Спіс

Артыкул напісаны адмыслова да выбараў 2006 году.Амап і “бронікі”

Калі 24 лістапада 2004 года, на трэці дзень пасьля прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне я прыехаў у Кіеў, памаранчавая рэвалюцыя была ўжо ў разгары. На Хрэшчатыку падыйшоў да дзяўчатаў, што раздавалі памаранчавыя стужкі. “О, вы з Білорусі! – чапляючы стужку на бел-чырвона-белы значок, узрадавалася адна,– такіх прапорів на Майдані багато!”

У людзкім моры ледзь адшукаў маладафронтаўскія палаткі пад нацыянальнымі сьцягамі – больш пяцідзесяці нашых былі тут ад пачатку. Толькі пачаў вітацца, як перад намі ўзьнік адзін з украінскіх вулічных арганізатараў: “Сябры, ідзем браць прэзыдэнцыю. Вы з намі?” “О-о, нарэшце!” – хлопцы аж палдскоквалі ад радасьці. “Во трапіў, – адно пасьпеў падумаць я, – з параду – у бой”.

Пакуль сярод грамадаў мітынговага люду мы ўздымаліся па кіеўскім бруку ад Хрышчатыку да Банкавай, дзе месьціцца рэзыдэнцыя ўкраінскага прэзыдэнта, украінцы тлумачылі: “Кучма й Януковіч чакаюць. Час і холад працуюць на іх. Браць трэба сёньня ж, пакуль людзі не пачалі разыходзіцца. Пара!”

Яны былі перакананыя, што на марозе Майдану надоўга ня хопіць.

Тысячы “памаранчавых” ужо атачылі рэзыдэнцыю з усіх бакоў. За чыгуннай агароджай кардонамі ў 4–6 шэрагаў стаяў АМАП. Мітынгоўцаў прыбывала. Некаторыя гарачыя голавы ўжо сядзелі верхам на агароджы, размахваючы сьцягамі “Юшчанка так!” і скандуючы “Кучму – гэць!”. Амапаўцы разгублена пераглядваліся і цясьніліся адзін да аднаго. 

– Зараз, хлопцы, – заклапочана распараджаўся наш праваднік, – зараз прынясуць бронікі і па загадзе – наперад!

– Што-што прынясуць?.. – зь нядобрым падазрэньнем перапытаў я.

– Бронежылеты, – спакойна патлумачыў ягоны паплечнік, – Там жа банды заселі. Гэтыя пойдуць да канца.

Ніколі ў жыцьці не забудуся гэтыя паўгадзіны – у лёгкае вятроўцы, на марозе, з кулакамі, сьціснутымі ад холаду, твар у твар са зьбялелымі амапаўцамі, з грымотамі воклічаў за сьпіной, у чаканьні бронікаў і загаду.

Але загад так і не прагучаў. Таму што ля рэзідэнцыі ўзьнікла Юля Цімашэнка. Яна пайшла на перамовы. Знутры з-за людзкога натоўпу не змаглі адчыніць браму – і тады ўкраінскую Жанну д’Арк перадалі на руках праз агароджу й амапаўскія каскі. Дэманстрацыя раўла, падтрымліваючы Юлю, але калі яна вярнулася, шматтысячная грамада аціхла так, што стала аж вусьцішна.

Ісьці на штурм нельга, казала Юля. У будынку – сотні ўзброеных людзей, гатовых страляць. Кучма і Януковіч думаюць, што адседзяцца ў сваіх бярлогах пакуль народ сыдзе з Майдану. Але мы не сыдзем, гучна, каб чуў спецназ, абвясьціла Юля. Наш прэзыдэнт, абраны народам, – Юшчанка! І мы абаронім свой выбар. Мы выстаім – мірна, але цьвёрда. Столькі, колькі трэба, каб гэты рэжым сышоў. Бо мы верым, знаем, можам!

