Спіс

Артыкул, напісаны на замову Незалежнага Інстытута Сацыяльна-Эканамічных і Палітычных Дасьледваньняў, аб маладым пакаленьні беларускіх выбаршчыкаў, надрукаваны ў бюлетэні «Навіны НІСЭПД», сьнежань 2001г.

Беларуская моладзь пераважнай большасьцю прагаласавала на прэзыдэнцкіх выбарах супраць А. Лукашэнкі. Масавы выхад 18-29-гадовых на ўчасткі для галасаваньня і імкненьне да зьменаў выявілі моцную грамадзка-палітычную сілу, стоеную ў новае генэрацыі. Пакаленьне, народжанае да Перабудовы, якое сфармавалася ў падзеях бурлівага постсавецкага дзесяцігодзьдзя, зрабілася самастойным адначасова зь дзяржаўнай незалежнасьцю, узмужнела з разьвіцьцём нацыянальнага руху й пачало задумвацца пра сэнс жыцьця разам зь адраджэньнем хрысьціянства, стала найбольш цікавым фэномэнам сучаснага соцыюму Беларусі, ключом да многіх загадак і адказам на самыя важныя пытаньні сёньняшняга часу. Яркая і супярэчлівая беларуская моладзь пачатку III тысячагодзьдзя сумясьціла ў сабе вялізнае жаданьне пераменаў і апатычную абыякавасьць, выразнае незалежніцтва і прыхільнасьць да Расеі, катастрофу Нямігі й прарыў Вясны-96, БПСМ і Малады Фронт, страшэнны алькагалізм, наркаманію, крыміналізацыю й экстрэмізм — адначасова з духовым уздымам, драматычным пошукам Бога, ісьціны й свабоды, веры й любові. Таму вельмі важна высьветліць, як гэтае пакаленьне адрэагавала на перамогу кіруючага рэжыму. Як яно думае жыць далей — супраціўляцца, прыстасоўвацца ці эміграваць? У чым яно бачыць пэрспэктыву на бліжэйшыя некалькі гадоў? Відавочна, што ад гэтага ў беларускім грамадзтве залежыць вельмі шмат.

9 верасьня: моладзь выбірае

Напярэдадні выбараў моладзь была найбуйнейшай сацыяльнай катэгорыяй беларускага грамадзтва, якая літаральна хорам патрабавала: «Пераменаў!» Лічбы жнівеньскага нацыянальнага апытаньня НІСЭПД гавораць самі за сябе:

• Сярод моладзі 18-29 гадоў толькі 22% ацэньвалі сваё матэрыяльнае становішча ў катэгорыях «можна жыць», яшчэ 52% лічылі, што «жыць цяжка», і 24% адказвалі, што ўвогуле, «жыць немагчыма».

• Толькі 21.8% маладых выбаршчыкаў выказвалі давер прэзыдэнту А. Лукашэнку — і тымчасам амаль 2/3 маладых людзей былі незадаволеныя тым, як ён кіраваў краінай.

• Чакалі, што пры А. Лукашэнку іх узровень жыцьця палепшыцца, ўсяго толькі 10.3% маладых узросту 18-24 гадоў і 9.5% 25-29-гадовых (для параўнаньня, сярод усяго насельніцтва так лічылі ўдвая больш рэспандэнтаў — 20.7%). Дарэчы, пры гэтым паляпшэньня жыцьця ад прыходу дэмакратаў чакалі 31.5% маладых выбаршчыкаў (усё насельніцтва — 16.1%, ізноў, удвая менш).

• Усяго 15.5% моладзі лічылі, што А. Лукашэнку няма вартай замены — пры тым, што настроі такога кшталту распаўсюджваліся на 35.8% усіх грамадзянаў Беларусі.

• Нарэшце, на пытаньне аб лепшай будучыні для Беларусі моладзь адказвала наступным чынам: «Беларусь у складзе Эўрапейскага зьвязу» — 32.6%, «Беларусь у саюзе з Расеяй» — 31.8%, «Беларусь цалкам нэўтральная, сувэрэнная дзяржава» — 15.3% і «Беларусь у складзе Расеі» 10%.

Такім чынам, чаканьні абсалютнае большасьці моладзі былі супрацьлеглыя накірунку дзеяньняў цяперашняга беларускага кіраўніцтва.

