзіўся ў Малым Сітне прапаноўвалі тры вэрсіі: альбо — Паша, сыходзь з палітыкі, альбо — Паша, ідзі ў манастыр, альбо — Паша — жаніся.

А апошняе чым вам не падабаецца?

Не, мне падабаецца гэта, але ў вольнай краіне. Спачатку зробім краіну вольнай, спачатку перамога а тады будзем думаць пра тое, як паляпшаць дэмаграфічную сытуацыю, уладкоўваць уласнае асабістае жыцьцё.

А вы думаеце, што ўсётакі дэмаграфічная сытуацыя меньш важная чым палітычная? Вось Лукашэнка сказаў сёньня, што дэмаграфічная важней.

Калі браць Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку, вось хай бы ён і заняўся. Што тычыцца маёй пазыцыі, я яе казаў: больш эфэктыўна тым людзям, якія зараз змагаюцца за Беларусь спачатку пабудаваць вольную дзяржаву, а затым ужо думаць пра свой асабісты лёс, бо як актыўны палітык я змагу зрабіць для Беларусі зараз болей, чым як добрапрыстойны сем’янін.

Павал, вось мы чулі з выпуску навінаў, што сёньня тры месяцы арышту далі зуброўцу Мікіту Сасіму, пазаўчора на два гады абмежаваньня волі асудзілі, як і вас, маладафронтаўца Артура Фінькевіча, сядзяць за кратамі людзі з «Партнэрства». Як вы лічыце, што людзі на волі могуць зрабіць, каб падтрымаць гэтых людзей і вас у тым ліку?

Падтрымка тых, хто зараз знаходзіцца пад крымінальным перасьледам і па кім зараз ідуць суды, гэта зараз, мне здаецца, асноўны нэрв грамадзкага жыцьця, гэта асноўны фронт змаганьня. І таму, адзінае, што зараз трэба рабіць, гэта салідарнасьць. Гэта салідарнасьць у любых формах — зьяўленьне на судзе, лісты падтрымкі, тэлефанаваньні, заклікаць сябраў падыходзіць і прымаць удзел у негвалтоўных акцыях супраціву, якія праводзяцца падчас гэтых судоў. Гэта зараз вельмі важна. І больш за тое, скажу, што на дадзены момант многія лідэры палітычныя ў Беларусі нават не ўяўляюць, наколькі гатовае да салідарнасьці нашае грамадзтва, недаацэньваюць гэты патэнцыял.

Вось у сваёй апошняй порцыі запісак з Малога Сітна, вы пішаце пра вясну, палітычную ў тым ліку, што вы яе адчуваеце. А іншыя людзі так, у Малым Сітне, гэтую вясну адчуваюць?

Іншыя людзі адчуваюць. Некаторыя інтуітыўна, некаторыя цалкам сьвядома. Тут можна прыгадаць і ўнікальнага чалавека, слухача «Свабоды» зь пяцідзесяцітрох гадовым стажам Робэрта Багарада, у якога мы, час ад часу, «Свабоду» слухаем, які адчувае гэтую вясну. Разам зь якім мы ўдзельнічалі ў вясновых, што называецца, палявых працах — гарод, сад. Вось. Адчувае вясну непасрэдна. Гэтак і людзі, якія выяўляюць свой пратэст праз акцыі працоўнай нязгоды са сваім начальствам праз тыя акцыя, якія, можа быць і не зьяўляюцца палітычнымі, але як эканамічныя акцыя ўжо першы крок да сьвядомага пратэсту.

А якія крыніцы інфармацыі у вас там у Малым Сітне акрамя радыё? Ці глядзіце вы тэлевізар, напрыклад?

Тэлевізар гляджу, удаецца зрэдзьчасу. Праўда там ідуць дзьве беларускія праграмы — БТ і ОНТ і адна расейская — ОРТ. З гэтага інфармацыйнага пакету, канешне, цяжка скласьці поўную карціну таго, што адбываецца. Ну, але ж людзі навучыліся распакоўваць інтэрпрэтацыю, якая даецца беларускімі і расейскімі каналамі і дабірацца да зерне, да праўды, да ісьціны.

Ну, гэта як крыніцы інфармацыі. А як вы ставіцеся да рэклямы, якая цяпер на беларускім тэлебачаньні, на ОНТ, на БТ?

Мне здаецца, тут значна меней прафэсіяналізму, значна болей спробы «абадраць», прашу прабачэньне за выраз, той народ, які хоць нейкія капейкі займеў апошнія гады. Усе гэтыя лато, якія квітнеюць апошнім часам, ну інакш як дзяржаўным махлярствам не назавеш. Дзяржава, якая за гэты кошт жыве, будуе сваю эканоміку на, прашу прабачэньне, «халяўных» грошах з Расеі, спрабуе гэткім жа чынам спагнаць грошы, якія хоць зьяўляюцца ў кішэнях, пазвоньваюць у грамадзянаў такім вось дастаткова бессаромным спосабам. Вось гэта напрыклад у сёньняшняй рэкляме на беларускіх каналах мяне раздражняе найбольш.