Люд адказаў гулам – нам падалося, хутчэй расчараваным, чым ухвальным. Мы, беларусы, моўчкі пераглянуліся: колькі разоў мы ўжо чулі ад правадыроў заклікі чакаць… наперадзе была халодная ноч, у якой згасала рэха скандаваньняў ды радзела шматлюдзьдзе. І мы падумалі, што вось у гэты самы момант украінская рэвалюцыя правалілася.

Але менавіта ў гэты момант украінская рэвалюцыя перамагла. 

Бо перамога адбываецца не тады, калі ўсе крычаць “Ура!” і эфэктна ўскідваюць рукі, а ў тое балючае імгненьне, калі перамагаеш страх і няпэўнасьць у самім сабе, калі пераадольваеш уласную нянавісьць, слабасьць, спакусу і высілкам веры, вымогаю волі прымаеш рашэньне ўсё-такі здужаць.

Учора – Украіна, сёньня – Беларусь

Украінская памаранчавая рэвалюцыя – найбольш яркі ўзор і найбольш верагодны сцэнар для зьмены становішча ў Беларусі. “Грузінскі”, “ліванскі”, а тым больш “кірпскі” або “румынскі” варыянты і геаграфічна, і мэнтальна, і палітычна ад “беларускага” аддаленыя.

Украінцы і беларусы – народы роднасныя. Больш як паўтысячы гадоў жылі ў адной дзяржаве, выключна падобныя паводле гістарычнага досьведу і нацыянальнага характару. Сацыяльна-палітычныя працэсы пасьля развалу СССР ў іх разьвіваліся амаль аднолькава, арыентацыі ўлады і нацыянальна-дэмакратычнай апазіцыі ды стан грамадзтва практычна не розьніліся. І ў Беларусі, і ва Ўкраіне ў сярэдзіне 90-х дзяржаўнай уладай завалодалі постсавецкія аўтарытарныя рэжымы. І ў Беларусі, і ва Ўкраіне наменклатура захоплівала маёмасьць, закручвала гайкі і карысталася падтрымкай Крамля. І ў Беларусі, і ва Ўкраіне патрыятычныя сілы, незалежныя СМІ і грамадзкая супольнасьць няўхільна выцясьнялася на ўзбочыну палітычнага жыцьця. Больш таго. Украінская апазыцыя, як і беларуская, дзесяць гадоў беспасьпяхова арганізоўвала вулічныя акцыі пратэстаў (людзей яны зьбіралі не больш, чым “Менская вясна-96” ці маніфэстацыі 2000 году), выбарчыя кампаніі ва ўмовах дзяржаўных рэпрэсіяў ды прапагандовага ціску (якія нязьменна прайгравала) і бесьперапынку сварылася.

Калі ж параўнаць сацыялягічныя лічбы нядаўніх кампаніяў 2004 года ў Беларусі і ва Ўкраіне, прыйдзем да высновы, што настроі супадаюць з дакладнасьцю да 1-2 адсоткаў. Мяркуйце самі: у “трэцім”, вырашальным туры прэзыдэнцкіх выбараў 2004 году ва Ўкраіне Юшчанка атрымаў 52 адсоткі. Увосень таго ж 2004 году на рэфэрэндуме аб “трэцім тэрміне”( лічы, тых жа прэзыдэнцкіх выбарах), паводле Гэлапа, за лукашэнку прагаласавалі 48 адсоткаў. Выходзіць, роўна 52 адсоткі тым ці іншым чынам выказаліся супраць. У Кіеве Юшчанка атрымаў 72 адсоткі галасоў. У Менску на рэфэрэндуме, паводле экзіт-полаў ды незалежных сацыёлягаў, Лукашэнкуа набраў усяго 30,5 адсоткі галасоў. Выходзіць, што ў беларускай сталіцы дэмакратычныя сілы могуць разьлічваць на тыя ж 70 адсоткаў. Патэнцыял кіеўскага Майдану!

Зараз аналітыкі, як і напярэдадні ўкраінскіх выбараў, прызнаюць: па ўсёй краіне рэальны расклад галасоў блізкі да 50/50.