Мала таго, перад выбарамі моладзь ня толькі выяўляла выразна дэмакратычныя настроі, але, у адрозьненьні ад астатніх, яшчэ і спрабавала іх актыўна адстойваць. Бесперапынныя вулічныя акцыі ў 2001 г. ладзіла менавіта моладзь; майкі й налепкі, спэцвыпускі газэтаў і ўлёткі распаўсюджвалі ў асноўным маладыя, і, як вынік, галоўны ўдар рэпрэсіяў рэжыму — сотні затрыманых, зьбітых, арыштаваных, дапытаных — прыпаў на актывістаў маладзёвых арганізацыяў. Пры гэтым кідаліся ў вочы некалькі характэрных асаблівасьцяў маладзёвага супраціву-2001: па-першае, ён быў дэманстратыўны, нават выкліковы; па-другое, даволі арыгінальны й вынаходлівы па форме; і, самае галоўнае, не безнадзейна-адчайны, як мы прывыклі назіраць раней, а пралічаны, эфэктны й абавязкова сьцьвярджальны. Гэта паказвала, што моладзь ужо адчула ў сабе сілы і ўзяла на ўзбраеньне стратэгічны маладзёвы дэвіз: «Час працуе на нас!»

Вынікам гэтае маладзёвае хвалі сталася беспрэцэдэнтна высокая яўка выбаршчыкаў 18-30 гадоў на ўчасткі для галасаваньня: з прыблізна 1.600.000 маладых людзей, што мелі права голасу, да выбарчых вурнаў прыйшло каля 1.300.000 (паводле апытаньняў НІСЭПД, удзел у выбарах узяла больш за 80% моладзі 18-29 гадоў). I гэта пры тым, што на ўсіх папярэдніх выбарах апошняга дзесяцігодзьдзя маладзёвая яўка складала ад 10 да 40%! У вялікай актыўнасьці моладзі быў і відавочны эфэкт яркай, пазытыўнай мабілізацыйнай кампаніі «Выбірай!», якую Малады Фронт разам зь іншымі недзяржаўнымі аб’яднаньнямі праводзіў па ўсёй Беларусі, і ўзрослая за апошнія гады грамадзянская сьвядомасьць новага пакаленьня. Калі дадаць да гэтага, што 9 верасьня каля 1.000.000 маладых беларусаў прагаласавала за перамены й супраць А. Лукашэнкі, дык удзел моладзі на выбарах-2001 можна расцэньваць як адзін з самых моцных удараў па аўтарытарным рэжыме за апошні час.

Вельмі паказальным лёзунгам гэтае маладзёвае хвалі стала назва яшчэ адной маладафронтаўскай кампаніі: «Горад — наш!» Сэрыя бел-чырвона-белых сьцягоў па-над знакавымі будынкамі ў гарадох па ўсёй краіне сфармулявала важную сацыялягічную аксыёму беларускае сучаснасьці: горад, які дае 70% усіх галасоў выбаршчыкаў у Беларусі, і ў якім, паводле выбарчых дасьледаваньняў, практычна ўся моладзь выказалася за пераўтварэньні, у адрозьненьне ад пэнсыянерскае вёскі, сапраўды «наш» — ён ўсё больш падтрымлівае рэформы, робіцца рэальным эпіцэнтрам нацыянальнага й дэмакратычнага руху, сацыяльнай базай пераменаў і галоўнай арэнай грамадзка-палітычнага змаганьня за Беларусь.

10 верасьня: чаканьні пахаваныя

Але сілаў аднае толькі моладзі яўна не хапіла, каб справіцца з аграмаднай дзяржаўнай машынай. 10 верасьня новае пакаленьне спазнала ўсю горыч расчараваньня: пераважная большасьць грамадзтва ўсё-такі прагаласавала за А. Лукашэнку, а палітычная апазыцыя аказалася няздольнай ані ацаніць маштабы фальсыфікацыяў, ані арганізаваць супраціў. Некалькі тысячаў маладых людзей, якія сабраліся пад дажджом на Кастрычніцкай плошчы, доўга не маглі паверыць у тое, што гэта параза. Стрэс студэнтаў, навучэнцаў ПТВ і тэхнікумаў, маладых працоўных і беспрацоўных пасьля выбараў яскрава ілюструюць вынікі кастрычніцкага нацыянальнага апытаньня НІСЭПД. На пытаньне «Ці магчыма пры цяперашнім кіраўніцтве значнае паляпшэньне жыцьця насельніцтва Беларусі?» адказалі «Так» толькі 29.8% 18-24-гадовых і 23.2% 25-29-гадовых рэспандэнтаў (усе апытаныя 40.7%), а «Не» 53.9% 18-24-гадовых і 52.45% 25-29-гадовых (супраць 39.2% сярод усіх апытаных). Прэзыдэнту А. Лукашэнку пасьля выбараў давяраюць толькі 27.5% 18-24-гадвых і 21.6% 25-29-гадовых (усе апытаныя — 44.5%), не давяраюць — 57.6 і 57.5% моладзі адпаведна (сярод усіх — 39.5%).

