Спіс

Палемічны артыкул, надрукаваны пасьля ІІІ Сойму Маладога Фронту, дзе была прынятая хрысьціянска-дэмакратычная праграма, накіраваная супраць бязбожніцтва й экстрэмізму сярод моладзі. «Наша Ніва», 24.07.2000

. .. Пачуўшы гэтае,
цар Ірад занепакоіўся,
і ўвесь Ерусалім зь ім.

Мц 2:3

Слаўлю Цябе, Ойча,
Госпадзе неба й зямлі,
што Ты ўтоіў гэта
ад мудрых і разумных
і адкрыў тое дзецям!

Мц 11:25

 

ІІІ Сойм Маладога Фронту стаў адным з самых гарачых гітоў палітычнага лета. І калі сьпярша многіх уразіла напружаная атмасфэра ў залі, хлопаньне дзьвярыма й сэнсацыйная раскладка галасоў, дык потым на зьмену імгненьню скандальнасьці прыйшлі разважаньні нашмат глыбейшыя: што такое адбываецца ў нетрах Маладога Фронту? Што за сіла падымаецца з маладымі пакаленьнямі? Адкуль гэтыя новыя словы, новае вымярэньне нацыянальнае ідэі — і ўвогуле, чаму менавіта цяпер так імкліва разгортваецца сьветапоглядная, духовая, хрысьціянская эвалюцыя сярод беларускае незалежніцкае моладзі?

Чым ёсьць Малады Фронт

У апошнія гады, пачынаючы зь Вясны-96, у Маладым Фронце, нібы ў магічным крышталі, адлюстроўваліся найважнейшыя маладзёвыя настроі. Сьпярша цьмяны, нефармальны, стыхійны рух юнае альтэрнатывы бэпээсэму й апазыцыі рэжыму штогод рабіўся ўсё больш кшталтаваным, выразным, празрыстым; з кожным пераўтварэньнем асяродзьдзя ці спосабаў дзеяньня — радыкалізмам, палітычным сьцёбам, шоў ці культурніцтвам — набываючы ўсё больш дасканалыя, цэласныя арганізацыйныя й ідэалягічныя грані. Малады Фронт увесь час апынаўся на вастрыі падзеяў, выпрабоўваючы лязо рызыкі, заўсёды ставіў пытаньні рубам і бліскуча на іх адказваў акцыямі — словам, быў фокусам нацыянальнага маладзёвага руху і сыгналам зьменаў для ўсяго грамадзтва. За чатыры гады яркага й эфэктнага сталеньня МФ стаўся і тым эпіцэнтрам, у якім праходзілі выпрабаваньне ды загартоўку маладыя кадры апазыцыі, і акумулятарам, у якім канцэнтраваўся зараджаны патэнцыял тэндэнцыяў ды ідэяў.

Зразумела, што з самага моманту ўзьнікненьня Маладога Фронту кожны хацеў бачыць у найбуйнейшай маладзёвай незалежніцкай арганізацыі штосьці сваё, абавязкова прадказальнае і ў вядомай ступені камсамольскае. Камусьці здавалася, што раскручаны МФ народжаны прарываць спэцназаўскія кардоны ці «мачыць» баркашоўцаў, хтосьці лічыў галоўнай задачай моладзі масавую дапамогу старэйшым таварышам, для некаторых маладафронтаўцы мроіліся гэткімі рэвалюцыйнымі «няўлоўнымі мсьціўцамі» і так далей. Любыя адхіленьні ад вызначанае легенды ўспрымаліся вельмі хваравіта. Крытыкаў раздражняла «Алімпіяда Маладога Фронту» («ну, і што людзі пра вас падумаюць…»), не падабаліся ані Шоў беларушчыны, ані ды-джэі Адраджэньня («хаця, канечне, і мова, і культура трэба»), а калі ў Маладым Фронце пачалі ўсё часьцей згадваць пра веру й хрысьціянскія прынцыпы — стала абсалютна ясна, што МФ канчаткова перастае падпарадкоўвацца стэрэатыпнай лёгіцы й імкліва перарастае і школьную форму, і камуфляж, і партыйныя пінжакі. Гэта перапалохала ўсіх, хто ставіў на сваю моладзь, на нашых хлопчыкаў, на маладняк. Духовая сіла, што ўздымала маладафронтаўскія памкненьні, няўжарт спужала тых, хто прывык усё вымяраць грашыма, палітычнай мэтазгоднасьцю або напругаю нянавісьці. Менавіта адсюль саўковыя штампы, падобныя на скрыгат зубоў: «у нас сьвецкая арганізацыя», «захапленьне рэлігіяй», «артадоксы», «клерыкалы» — не хапала толькі хіба «баптыстаў-антысаветчыкаў» ды жалезнае рэплікі мураўца Жаглова — «Міласэрнасьць — папоўскае слова!»