А як вы ставіцеся да рэклямы як зьявы ўвогуле?

Рэкляма як зьява — гэта рухавік гандлю. Яна — зьява станоўчая. Мне вельмі падабаецца рэкляма на ўкраінскіх тэлеканалах, якая ідзе цалкам па-украінску і фармуе ўкраінскую сьвядомасьць у людзей. У Беларусі, на жаль, гэта адзінкавыя выпадкі…

…Вы напісалі ўжо тры кніжкі: «Ды-джэй Адраджэньня!», «Пакаленьне Маладога Фронту» і «Нацыянальная ідэя». Цяпер, маючы досьвед зьняволеньня, жыцьця, так бы мовіць, у самай глыбінцы Беларусі, што б вы зьмянілі ў вашай кнізе пра нацыянальную ідэю?

Магчыма я б дадаў яе. І зараз існуе праект прапанаваны Алесем Пашкевічам, кіраўніком Саюзу Пісьменнікаў аб тым, каб пашырыць фэнамэналёгію Беларусі да ўзору тысячы фэномэнаў. Гэта, я думаю, будзе рэалізавана бліжэйшым часам у электронным выглядзе, гэта будзе ўсенародны конкурс і кожны зможа пашырыць вось гэтую фэнамэналёгію.

А якія б фэномэны вы б дадалі найперш цяпер? Што вам кінулася ў вочы за апошнія месяцы жыцьця?

За апошнія месяцы жыцьця? Ведаеце, беларускі народ, які пазбаўлены сваёй сьвядомасьці і пазбаўлены беларускасьці і боскасьці захаваў усё ж такі тыя рысы, якія дазваляюць, скажам так, рэканструяваць гэтую беларускасьць. І ў першую чаргу я б дадаў некаторыя рысы характару беларусаў, такія як руплівасьць, такія як рахманасьць, такія як лагоднасьць. Тыя рысы характару якія прынята лічыць нечым прыніжальным, нечым другагатункавым у ваяўнічых нацыянальных канцэпцыях, але тыя рысы, якія вызначаюць беларусаў як хрысьціянскі народ. Гэта я б у першую чаргу дадаў, зыходзячы з Сіценскага досьведу.

А рахманасьць, на вашую думку, гэта менавіта пазітыўная рыса?

Гэта пазітыўная рыса і ў гэтым глыбокі патэнцыял. Любая рыса, дадзеная Богам, мае капітальнае значэньне для любога народа і задача народа — проста раскрыць значэньне вось гэтых рысаў. Мне здаецца, што гэта ня ёсьць вынікам доўгай акупацыі Беларусі, гэта ня ёсьць вынікам вычварэньня беларускага характару. Гэта ёсьць глыбокі беларускі характар і наша галоўная задача — яго растлумачыць для саміх сябе, прыняць і выкарыстаць для будаўніцтва сваёй дзяржавы, сваёй нацыі.

Але нехта ж можа запярэчыць, што вось талерантнасьць, гэта нешта, што вы талеруеце, калі вы моцны і талеруеце некага больш слабага. А рахманасьць — гэта, маўляў, вы проста слабы і ня маеце сілаў працівіцца больш моцнаму. Вось таму і рахманы. Не?

«Дабрашчасныя ўбогія духам», кажа Эвангельле. І ў гэтым парадоксе ёсьць праўда. Хрыстос прыйшоў ў гэты сьвет вельмі слабым і слабое дзіцятка нарадзілася. І Хрыстос не ўжываў, практычна не ўжываў сілу ў Сваім першым прышэсьці. У гэтым глыбокі сымбаль. Менавіта ў слабасьці чалавечай выяўляецца сіла Божая. Гэта аксіёма для беларускага народа. Чым раней ён яе ўсьвядоміць, зразумее і пачне прымяняць у сваім штодзённым жыцьці, тым бліжэй, на мой погляд, будзе нацыянальнае абуджэньне.

Павал, вось досьвед некаторых краін Усходняй Эўропы паказвае, што дысыдэнты, маладыя дысыдэнты змагаюцца з дыктатурай, пры гэтым губляюць свабоду, магчымасьці кар’еры. А потым, калі дыктатуру разбураюць, лепш падрыхтаванымі да ўлады часта аказваюцца не яны а так бы мовіць «маладыя камсамольцы», кар’ерысты. Якія і пры дыктатуры сваё мелі і пры новай сістэме лепш уладкуюцца. Як можна ў будучыні ў Беларусі гэтага пазьбегнуць?

У першую чаргу трэба ўлічыць досьвед усіх краінаў постсавецкіх. Трэба ўлічыць досьвед Украіны, які, на мой погляд, прадстаўляе багата матэрыялаў для роздуму. Але самае важнае, мне здаецца, не губляць повезі тае салідарнасьці, якая існуе ў нашым сёньняшнім змаганьні. Мне здаецца, шмат што з гэтае салідарнасьці на першым этапе беларускага адраджэньня, у канцы 80-х — пачатку 90-х было згублена. І людзі згубіліся, заняўшыся ўласнымі справамі, уласнымі праектамі ў першую чаргу таму, што згубілі адчуваньне паплечнікаў. Менавіта таму салідарнасьць, якая выяўляецца зараз, вельмі важная ў часе, вельмі важна, каб яна захоўвалася і штодня абнаўлялася.

