Спіс

Павал Севярынец крытыкуе камэнтар Рэдакцыі «Нашай Нівы» да Антыкамуністычнага форуму «З галавою ў мінулым» .
“Наша Ніва” абараняе камунізм.

Ніколі б не падумаў, што ад няўдалага пэрформансу аднаго з удзельнікаў Антыкамуністычнага форуму ў гадавіну бальшавіцкага перавароту першую беларускую газэту так разьвязе.

Калі пасярод сходу я выйшаў з залі на Ўправе й убачыў стаптаную дарожку “Таварыша”, адразу падумаў: а вось гэта нехта зрабіў дарма. Падабраўшы газэты й падлогі, патлумачыў відавочцам сваё стаўленьне і да “Таварыша” (ён мне насамрэч не падабаецца) , і да імпрэзы (тое, што газэта мне не падабаецца – не падстава, каб таптаць незалежную прэсу). Чалавек хацеў пацэліць у камуністаў, а трапіў у журналістаў. Крыўдна, вядома.

Але вось, праз тыдзень у маёй любімай газэце: “Ці камунізм гэта антыгуманная ідэалёгія?”

Шок і дрыжыкі, як той казаў.

“Паднялі хай, што боты выцерлі аб камуністычную газэту? — перапытаў Эрнэст Сабіла, — ды аб мяне камуністы 13 гадоў боты ў лягеры выціралі!”

Аб Беларусь таварышы камуністы (нагадаю тым, хто забыў або лічыць пытаньне неактуальным) выціралі боты 70 гадоў. Дарэчы, (слухайце Касьцяна, чытайце Рубінава, глядзіце Зюганава), выціраюць і дагэтуль.

“Падобныя форумы (антыкамуністычныя – ПС) ня маюць навуковай маральнай і палітычнай вартасьці сёньня” – піша Рэдакцыя. Дзіўнавата чытаць гэты ў рэдакцыйнай перадавіцы. Навошта ж тады паліць з усіх ствалоў па “прывідах” мінулага?

“Ідэя пакаяньня камуністаў анахранічная” – сьцьвярджае “Наша Ніва”. Позна каяцца хіба што па сьмерці. Ці памёр камунізм? Не.

Вуліцы Карла Маркса й помнікі Леніна на месцы. Майкі Чэ Гевары на жыватах. Гімны БССР ды СССР увушшу. Зрэшты, дастаткова зірнуць нат на форум nn.by, каб пераканацца: усё вельмі надзённа.

Сам Сяргей Калякін у сьвежым нумары “Таварыша” піша: “Идеалы Октября еще предстоит претворить в жизнь”. Памятлівага беларуса такі лёзунг прабірае да касьцей.

Чым камунізм па вялікім рахунку, розьніецца ад нацызму? Тым, што нацысты зьнішчалі чужых, а камуністы – сваіх? Тым, што дагэтуль ня высьветлена, хто зьнішчыў больш?

Параіў бы калегам-нашаніўцам выхоўваць нецярпімасьць да зла на рэчах менш спрэчных, чым той жа “Таварыш”.

Як хрысьціяне мы мусім умець аддзяляць грэх ад грэшніка. Веру ў тое, што нават самы фанатычны камуніст, шчыра пакаяўшыся перад Богам, атрымае дараваньне. Але сам камунізм – прычым не адно як практыка, але і як бязбожная, агрэсіўная, клясавая, разбуральная ідэалёгія – зло, якое ня мае апраўданьня. Сёньняшняя “дзяржаўная ідэалёгія” у параўнаньні з камунізмам – суцэльная, прабачце, дэклярацыя правоў чалавека.

Пра што спрачаемся, беларусы?

Чытайма прапановы Антыкамуністычнага форуму!

«Праграма дзеяньняў па выкараненьні наступстваў панаваньня камуністычнага рэжыму ў Беларусі

1. Дамагацца ад дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь прызнаньня дзеяньняў камуністычнага рэжыму ў 1919–1956 гг. генацыдам беларускай нацыі і публічнага асуджэньня камуністычнай ідэалёгіі як тэарэтычнага падмурку гэтых злачынстваў.

2. Патрабаваць заканадаўчай забароны прапаганды камунізму ў Беларусі, нароўні з фашызмам і нацыянал-сацыялізмам.

3. Зьвярнуцца ў Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь з патрабаваньнем забароны дзейнасьці палітычных партыяў і арганізацыяў, якія стаяць на грунце злачыннай камуністычнай ідэалёгіі.

4. Патрабаваць рэгулярнага адзначэньня на дзяржаўным узроўні Нацыянальнага дня памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў 29 кастрычніка і ўвядзеньня яго ў афіцыйны дзяржаўны каляндар сьвяточных і памятных дзён.

5. Патрабаваць ад Міністэрства адукацыі перагляду вучэбных праграмаў гуманітарных дысцыплінаў, якія выкладаюцца ў сярэдніх і вышэйшых навучальных установах Беларусі, з тым, каб яны ўтрымлівалі безумоўнае асуджэньне злачынстваў камуністычнага рэжыму і недапушчэньня прапаганды камунізму.

6. Стала інфармаваць беларускае грамадзтва пра камуністычныя рэпрэсіі праз стварэньне і распаўсюд адпаведнай друкаванай і відэа- прадукцыі.

7. Стварыць базы дадзеных па камуністычных рэпрэсіях супраць беларускага народу – асобаў ахвяраў, асобаў катаў, месцаў і датаў расстрэлаў і катаваньняў. Распачаць працу па напісаньні “Чорнай кнігі камунізму ў Беларусі”.

8. Арганізоўваць зборы подпісаў і ініцыяваць мясцовыя рэфэрэндумы па пытаньнях перайменаваньня вуліцаў і ўстановаў, названых імёнамі арганізатараў і выканаўцаў масавых рэпрэсіяў, а таксама зьвязаных з прапагандай камуністычнай ідэялёгіі, і дэмантажу помнікаў тэарэтыкам і практыкам камунізму.

9. Дамагацца ўсталяваньня помнікаў і памятных знакаў на месцах расстрэлаў і катаваньняў, усталяваньня помнікаў і мэмарыяльных дошак, а таксама пераназваньня вуліцаў у гонар знаных барацьбітоў супраць камуністычнага рэжыму ў Беларусі.

10. Стварыць фонд падтрымкі ахвяраў камуністычных рэпрэсіяў у Беларусі дзеля дапамогі тым зь іх, каму такая дапамога патрэбная.

11. Далучыцца да працы Міжнароднага трыбуналу над камунізмам».

Ці ёсьць яшчэ пытаньні, таварышы?

Камэнтар Андрэя Дынька чытайце на сайце «Нашай Нівы«