Было проста шкада глядзець на гэткіх дзеячоў пасьля Сойму. Яны ніяк не маглі даўмецца, што адбываецца. «Толькі не кажы, што вам Бог дапамагае,» — пры сустрэчы падазрона папярэдзіў мяне адзін з такіх суразмоўцаў. Ды я й не кажу — проста хто мае вочы, той бачыць.

Малады Фронт — гэта адкрыты выклік, прычым як рэжыму й імпэрыі, так і ўсяму злу, абыякавасьці, хлусьні ў сёньняшнім грамадзтве. Выклік новае генэрацыі, які з боем прарываецца праз састарэлы, спустошаны, заразны й сьмяротна хворы саўковы сьветапарадак — да глыбокае веры й шчырае любові, да поўнае праўды й свабоды, да справядлівасьці й еднасьці. Ня дзіва, а заканамернасьць, што менавіта ў Маладым Фронце высьвецілася й скрышталізавалася падспуднае духовае чаканьне спакутаванай, падаўленай нацыі. Непрыкметнае, але паўсюднае нарастаньне сутнасных пераменаў у масах народу і, найперш, моладзі, набліжае сапраўдны выбух Духу, які ў хуткім часе прымусіць казаць ужо не пра фэномэн Маладога Фронту, а пра абуджэньне ўсёй Беларусі. Грандыёзная хваля эвангелізацыі, пачатая яшчэ з разбурэньнем імпэрыі зла, а цяпер шматкроць узмоцненая міленіюмам і небывалай актывізацыяй хрысьціянаў на ўсёй плянэце, сёньня непазнавальна зьмяняе сьвет, закладае й фармуе на бліжэйшыя гады й дзесяцігодзьдзі новыя грамадзтвы. І маладафронтаўская ўспышка для Беларусі — толькі адзін зь першых пробліскаў калясальнага азарэньня, якое на мяжы тысячагодзьдзяў ахоплівае народы й краіны.

Кульмінацыя Сойму

Малады Фронт ішоў да свайго праграмнага піку ўсе чатыры гады. На Сойме 1 ліпеня сканцэнтраваліся чаканьні цэлага пакаленьня маладзёвага руху — і таму для беларускага нацыянальнага працэсу ён зьявіўся падзеяй эпахальнай. Менавіта на такіх бурлівых, крытычных зьездах, у такіх яскравых і прынцыповых супрацьстаяньнях выяўляецца ўсё сьвятло й цені, крышталізуюцца ідэі, якія потым авалодваюць сотнямі тысячаў і мільёнамі, фармуюцца настроі й сьветапогляды генэрацыяў і даюцца імпульсы глыбінным грамадзкім пераўтварэньням.

Вялізная гулкая заля ДК «Сукно», дзе сабраліся 189 дэлегатаў і чалавек сто гасьцей ды журналістаў, дзе пустыя месцы былі завешаныя бел-чырвона-белымі сьцягамі, выглядала ад гэтага яшчэ аграмаднейшай і ўрачыстай. Сойм пачаўся гімнам «Магутны Божа».

Падзеі разгортваліся з нарастаючай напругай. Ужо ў выступах запрошаных лідэраў апазыцыі адчуваліся першыя ідэалягічныя ноткі й намёкі. У справаздачы й абмеркаваньні дзейнасьці Маладога Фронту за 1999—2000 гады супярэчнасьці літаральна працялі спрэчкі. У палітычнай частцы на тле Вясны-2000, Кангрэсу й выбараў адпаведныя пазыцыі замацоўваліся й абгрунтоўваліся. І вось прыняцьце Статуту: першае капітальнае сутыкненьне. Прапануецца выключыць зь пераліку маладафронтаўскіх мэтаў «хрысьціянскія прынцыпы». Але «за» нечакана галасуе ўсяго толькі 27 чалавек. Надыходзіць абмеркаваньне Праграмы. Два варыянты: альбо радыкальная й элітная арганізацыя прафэсіяналаў, альбо нацыянальны рух моладзі на духовых падставах. «Малады Фронт Пераменаў» перамагае, набіраючы ў два з паловай разы больш галасоў. Далей — выступы кандыдатаў: у залі ўсё гарачэла, дыскусія часам пагражала перарасьці ў перапалку. Таемнае галасаваньне бюлетэнямі, кабінкі й скрынкі пад вартай дружыньнікаў, здагадкі, перашэптваньні, наструненае чаканьне… І, нарэшце, вынікі.