Такім чынам, маладзёвыя імкненьні да пераменаў былі падаўленыя. Вал фальсыфікацыяў, апатыя грамадзтва, бездапаможнасьць апазыцыі й чарговыя пяць (ці толькі пяць?) гадоў кадэнцыі А. Лукашэнкі абваліліся на моладзь амаль непад’ёмным грузам. Адразу спрацаваў эфэкт страху і спустошанасьці. Паўсюднай псыхалягічнай рэакцыяй на паразу 10 верасьня сталіся замкнёнасьць, «згортваньне» і абстрагаваньне. Вобразна кажучы, моладзь напружылася, сьціснула зубы, зрабіла выгляд, што ёй усё роўна і замоўкла. У выніку на бліжэйшыя гады Беларусь атрымала цэлае пакаленьне падспуднае стоенае сілы зь велізарным патэнцыялам няспраўджаных чаканьняў.

Сам А. Лукашэнка, відавочна, адчуў гэтую глыбінную пагрозу лепш за іншых. Ён выдатна зразумеў, што празь 5 гадоў маладога дэмакратычнага электарату стане значна больш, а яго састарэлых, неадукаваных выбаршчыкаў яшчэ менш, і ўзроставы фронт, як бульдозэр, проста раструшчыць яго сацыяльную базу. Раніцай 10 верасьня, выступаючы ў Палацы Рэспублікі зь першай пасьлявыбарчай прэс-канфэрэнцыяй, на пытаньне карэспандэнта дзяржаўнай газэты аб пэрспэктывах маладзёвае палітыкі А. Лукашэнка адрэагаваў надзвычай нэрвова і заявіў, што моладзь яго не падтрымала: найбольш «няўдзячнымі» аказаліся маладыя гараджане й студэнты. «Моладзь трэба перавыхоўваць — сказаў А. Лукашэнка Зьвярніце ўвагу: А. Лукашэнка элегантна «зрабіў» усіх: палітычных супраціўнікаў, Захад, Расею, намэнклятуру… але поўнасьцю прайграў моладзь. I аказалася, што адзіны ягоны правал можа стацца фатальным. I сам А. Лукашэнка, і ягоныя аналітыкі разумеюць: ані пахаваньне, ані перавыхаваньне моладзі не змогуць стрымаць нарошчваньне патэнцыялу пераменаў і наступу маладзёвага фронту. Штучныя бар’еры кшталту БПСМ, пераробленыя падручнікі й адміністрацыйны ціск, падачкі, адкупныя, іншыя пугі ды пернікі могуць толькі крыху адтэрмінаваць маладзёвы выбух, але ніяк не пазбавіць ад яго. Тлеючыя чаканьні моладзі, падсьвядомыя й сьвядомыя, напружаныя й схаваныя, на год-паўтара заваленыя абломкамі паразы 9-10 верасьня, у бліжэйшай пэрспэктыве й будуць вызначаць глыбінную тэктоніку грамадзка-палітычных працэсаў у Беларусі.

11 верасьня: новая рэальнасьць

Дзіўна атрымалася — у нас былі ў распараджэньні толькі адныя суткі, каб асэнсаваць і перажыць тое, што адбылося на прэзыдэнцкіх выбарах. Таму што назаўтра пасьля паразы дэмакратыі ў Беларусі выбухнулі жахлівыя тэракты ў ЗША, і ўвесь сьвет зьмяніўся непазнавальна й назаўжды.

