Спіс

Ціха стала навокал. Падазрона ціха. Так бывае толькі тады, калі беларусы зноў сыходзяць у партызаны.Ціха стала навокал. Падазрона ціха. Так бывае толькі тады, калі беларусы зноў сыходзяць у партызаны.

Партызаніць улада: на перамовах з Расеяй спачатку паціскае рукі дарагім гасьцям, а потым крадком падкладае ўсякія гадасьці. Партызаніць апазыцыя: засела ў падпольлі і рыхтуе дывэрсантаў, якія пойдуць ад вясковых акругаў у палатку. Народ дык той увогуле хаваецца ў лес па поўнай праграме: чым мацнейшы эканамічны крызыс і палітычны прэс, тым цішэйшыя шолахі.

Урэшце, надыходзіць глыбокая магільная ціша, якая ў Беларусі мае асабліва злавеснае значэньне.

Куды падзеліся дэманстранты канца 80-х? Рабочыя 1991-га? Мітынгоўцы вясны-96? Усе ў Бэльгію зьехаць не маглі. Большасьць — у бытавой партызанцы.

Сустракаеш знаёмага, які калісьці праломваў міліцэйскія кардоны, ужо з абывацельскай авоськай ці зьдзіцячым вазком, распытваеш, як жыцьцё. — І бачыш гэтыя вочы, затоеныя й дрымучыя, быццам рулі з гушчару. «Дастала ўсё… Нічога ня будзе…» — абыякава кажа беларус І адводзіць погляд убок, каб ты не пасьпеў заўважыць стрэльбы. А ў паветры павісае ясны працяг: «…Але ж хай толькі сунуцца ў лес!»

Беларусаў, якія заселі ў партызанах, вельмі цяжка вывесьці на плошчу або, скажам, кандыдатамі на выбары. Беларусу партызанскім стане маўклівы, нейкі неахайны, нават сонны на першы пагляд. Здранцьвёньне сканчаецца толькі тады, калі пачынаецца сур’ёзная заваруха.

Беларуская ціша мае шмат абліччаў. Беларус хаваецца ў хаце, у кухні, на працы й нават часам у выбарчай скрыні. Узброеныя да зубоў беларусы могуць вельмі ўтульна ўладкавацца ў самых цьмяных, парослых мохам куточках сваёй душы, так што ўсе навокал будуць зьдзіўлена разглядацца: а дзе ж тут хоць бы адзін?!

І ЦІШЫНЯ…

Беларуса-партызана за ўсю гісторыю яшчэ не перамагаў ніхто. Пытаньне ў іншым: акупацыя пры беларускай партызанцы здольная трываць бясконца доўга.

Праўда, можа атрымацца і як у тым анэкдоце. Выходзіш зь лесу «Мужыкі, немцы ўжо сышлі?». А вайна ўжо гадоў пяць як скончылася.