Сыход з МФ Аляксея Шыдлоўскага, Лёшы Янукевіча, Уладзі Лабковіча непрыемна ўразіў усіх і стаўся сьведчаньнем найвастрэйшае стоенае напругі. Вельмі шкада. Але наколькі важным, ключавым быў праграмны маладафронтаўскі Сойм, наколькі высокімі былі стаўкі, настолькі й драматычным атрымаўся сцэнар. Вырашальныя скрыжаваньні ніколі не бываюць пралічанымі ці бязбольнымі. Гэта страшнае сілы выпрабаваньні. 1 ліпеня Малады Фронт аказаўся мацнейшы за БНФ-99: сышлі толькі некалькі чалавек. І, што яшчэ важней, сутнасныя вынікі Сойму далёка пераўзышлі эфэкт псыхалягічнае разьвязкі ці чыесьці асабістае перамогі.

Цяпер галоўнае для МФ — уявіць, якая аграмадная прастора адкрываецца перад нацыянальным рухам моладзі, якую гіганцкую адказнасьць мы бярэм на сябе. Трэба ўзгадаць, дзеля чаго з такой рашучасьцю мы адстойвалі свае перакананьні. Узьняць вочы, расправіць плечы, глыбока, да самых карэньняў лёгкіх, удыхнуць. Бо сёньня, сярод задушлівага нявер’я і апатыі, з кранічным бракам волі й дэфіцытам любові, Беларусі патрэбны максымальны размах пытаньняў, нестандартныя, маланкавыя крокі, выразныя, да бляску вострыя моцныя дзеі. Новы час патрабуе словаў найвышэйшае напругі і цудаў Духу ад нас.

З Соймам завяршылася цэлая маладафронтаўская эпоха, пэрыяд захопленае юнацкасьці і сталеньня. Цяпер надыходзіць новая эра — эра духовых пераменаў, якія трэба пачынаць зь сябе.

Народжаныя БНФ

Сымбалічны факт: 1 ліпеня 2000 г. Малады Фронт перажыў такую ж кульмінацыю сваёй гісторыі, як і БНФ. Больш за тое, малдафронтаўцам удалося нарэшце ажыцьцявіць глябальнае пераўтварэньне, якое сем гадоў таму правалілася ў старэйшым Фронце. Тады, у 1993 г., на пяты год легендарнага змаганьня Беларускі Народны Фронт праводзіў праграмны трэці зьезд — роўна як і зараз, на пятым годзе свайго яркага й рамантычнага станаўленьня, сабраліся на трэці Сойм маладыя, прымаючы сваю Праграму.

У 93-м, калі хто памятае, быў унікальны момант: інэрцыя пераможнага антыкамунізму запаволілася амаль да нуля, што вымусіла да трансфармацыі ўсходнеэўрапейскія нацыянальныя рэвалюцыі, і беларускае грамадзтва яшчэ магло пайсьці шляхам незваротным пераменаў. Нават фронтаўскія антаганісты, Пазьняк і Хадыка, у адзін голас заяўлялі пра патрэбу пераўтварэньня БНФ у шырокі стваральны Хрысьціянска-дэмакратычны рух, пра наданьне рэальнага зьместу духоваму Адраджэньню. Была падрыхтаваная Праграма, грунтаваная на хрысьціянскіх прынцыпах (зугадваеце?), праводзіліся канфэрэнцыі, публікаваліся артыкулы й кнігі… Але большасьць дэлегатаў зьезду паўстала супраць: нават аўтарытэту двух найбольш уплывовых лідэраў у той час было не пад сілу пераадолець татальныя савецкія комплексы й стэрэатыпы. Большасьць уяўляла Фронт бязьлітаснай барацьбой з гэбэ, намэнклятурай і Масквой, дзе няма месца «рэлігіі», дараваньню і любові. У выніку 30 траўня (праз 6 гадоў менавіта ў гэты дзень адбудзецца катастрофа Нямігі) з Праграмы БНФ былі вынішчаныя амаль усе згадкі пра хрысьціянства, стваральная ідэя разгромленая, «Адраджэньне» ператварылася ў рытуальны дадатак, а зь «Беларускага» й «Народнага» сэнсоўным застаўся адно «Фронт». Далейшая гісторыя БНФ — шэраг усё мацнейшых паразаў: адыход ад Фронту цэлых партыяў і арганізацыяў, зьняцьцё Шушкевіча, раскрутка Лукашэнкі, прыняцьцё Канстытуцыі-94 пад Кебіча, пройгрыш на прэзыдэнцкіх выбарах, а потым і капітальны правал усіх кампаніяў 1995-га… Фронтаўскае адраджэньне надышло толькі ў сакавіку 96-га. Але гэта была ўжо гісторыя іншага, Маладога Фронту.