Вельмі цікава прасачыць, наколькі моцна гэтыя дзьве гістарычна аднамомантныя падзеі трансфармавалі сьвядомасьць беларускай моладзі. Паводле кастрычніцкага нацыянальнага апытаньня НІСЭПД, больш за 99% маладых людзей ведаюць пра тэракты ў Амэрыцы — практычна усе, што ўвогуле бывае нячаста. А вось як маладыя ацэньваюць выбухі 11 верасьня: «Гэта страшная трагедыя для амэрыканскага народа» 58% рэспандэнтаў ва ўзросьце 18-29 гадоў, «Шкада людзей, а ЗША так і трэба, каб не лезьлі ў чужыя справы» -35.5%. Характэрна, што аказалася нечакана мала тых, хто не вызначыўся са сваімі меркаваньнямі.

3 аднаго боку, катастрофы ў Ню-Ёрку й Вашынгтоне сталі свайго роду псыхалягічнай разгрузкай для маладых грамадзянаў Беларусі («Ладна, у нас яшчэ не страшна — а вось у Амэрыцы…», «Вось каму сапраўды не пашанцавала», «Цікава, чым усё гэта абернецца для нас?») — зь іншага, вымусілі маладых людзей ацаніць становішча ў глябальным маштабе й кантэксьце: са сьветапоглядных, а не бытавых пазыцыяў.

Пасьля тэрактаў 11 верасьня вобраз сусьветнага зла, што раней у масавай сьвядомасьці атаясамляўся хутчэй з таталітарнымі дыктатарскімі рэжымамі, пачаў набываць інфэрнальнае аблічча і ўсё больш нагадваць усепранікальную, нябачную агульнаплянэтарную сатанінскую сфэру страхаў, пагрозаў і зьнішчальнае нянавісьці, зь якой немагчыма справіцца чалавечымі сіламі. Гэта, безумоўна, мабілізавала духовыя адчуваньні й эсхаталягічныя настроі ў сьвеце, і прымусіла нас усіх сур’ёзна задумацца пра сэнс жыцьця й сьмерці, адвечнае змаганьне дабра й зла, Бога й д’ябла.

Па сутнасьці, такі страшны й містычны пачатак трэцяга тысячагодзьдзя стаў адкрытым выклікам усёй заходняй, эўраатлянтычнай, хрысьціянскай у сваёй аснове цывілізацыі — у гэтым галоўнае гістарычнае, геапалітычнае й духовае значэньне новае рэальнасьці, якая складаецца пасьля падзеяў 11 верасьня. I беларускай моладзі, усьлед за ўсім сьветам, ужо зараз даводзіцца фармуляваць свой адказ сусьветнаму злу. Адказ асабісты й грамадзкі, тэарэтычны й практычны, на ўзроўні сваёй краіны й ўласнага жыцьця, ва ўмовах аўтарытарнае дыктатуры. Гэтае абуджэньне, глябальная пераацэнка грамадзкіх, дзяржаўных і асабістых дачыненьняў, інэрцыя якой, як ударная хваля, і дацяпер разбурае стэрэатыпы сучаснасьці, відаць па ўсім, будзе мець велізарнае значэньне для беларускага маладога пакаленьня ў далейшым.

Супраціў? Канфармізм? Эміграцыя?

Пытаньне, якое было рубам пастаўлена пасьля 9 верасьня перад усім грамадзтвам, для моладзі аказалася найбольш вострым. Што рабіць? Прыстасоўвацца? Супраціўляцца? Зьяжджаць?… Маладыя, якія патрабавалі пе-раменаў, атрымалі выбар паміж цяжкім, вельмі цяжкім і яшчэ цяжэйшым.

Будзе дарэчным зазначыць, што беларуская нацыя, якая гістарычна перажыла стагодзьдзі акупацыі, прыгнёту й рэпрэсіяў, генэтычна падрыхтаваная да ўсялякага ўціску — яна заўжды выбірала тую форму існаваньня, якая гарантавала найбольшую захавальнасьць. Пры гэтым канфармізм заўжды спалучаўся зь ціхім, унутраным, але ўпартым супрацівам на грамадзкім, пабытовым і нават падсьвядомым узроўні. Адкрыты супраціў, як і масавую эміграцыю, беларусы выбіралі значна радзей — спакойным жыцьцём на Радзіме ахвяравалі звычайна нямногія, але найбольшактыўныя й дынамічныя.

