Спіс

Беларускія баптысты заявілі, што не падпарадкуюцца абмежаваньням «закону аб свабодзе сумленьня «, прынятага нядаўна ў інтарэсах Расейскае праваслаўнае царквы. Калі ўлічыць, што Саюз эвангельскіх хрысьціян-баптыстаў мае грамады, большыя за структуры любое палітычнае партыі, прычым практычна ва ўсіх гарадах Беларусі, — заява сур’ёзная.Беларускія баптысты заявілі, што не падпарадкуюцца абмежаваньням «закону аб свабодзе сумленьня «, прынятага нядаўна ў інтарэсах Расейскае праваслаўнае царквы. Калі ўлічыць, што Саюз эвангельскіх хрысьціян-баптыстаў мае грамады, большыя за структуры любое палітычнае партыі, прычым практычна ва ўсіх гарадах Беларусі, — заява сур’ёзная.
Баптысты (ад грэцкага «baptizo» — хрысьціць у вадзе) узьніклі на пачатку ХVII ст. у Ангельшчыне. У параўнаньні, напрыклад, з каталіцтвам і праваслаўем, баптысты маюць спрошчаную сістэму абраднасьці, вызнаюць толькі два таемствы — хрышчэньне й хлебапераламленьне — ды лічаць, што прымаць хрост абавязкова трэба ў сьвядомым веку. У астатнім гэта вельмі набожныя хрысьціяне, абыякавыя да сьвецкіх забаваў і тэлевізіі. Баптысты — найбуйнейшая пратэстанцкая дэнамінацыя ў ЗША. Біл Клінтан, напрыклад, прыхажанін адной з тамтэйшых баптысцкіх цэркваў.
У Беларусі першыя баптысцкія суполкі зьявіліся пры канцы ХІХ ст., і ўжо ў 20-х гадох мінулага стагодзьдзя на Палесьці існавала шматтысячнае аб’яднаньне вернікаў. Але пасьля вайны атэістычная дзяржава, якая пільнавала сувязі баптыстаў з амэрыканскімі місіямі, справакавала раскол у Царкве ЭХБ на «ляяльных» і «непрымірымых», перасьледавала баптыстаў за малітвы на прыватных кватэрах, адмаўленьне ад службы ў савецкім войску й нават дабрачынныя вечарыны. Улады патрабавалі ад пастараў грамадаў, каб вернікі хадзілі ў кіно, тэатры ды клюбы. Хтосьці эміграваў, але большасьць засталася. Ціхае, але прынцыповае й упартае непадпарадкаваньне і зрабіла зь іх знакамітых «баптыстаў-антысаветчыкаў».
Зразумела, што наяўнасьць шматлікіх і добра арганізаваных хрысьціянаў па ўсёй краіне нэрвуе рэжым: гэтая частка грамадзтва яўна непадкантрольная ані разнарадкам на галасаваньне, ані «дзяржаўнай ідэалёгіі», ані «праваслаўнаму атэізму». У 1995 г. менавіта дзякуючы падтрымцы баптыстаў у Вярхоўны Савет ХІІІ скліканьня яшчэ ў першым туры па адной з палескіх акругаў з посьпехам абраўся Павал Знавец. Баптысты ведаюць, што стаўленьне хрысьціянаў да ўлады не вычэрпваецца словамі апостала Паўла: «Усякая душа няхай скараецца вышэйшым уладам, бо няма ўлады не ад Бога…» (гл. Рым. 13:1). Вернік падпарадкоўваецца ўладзе толькі да тае пары, пакуль яе загады не ўваходзяць у супярэчнасьць з запаветамі Божымі (гл. усю Біблію цалкам).
Хрысьціяне — самая сур’ёзная праблема для дыктатараў. Той, хто верыць у Хрыста, становіцца на калені толькі перад Богам. Маўклівы, але масавы хрысьціянскі пратэст у Беларусі ўжо рэальна існуе. Дастаткова яшчэ аднаго рэзкага кроку рэжыму — і супраціў можа стаць публічным.