І вось праз 7 гадоў пасьля памятнага 93-га ўладная генэтыка рубам паставіла ўсё тое ж ключавое пытаньне і перад МФ. Якой будзе новая хваля нацыянальнага Адраджэньня? Усё залежала ад таго, з чым ідзе моладзь: зноў зь нянавісьцю альбо усё-ткі зь любоўю, з тым жа страхам або зь вераю, з гэткай жа пустой душой ці з Богам. І тая рашучасьць, зь якой маладафронтаўцы выбралі глыбінныя перамены духу, не пакідае ніякіх сумненьняў: на арэну выйшла якасна новае пакаленьне.

Зрэшты, сёньня і сам БНФ, які паціху ачомваецца ад катастрафічных наступстваў расколу, мае ўсе шанцы ўздыхнуць з новаю сілаю, з новай хваляю, з моладзьдзю — і зноў стаць сапраўды агульнанародным Фронтам.

Н.Р.М.

Стратэгічнай праграмнай задачай Маладога Фронту зрабілася пераўвасабленьне МФ у Нацыянальны Рух Моладзі. Формула Н.Р.М. азначае задзіночваньне ўсіх маладзёвых незалежніцкіх арганізацыяў, салідарнасьць у дзеяньні на грунце нацыянальнае ідэі й хрысьціянкіх прынцыпаў. Пэрспэктыва ва ўмовах зьмены ўлады — ператварэньне нацыянальнага маладзёвага руху ў аграмадную, разьлічаную на некалькі соцень тысячаў чалавек сыстэму праграмаў ды ініцыятываў для моладзі: ад асьветніцкіх да сацыяльных, ад спартовых да шоў-бізнэсовых, ад кампутаравых да экалягічных. Менавіта сёньня час фармуляваць і закладаць у такім руху коды й вобразы будучых рэформаў, адпрацоўваць фірмовыя мадэлі, тэксты, тэхналёгіі й мэханізмы, якія потым заставалася б толькі раскручваць.

Сёньня масавы рух беларускае моладзі ўяўляецца найперш як арганізаваньне гарадзкіх нефармальных асяродзьдзяў. Прычым паняцьце «нефармалы», якое часьцяком ужываюць у дачыненьні да маладфронтаўцаў, поўнасьцю апраўдвае сябе: МФ прынцыпова выбірае не фармальную, а сутнасную канцэпцыю, не традыцыі, а каштоўнасьці, не «рэлігію» ці канфэсіі, а веру й любоў, ня літару, а дух. Не ўмоўны, не партыйны ці згуртаваны паводле інтарэсаў, а шчыры, адкрыты, натхнёны, такі разнастайны й такі едны рух!

Насамрэч, апошнім часам Маладому Фронту багата даставалася за тынэйджэраў. Многія недаўмявалі, чаму гэта МФ не студэнцкая арганізацыя, чаму асноўную масу сяброў складаюць 15-20-гадовыя і навошта працаваць сярод падлеткавых тусовак. Але якраз-такі тут і тоіцца вельмі істотны фэномэн. Менавіта ў 13-15-гадовым узросьце сёньняшняя моладзь абвальваецца ў крымінал і самагубствы, зьбягае з дому, быццам звар’яцеўшы, пачынае спойвацца й калоцца, губляе цікавасьць да жыцьця. Гэта час выпрабаваньня характару, унутранага сталеньня й барацьбы, фармаваньня асобы. Што характэрна, іншыя маладзёвыя арганізацыі абапіраюцца ўжо на старэйшых — на тых, хто «выжыў» пасьля пераломнага пэрыяду. А вось Малады Фронт — у самай небясьпечнай узроставай браме, у юнацкім гарніле, у эпіцэнтры, і таму натуральна, што менавіта ён усе чатыры гады служыў своесабліваю кузьняю маладых кадраў, рэзэрвуарам папаўненьня для баявых арганізацыяў і ЗБС, шматлікіх NGO, апазыцыйных партыяў і газэтаў.

Малады Фронт ізноў там, дзе страшна, брудна й балюча. Малады Фронт мусіць трываць, ратаваць і гартаваць гэтую моладзь дзеля Адраджэньня — інакш яе ўмомант згуртуе наркаманія, алькаголь ці злачыннасьць. Малады Фронт павінен выстаяць, бо апроч нас — няма каму. Бо два мільёны чалавек сёньняшняе моладзі — найбуйнейшы рухавік грамадзтва і адзіны рэальны шанец ажыцьцявіць кардынальныя перамены.