Наколькі беларуская моладзь гатовая да актыўнага супраціву? 26% маладых, паводле вынікаў кастрычніцкага апытаньня НІСЭПД, здольныя дзеля выражэньня свайго меркаваньня прыняць удзел у мітынгах, дэманстрацыях і пікетах; больш за 22% 18-29-гадовых маглі б далучыцца да забастоўкі; і 7.5% выказалі гатовасьць удзельнічаць ува ўзброенай барацьбе. Да выбараў, у жніўні, лічбы былі практычна такія ж самыя — гэта паказвае, што сярод беларускай моладзі існуе пастаянны і трывалы ўзровень патэнцыйнага супраціву, свайго роду дуга высокага напружаньня (у 1.5-2 разы больш высокага, чым па ўсім грамадзтве). I разам з тым, 9-10 верасьня гэты патэнцыял выявіўся вельмі слаба. Не прыйшоў час?

Яшчэ больш уражлівыя лічбы сьведчаць пра эміграцыйныя настроі маладых грамадзянаў Беларусі. Пасьля 9 верасьня каля 60%(!) маладых лічаць, што, каб зрабіць пасьпяховую кар’еру, трэба зьязджаць за мяжу. Толькі 28.7% моладзі мяркуюць, што могуць най-лепш самарэалізавацца ў Беларусі. Страшнае становішча, калі ўдумацца. Родная краіна, у якой Бог даў нарадзіцца, трымае толькі кожнага чацьвёртага!

Лёзунг «Беларусь у Эўропу!» застаецца найбольш актуальным і для тых, хто марыць зьехаць за мяжу. Больш за ўсё маладым беларусам падабаюцца Нямеччына (30.5%), ЗША (10.6%) і Польшча (каля 5%). У Расею хацелі б перабрацца толькі 4% апытаных — вось вам яшчэ адзін ускосны адказ на ідэю далучэньня Беларусі да Расеі.

Асноўны, «фонавы» лад паводзінаў моладзі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў фармуецца ў адпаведнасьці з клясычнай беларускай формулай: «Кажу адно, думаю другое, раблю трэцяе.» У цэлым большасьць маладых беларусаў схіляецца да вонкавае абыякавасьці, прыстасаванства, нават мімікрыі — але унутраны стан моладзі канцэнтруе сьвядомы, зараджаны супраціў. I чым большы ціск, чым больш канформны выгляд вымушаныя прымаць маладая асоба або калектыў — тым больш нарастае сіла унутранае рэзыстэнцыі, якая толькі й чакае свайго часу. Такі стоены настрой непазьбежна прарываецца ў лякальных момантах, «выстрэльвае» ў тралейбусе ў перапалцы са старэйшым электаратам ці ў размове з бацькамі — але куды часьцей новае пакаленьне робіць выгляд, што яму «усё роўна» ці што «палітыка мяне не цікавіць».

Імкненьне да пераменаў усё-такі выліваецца ў пастаянны, актыўны супраціў дыктатуры і пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Самай паказальнай і нават сымбалічнай праявай бескампраміснай пазыцыі актыўнай беларускай моладзі сталася упартая абарона Курапатаў. Вось ужо больш трох месяцаў сябры Маладога Фронту, Партыі Свободы й іншых арганізацыяў кругласутачна (!) вартуюць участак будаўніцтва Менскай кальцавой аўтадарогі ў раёне ўрочышча Курапаты. Падумаць толькі — расчараваная й прыніжаная 9-10 верасьня моладзь ужо праз два тыдні пасьля паразы апазыцыі на выбарах аказалася здольнай спыніць асабістую волю А. Лукашэнкі, выстаяць у супрацьстаяньні з АМАП і тэхнікай, у холадзе, за горадам, прымусіць дзяржаўную машыну паважліва ставіцца да нацыянальнага нэкропалю й нарэшце прызнаць ягоны статус. Сотні хлопцаў ды дзяўчатаў, якія прайшлі праз курапацкія намёты увосень-узімку 2001 г., і сёньня працягваюць бестэрміновую акцыю, яскрава давялі, што беларуская моладзь будзе супраціўляцца.