А як можна набыць досьвед нейкага кіраваньня, дзяржаўнага кіраваньня ў тым ліку? Бо як мяняць, напрыклад, мясцовыя адміністрацыі, калі зьменіцца ўлада. Бо ўсё роўна застануцца тыя ж самыя людзі якія служаць цяперашніму рэжыму. Адкуль прыйдуць новыя людзі?

Новыя людзі прыйдуць з новым пакаленьнем. Я ў гэтым перакананы. Пачынаючы ад таго, што ў многіх краінах Усходняй Эўропы і прэм’ерамі станавіліся трыццацігадовыя, а некаторыя нават і не дасягнулі трыццацігадовага ўзросту. Тым больш, што з мясцовымі праблемамі могуць справіцца і двадцаці і двадцаціпяцігадовыя. Шмат якія маладыя беларускія дэпутаты ў мясцовых Саветах гэта давялі. Той жа самы Алесь Зарэмбюк у Мастах, тая ж самая Вольга Карач у Віцебску, той жа самы Алесь Чыгір у Бабруйску. Людзі, якіх я даволі добра ведаю і якія сапраўды шмат робяць па сваіх акругах. Гэта не адзінкавыя прыклады, гэта сапраўды цэлае пакаленьне, пакаленьне людзей, якія глядзяць не на правадыра, што прызначае а глядзяць на людзей, якія выбіраюць, якія ў першую чаргу робяць нешта дл таго, каб іх краіна квітнела.

Павал, такое асабістае пытаньне. Мне адзін знаёмы расказаў, што вы ў Малым Сітне завялі ката і вельмі яго раскрамілі, маўляў, ён такі тоўсты там стаў. Як ён там цяпер жыве?

Схуднеў крыху. Вялікі пост быў, ня ўсё ж кату масьленіца, вось. І кот харчаваўся, натуральна, тым, што дадуць гаспадары. Так што зараз ён крыху прыйшоў у форму, у адпаведнасьць. Ну але ж кот, мы называем яго хрысьціянскі кот, ён быў прывезены з Полацка дэлегацыяй, якая ўключала ў сябе праваслаўных, вуніятаў і каталікоў. Яны прыяжджалі нядаўна наведаць ня толькі мяне але і свайго гадаванца. Засталіся задаволеныя.

А вы вырашылі, што будзеце рабіць з катом калі вызваліцеся?

Хутчэй за ўсё пакіну яго ў Сітне аднадумцу. Ён ужо папрасіў.

Скажыце, Павал, вы баіцеся цемры?

Не.

Абсалютна?

У прынцыпе, у дзяцінстве пабойваўся але зараз не…

…Павал, цяпер такія бліц-пытаньні. Калі ласка, калі можаце, адказвайце коратка. Ці маеце вы нейкае жыцьцёвае крэда, нейкі прынцып, які вам дапамагае ў жыцьці?

Веру ў Бога і люблю Беларусь.

Скажыце, якую кнігу вы апошнім часам чыталі акрамя Бібліі і якую б вы іншым людзям параілі пачытаць?

Сьвяціцель Лука Война-Ясенецкі. Ягоныя ўспаміны.

А чым яна так цікавая, што яе варта пачытаць іншым?

Гэты сьвяціцель, архіерэй, ён быў сьвятаром у гады бальшавіцкага тэрору. Адначасова быў сусьветна вядомым хірургам і прайшоў тры ссылкі.

Скажыце, ці падаеце вы жабракам і чаму?

Звычайна так, апроч тых, хто робіць гэта сваёй прафэсіяй і выяўляе нахабства. Чаму? Таму што міласьціна — гэта адзін з галоўных хрысьціянскіх учынкаў.

Вось мы чулі, што вы любіце гурт «Мясцовы Час», а якую яшчэ музыку вы слухаеце?

Звычайна рок, арт-рок, так званы, ну і вельмі падабаюцца мне супольныя праекты, кшталт таго што робяць Лявон Вольскі і сябры.

І скажыце, колькі грошай вам патрэбна для шчасьця?

Ну, столькі, колькі хапае на тое, каб пад’есьці, апрануцца і на мабільную сувязь.

А мабільная сувязь найперш для чаго вам патрэбная?

Безумоўна для палітычнай дзейнасьці. Гэта зараз абавязковы атрыбут палітыкі.

Вось яшчэ зусім нядаўна, некалькі гадоў таму людзі і ня ведалі пра мабільную сувязь. Ці б маглі вы без мабільнага тэлефона займацца палітыкай?

Часам даводзіцца. Месяц, прынамсі, тэлефанаваць з пошты, альбо з працы, альбо адкуль толькі магчыма. Магчыма абыйсьціся без усяго апроч веры ў Бога. Гэта маё перакананьне.

Дзякуй, Павал.

Дзякуй вам.