… Празь дзень пасьля Сойму сярод маладафронтаўцаў на Ўправе па руках хадзіла паперка, прынятая на адной з раённых радаў. Нефармальныя тусоўшчыкі, фанаты NRM і заўсёднікі вядомае «трубы» 2 ліпеня сабраліся на тэрміновае паседжаньне і пастанавілі «весьці сябе прыстойна, дысцыплінавана», «не ўжываць мацерных словаў», «поўнасьцю перайсьці на беларускую мову», «шанаваць месца збору»… Ведаеце, ад гэтага робіцца крыху цяплей на сэрцы.

Праграма

Нарэшце, найважнейшым вынікам папярэдняе маладафронтаўскае эвалюцыі сталася прынятая на Сойме Праграма «Малады Фронт Пераменаў». Ёй, зацененай інтрыгаю выбараў старшыні, аддалі ня так ужо й шмат увагі. А дарма. Праграма ўнікальная. Фронтаўскія палажэньні, узмоцненыя тэзамі Народнае Партыі Эўропы (найбуйнейшага правацэнтрысцкага аб’яднаньня Эўразьвязу) і Рэспубліканскае партыі ЗША, утварылі магутную базу для высноваў дванаццацігадовага беларускага нацыянальнага руху і хрысьціянскага зьместу. У трох частках Праграмы — клясычная трыяда: агляд і ацэнка папярэдняе гісторыі («Сталеньне МФ»), фармуляваньне патрэбы сёньняшняга часу («Нацыянальны Рух Моладзі») і поўнамаштабная выява будучыні («Наш вобраз Беларусі»). Разьвіцьцё маладафронтаўскага руху, ад стыхійных шэсьцяў, праз шоў, сьцёб і культурніцтва, да фармуляваньня нацыянальнае ідэі й хрысьціянскага сьветапогляду; плян задзіночваньня ў адзіны фронт усяго маладзёвага руху Беларусі; праграма-мінімум зь 10 пунктаў на бліжэйшыя паўтара гады; пералік асноўных пагрозаў; пэрспэктыва разгортваньня рэформаў («што мы зробім, калі прыйдзем да ўлады») і, нарэшце, фундамэнтальная ідэалягічная плятформа, пачынаючы ад «нацыянальнае ідэі» да «дзяржаўнага ладу», «гаспадаркі й прыроды» і заключэньня «Моладзь — за Беларусь!».

На сёньня ніводная беларуская маладзёвая арганізацыя, улучаючы й БПСМ, ня мае нічога падобнага. «Малады Фронт Пераменаў» — дэклярацыя нацыянальнае пэрспэктывы, плятформа для салідарнасьці ўсіх катэгорыяў і слаёў моладзі, першы маладзёвы праект духовага Адраджэньня ў новым пакаленьні. Малады Фронт заяўляе значна больш уражлівыя й далёкасяжныя мэты, чым проста палітычны посьпех, і сыстэматызуе ключавыя формулы, нацыянальныя сымбалі, мітынговыя лёзунгі й знакавыя вобразы ў цэласнае архітэктуры.

Відавочна, што праграма, заснаваная на катэгорыях веры й любові, ужо адным фактам свайго існаваньня выходзіць за рамкі грамадзка-прыкладное зьявы. Гэта новае слова для ўсяго беларускага нацыянальнага руху.

Спачатку заўжды слова. А цяпер Маладому Фронту трэба распачынаць франтальнае ажыцьцяўленьне сваёй праграмы — старацца ў кожным радку, кожным пункце хаця б дотыкам, лёгкімі штрыхамі й канкрэтнымі справамі разгортваць усеахопны, агульнабеларускі Малады Фронт Пераменаў, новы нацыянальны рух моладзі. Абнаўленьне мусіць адчуваць уся краіна. Старт дадзены, час пайшоў.

У тэмпе гадзіньнікавай стрэлкі будуецца новае пакаленьне — з гутаркамі й выступамі, артыкуламі й акцыямі, зь перажываньнямі й пераасэнсаваньнямі. Новае тысячагодзьдзе пачынаецца тут і цяпер. Новая эра Маладога Фронту — гэта час выходзіць з вузкага, замкнёнага апазыцыйнага кола, з клюбаў, асяродкаў і тусовак у нацыянальны рух моладзі, у двухмільённае мора хлопцаў і дзяўчат. Час рушыць пад бел-чырвона-белым Сьцягам Хрыста, які вымагае ад нас велічы веры й усёй вастрыні адказнасьці, дае нам невыносны боль за людзей і невымерную любоў да сваёй краіны. Час Маладога Фронту.