Зрабіць прэзыдэнта

Празь пяць гадоў — альбо тады, калі нарэшце адбудуцца наступныя прэзыдэнцкія выбары — менавіта меркаваньне сёньняшняй моладзі будзе мець вырашальнае значэньне. Сыход савецкага, камуністычнага пэнсыйнага і вясковага электарату А. Лукашэнкі з наступам маладога, эўрапейскага, дэмакратычнага гарадзкога насельніцтва ўжо зараз закладае такі стан сацыялягічнае раўнавагі, дзе пераважнае (і пераможнае) значэньне набываюць лідэрскія якасьці, дыямэтральна супрацьлеглыя рысам сёньняшняга беларускага кіраўніка. Безумоўным фаварытам на наступных прэзыдэнцкіх выбарах стане палітык, які будзе выразнай альтэрнатывай А. Лукашэнку. Ветлівы, інтэлігентны, дэмакрат. Магчыма (ізноў-жа, на кантрасьце) не харызматычны, а ціхі й сьціплы — на ўзор таго ж Ў. Пуціна. Веруючы, у адрозьненьні ад цяперашняга «праваслаўнага атэіста* падкрэсьлім, не носьбіт нейкае ідэалёгіі ці традыцыі, а веры ў Бога.

Уласна кажучы, сёньняшняя моладзь і ёсьць сацыяльным экранам, на якім ужо пачынае выяўляцца праекцыя партрэту новага нацыянальнага лідэра. Возьмем характэрныя вынікі кастрычніцкага нацыянальнага апытаньня НІСЭПД. Рэспандэнтам прапаноўвалася выбраць самых сымпатычных палітычных лідэраў — тых, якія найбольш ад-павядаюць ідэалу прэзыдэнта. Маладзейшыя за 30 гадоў выбралі наступныя варыянты:

• У. Пуцін — 66.7%;

• А. Лукашэнка — 17.0%;

• Г. Шродэр — 16.6%;

• Э. Блэр — 13.7%;

• Ж. Шырак — 12.5%;

• Дж. Буш-малодшы — 12.2%;

• Ф. Кастра — 11.5%;

• В. Каштуніца — 5.3%.

Яўны лідэр — Ў. Пуцін, што, у прынцыпе, зразумела: за выняткам кадэбісцкага мінулага й некаторых жорсткіх учынкаў кшталту разгрому НТВ, ён, па вялікім рахунку, упісваецца ў вобраз маладзёвых чаканьняў — а альтэрнатывы на расейскіх тэлеканалах проста не праглядаецца. Заходнія лідэры маюць стабільна высокую папулярнасьць — кожны зь іх у стане скласьці канкурэнцыю дзеючаму беларускаму кіраўніку. Некалькі дзіўна выглядае рэўтынг Ф. Кастра, удвая большы за сымпатыю да В. Каштуніцы — але гэта толькі чарговы раз пацьвярджае супярэчлівы й арыгінальны характар цяперашняй маладзёвай сытуацыі ў Беларусі.

Каго ж беларуская моладзь падтрымае на наступных выбарах прэзыдэнта? Зь вядомых дзеячоў пэўную адпаведнасьць зь ідэальным вобразам у вачох маладых можна заўважыць ў такіх розных людзей як П. Шарамет і С. Домаш, В. Вячорка й В. Сіўчык, А. Лябедзька й А. Дабравольскі, А. Бяляцкі й 3. Пазьняк. Праблема нацыянальнага лідэрства, праблема асобы, пэрсаналіі, як вынікае з кампаніі 2001 г., робіцца вельмі важным беларускім пытаньнем на бліжэйшы час. Пасьля таго, як цяжару гэтага лідэрства ня вытрымалі прадстаўнікі постсавецкай намэнклятуры чарга за дэмакратычнымі лідэрамі, што спавядаюць нацыянальную ідэю й арыентуюцца на духовае Адраджэньне. Ужо цяпер відавочна, што посьпех новаму прэзыдэнту дасьць ня столькі раскручанасьць, дамоваздольнасьць ці стасункі з чыноўніцтвам, колькі асабістая воля й вера, цьвёрды характар й безумоўная падтрымка моладзі.

