Спіс

Дарагія каліноўцы!
І ў Беларусі, і ў Польшчы звацца каліноўцамі – гэта гонар. Сымбалічна, што Беларусь і Польшча, Беларусь і Эўропа, Беларусь і дэмакратыя надалі вашай праграме салідарнасьці імя Каліноўскага. Кастусь Каліноўскі і для беларусаў, і для палякаў – змагар «за нашу і вашу свабоду», супраць тыраніі, дзеля нацыянальнага вызваленьня. Менавіта Каліноўскі абвясьціў знакаміты прынцып: «Не народ для ўраду, а ўрад для народу!»
Дарагія каліноўцы!

І ў Беларусі, і ў Польшчы звацца каліноўцамі – гэта гонар. Сымбалічна, што Беларусь і Польшча, Беларусь і Эўропа, Беларусь і дэмакратыя надалі вашай праграме салідарнасьці імя Каліноўскага. Кастусь Каліноўскі і для беларусаў, і для палякаў – змагар «за нашу і вашу свабоду», супраць тыраніі, дзеля нацыянальнага вызваленьня. Менавіта Каліноўскі абвясьціў знакаміты прынцып: «Не народ для ўраду, а ўрад для народу!» Менавіта Каліноўскі – аўтар паролю, што найбольш проста й ёміста фармулюе нацыянальную ідэю: «Люблю Беларусь!» Менавіта імем Каліноўскага назваў беларускі народ цэнтральную менскую плошчу ў сёлетнім сакавіку.

Каліноўцы… Многія з вас упершыню сустрэліся й пазнаёміліся там, на Плошчы.

Чын плошчы Каліноўскага стаўся сьведчаньнем мужнасьці й веры беларускай моладзі. Але вы ведаеце: Плошча была ня проста эмацыйным парывам, не адно ўсплёскам пратэсту, а вынікам цьвёрдае волі, вялікага цярпеньня й маральнай трываласьці: згадайце правілы, усталяваныя ў намётавым мястэчку. Жалезная дысцыпліна. Ніякага сьпіртнога й іншага дурману. Ніякага бруду й блуду. Пачарговая варта. І пакуль вакол шалела гэбоўская нечысьць, увесь сьвет бачыў: беларуская моладзь, як і беларуская будучыня, – моцная, чыстая, годная. Праграма імя Каліноўскага – гэта працяг плошчы Каліноўскага. Тыя студэнцкія аўдыторыі, дзе вы вучыцеся, тыя інтэрнацкія пакоі, дзе вы жывяце, тыя вуліцы, па якіх вы ходзіце – усё тая ж плошча Сумленьня й Адказнасьці.

Студэнты-каліноўцы!

Кастусю Каліноўскаму было столькі ж, колькі й вам, калі ён абдумваў і рыхтаваў нацыянальна-вызвольнае паўстаньне. Ён быў такі самы студэнт, які таксама вучыўся за межамі Беларусі – бо на радзіме, як і цяпер, панаваў жорсткі рэжым. Яму было ўсяго 23, калі ён узначаліў беларускі рух. І споўнілася толькі 25, калі яго, выдадзенага здраднікам, забілі акупанты.

Студэнт Каліноўскі ахвяраваў сваім асабістым жыцьцём дзеля Радзімы. Студэнт Каліноўскі здолеў арганізаваць шматтысячны супраціў рэгулярнай расейскай арміі й наладзіць закансьпіраванае падпольле пасьля разгрому паўстаньня. Студэнт Каліноўскі заклікаў адрадзіць веру бацькоў, марыў пра перамогу Беларусі пад бел-чырвона-белым сьцягам Хрыста і сьцьвярджаў: «Бог стварыў чалавека, каб ён карыстаў з вольнасьці справядлівай». Мужнасьці, цярпеньня й веры студэнта Каліноўскага сьмяротна баялася імпэрыя – і так чакала краіна…

Каліноўцы!