Мэханізм запушчаны

Больш за 1,5 мільёны маладых беларусаў, якія зьнешне зьмірыліся зь перамогай А. Лукашэнкі — велізарны сацыяльны акумулятар, які сёньня назапашвае энэргію будучых узрушэньняў і пераўтварэньняў. 3 кожным днём, кожнай гадзінай, кожнай хвілінай да гэтае сілы дадаюцца імпэт і рашучасьць тых, каму толькі спаўняецца 18-ць — у большасьці сваёй сьвядомых незалежнікаў-дэмакратаў, якія ўжо ведаюць, што такое свабода. Кожная сэкунда пазбаўляе рэжым прыхільнікаў і набліжае «гадзіну X». У нэтрах моладзі сьпее крытычная маса актыўных носьбітаў нацыянальнай ідэі, рынкавых прынцыпаў, дэмакратычнасьці й эўрапейскасьці — і калі гэтая доля дасягне неабходных 20-25% ад усяго грамадзтва, каталізаваць і дэтанаваць яе зможа любая розгаласная падзея ці накіраваны рух.

Большасьць маладых людзей ужо ўсьведамляе гэта на ўзроўні выслоўя «рана ці позна, але мы прыйдзем». Актыўная, нацыянальна арыентаваная частка моладзі, якая прайшла прэзыдэнцкую кампанію-2001, ужо мадэлюе й пралічвае пэрспэктывы гэтае узроставае рэвалюцыі. Маладыя лідэры дзейнічаюць ўсё больш аўтаномна ад старэйшага пакаленьня і ў мностве лякальных момантаў, асяродкаў і месцаў ужо цяпер пачынаюць кантраляваць ключавыя пазыцыі грамадзка-палітычнае сфэры — ад інфармацыі й тэхналёгіяў да NG0 і цэлых апазыцыйных партыяў.

У рэшце рэшт, сапраўдным стрыжнем схаванае сілы маладога пакаленьня павінны стаць духовы Імпэратыў, які канчаткова й вырашыць зыход глябальнага супрацьстаяньня дыктатуры й дэмакратыі, імпэрыі й краіны, старога й новага. Бо рэальнай альтэрнатывай бездуховаму, матар’ялісцкаму, агрэсыўнаму й разбуральнаму камуна-саўковаму ладу можа быць толькі духовае, стваральнае, дэмакратычнае, эўрапейскае жыцьцё, грунтаванае на глыбокіх хрысьціянскіх прынцыпах. Уяўляецца, што менавіта крышталізацыя ідэі, асэнсаваньне каштоўнасьцяў, кшталтаваньне волі й веры, стануць сэнсам актыўнае маладзёвае дзейнасьці ў Беларусі бліжэйшых гадоў. Тое. чаго так не хапала апазыцыі ў 2001 г., павінна стаць сутнасьцю сыстэмных пераўтварэньняў, якія прыдуць з новым пакаленьнем. 3 грашыма, тэхналёгіямі й дамовамі моладзь працаваць ужо навучылася — дастаткова ўспомніць агітацыйныя кампаніі 2001г., каскады піяраўскіх акцыяў, асобнае палітычнае пагадненьне з адзіным кандыдатам і Кангрэс Беларускай Моладзі. А вось сілу духу, усеабдымную еднасьць, ўпэўненасьць і адказнасьць якія перарастаюць у салідарнасьць, веру й любоў нацыянальнага маштабу, моладзь пакуль яшчэ толькі прадчувае. Шліфоўка і пашырэньне ідэяў, скразная адукацыя моладзі, фармаваньне агітацыйных зарадаў, распрацоўка мадэляў і альгарытмаў дзеяньняў робяцца найважнейшай задачай маладзёвых лідэраў і арганізацыяў на бліжэйшую пэрспэктыву, Будучыня Беларусі творыцца сёньня ва ўзаемадзеяньні моладзі зь інтэлектуальнай, культуровай і тэхналягічнай элітай старэйшага пакаленьня — і, што яшчэ больш важна, у дачыненьнях з хрысьціянскімі цэрквамі, сьвятарамі й парафіямі. (Больш падрабязна П. Севярынец «Новая гісторыя» «Наша Ніва», 2001-2002, №№ 50 (259), 52 (261), 1 (262)).

Такім чынам, сёньняшняе пакаленьне беларускай моладзі нагадвае моцны зарад з запаволеным мэханізмам дэтанацыі. Моладзь яўна рыхтуецца выбухнуць — пытаньне толькі ў тым, у якім выглядзе гэта адбудзецца.

 

* Самавызначэньне А. Лукашэнкі