Вашая супольнасьць цяпер – гэта фарпост вольнае Беларусі на Захадзе. Усю тысячагадовую гісторыю нам даводзілася ня толькі несьці асьвету, свабоду, дэмакратыю й талеранцыю на дэспатычны, цемрашальны Ўсход, але й надаваць ідэалізму, цярплівасьці, веры й хрысьціянскай духовасьці задужа прагматычнаму, тэхналягічнаму Захаду. Вялікія беларускія апосталы гэтай беларускай місісіі на Захадзе – Тадэвуш Касьцюшка, Адам Міцкевіч, Ігнат Дамейка, Станіслаў Манюшка, Генрых Сянкевіч. Усе гэтыя вялікія беларусы ўжо ў маладосьці мусілі пакінуць Радзіму; большасьць зь іх, як і вы, вучыліся ў Польшчы, і кожнага зь іх ня толькі Беларусь, але й Захад прызналі маральнымі лідэрамі свайго часу. Калі ўсяго некалькі беларускіх студэнтаў у Польшчы ХІХ стагодзьдзя здольныя былі зьдзейсьніць духовыя перавароты ў цэлых краінах, які тады патэнцыял у некалькіх соцень беларускіх студэнтаў у Польшчы ў ІІІ тысячагодзьдзі!..

Дарагія каліноўцы!

Будзьце ж годныя імя Каліноўскага й найменьня «беларускія студэнты ў Польшчы». За вамі, як авангардам Новае Беларусі, назірае ўвесь сьвет. Вы – будучая эліта, якая ў свой час зьменіць Беларусь, а магчыма, і ўсю Эўропу. Таму сярод вас няма месца хцівасьці, разбэшчанасьці й нацыянальнаму бяспамяцтву.

«Каму многа дадзена – з таго шмат спытана будзе», кажа Біблія.

Вядома, адразу складана агледзецца й асвоіцца на чужыне, у краіне свабоды, дзе няма цэнзуры, ідэалёгіі й «Лініі Сталіна» – і адначасна процьма спакусаў. Але ж вы не паасобку. Як і на Плошчы, вы разам, і ў гэтым вашая сіла.

Таму галоўная задача, якая стаіць перад вамі цяпер – не «пакаштаваць усяго, чаго няма ў Беларусі», не давесьці, што «мы таксама ўмеем весяліцца й гуляць па-славянску». Галоўная ваша задача – самаарганізавацца. Як тады, на Плошчы.

Першае, што для гэтага трэба рабіць – часьцей зьбірацца. Выкарыстоўвайце выходныя, даты беларускага календара й умовы арганізатараў.

Другое – дамоўцеся пра супольныя мэты, прынцыпы й правілы вашага жыцьця ў Польшчы. Праграма Каліноўскага – гэта не «шчасьлівы білет на Захад», а пакуль толькі аванс, які дае вам Беларусь і салідарная Эўропа.

Трэцяе – абярыце Раду адказных за выкананьне дасягнутых вамі дамоўленасьцяў. Арганізуйце дружыну, якая будзе сачыць за парадкам і несьці варту ў інтэрнатах. Стварыце ўласную інфармацыйную й юрыдычную службы, культуровыя й спартовыя інцыятывы, каб у кожнага студэнта-каліноўца была магчымасьць для самарэалізацыі й разьвіцьця. Усталюйце кантакты зь беларускай дыяспарай у Польшчы, з «салідарнасьцёўцамі», зь мясцовымі ўладамі, з тымі, хто дапамагае дэмакратыі ў Беларусі. Беларусь чакае ад вас актыўнасьці й дзеяньня.

Чацьвертае – трымайцеся беларускасьці! Сёньня мы ня маем права выракацца роднай мовы й культуры. Размаўляйце паміж сабой па-беларуску. Адзначайце памятныя дні ды сьвяты. Разам чытайце беларускую незалежную прэсу, слухайце беларускую музыку, глядзіце беларускія фільмы. Памятайце пароль Каліноўскага: «Люблю Беларусь!»

Нарэшце, пятае. Ведайце, што посьпех Чэхіі, Прыбалтыкі, Сэрбіі, Грузіі й самое Польшчы вызначала духовая моц хрысьціянскага абуджэньня. Беларусам нельга надалей заставаца ў цемры камуністычнай дыктатуры й «праваслаўнага атэізму». А той, хто верыць у Бога і любіць Беларусь – як Каліноўскі, Дамейка, Касьцюшка – бярэ на сябе маральны абавязак адпавядаць.

Трымайцеся гэтак, каб Беларусі не было за вас сорамна.

Ня проста завіцеся «каліноўцамі» – будзьце каліноўцамі!

Жывеце па-беларуску – бо толькі так ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!

в.Малое Сітна