Ва ўсе часы й у любых дзяржавах у гэтай сытуацыі выйграваў той, хто больш верыў у сваю перамогу.

Так, многія заўважаюць, што рэжым Кучмы быў больш мяккі за лукашанкаўскі (хаця ўкраінскія разгоны вулічных маніфэстацыяў па жорсткасьці не саступалі беларускім, гэтак жа зьнікалі людзі, а палітычных крымінальных справаў там было нават больш, чым у нас), што апазыцыя мела доступ да парлямэнцкай трыбуны й СМІ (хаця супольнымі высілкамі дзяржавы і алігархаў украінскія сацыял-дэмакраты былі фактычна загнаныя ў інфармацыйнае гета, як і ў нас), што Кучма лавіраваў між захадам і Ўсходам (хаця лукашэнкаўскія манеры “а вось зараз як разьвярнуся на Захад!..” Кучму капіявалі, хіба ўто ў больш рэзкай форме)… І ўсё ж ані праславуты нафта-газпрамаўскі “эканамічны ўздым”, на які спадзяваўся Януковіч і якім так казырае зараз БТ, ані падтрымка Крамля – дарэчы, ва украіне куды больш яўная, чым тут! – ані моцны рэпрэсіўны апарат рэжым Кучмы–Януковіча не ўратавалі.

Да таго ж сёньняшняя беларуская сытуацыя ў параўнаньні з украінскай мае шэраг плюсаў. Па-першае, датэрміновыя прэзыдэнцкія выбары паказваюць рэальную няўпэўненасьць і боязь рэжыму. Па-другое, беларуская ўлада, у адрозьненьні ад украінскай, прапануе ня новую асобу (пераемніка), што хаця б часткова можа задаволіць прыхільнікаў пераменаў, а старую, ад якой за 12 год усе ўжо і так стаміліся. Па-трэцяе, Беларусь не падзеленая гэтак рэзка, як Украіна, што выключае пагрозу распаду дзяржавы й грамадзянскае вайны. Па-чацвёртае, алігархія, ляяльная рэжыму – тут манаполія, што пэрсаніфікуе сацыяльнае й палітычнае зло й істотна спрашчае задачы агітацыі. Па-пятае, украінскія выбары прысьпелі на лістапад-сьнежань, што не спрыяла разгортваньню майдана, а ў Беларусі “выбарны” сакавік традыцыйна гарачы і, бадай, нацыянальна афарбаваны месяц. Вясна, усе студэнты, прадпрымальнікі, рабочыя на месцы. Па-шостае, сам Лукашэнка яшчэ на пачатку свайго прэзыдэнцтва абмовіўся :”Я прыйшоў на 12 гадоў”. Якраз час! Нарэшце, па-сёмае, ужываючы жорсткія прэвэнтыўныя меры (перакрыцьцё каналаў дастаўкі незалежных СМІ, прапагандысцкая навала, папраўкі ў Крымінальны Кодэкс) рэжым яўна разьлічвае на дэмаралізацыю апанэнтаў і пачынае сьвяткаваць “элегантную перамогу” яшчэ за два месяцы да дня выбараў. Гэта аўтаматычна расслабляе і намэнклятуру, і лукашэнкаўскі электарат – чаго напружвацца, калі “і так усё ясна”. А вось дэмакратычным сілам адступаць больш няма куды. Выйсьце толькі адно: перамагаць.

Адным з самых уражлівых урокаў украінскага 2004 году зьяўляецца тое, што ані назіральнікі, ані абываталі, ані большасьць дзеячаў апазыцыі напярэдадні выбараў ніяк не чакалі, што абараняць свой выбар выйдзе столькі людзей. Але ж тыя, хто ў гэта верыў – Юшчанка, Цімашэнка й украінская моладзь – сваёй вераю мабілізавалі мільёны.

Пакуль што сярод беларускіх прэтэндэнтаў на прэзыдэнцтва-2006 пра веру ў перамогу й гатовасьць адстойваць выбар народу кажа адзіны Аляксандар Мілінкевіч. І гэтым ён усё больш нагадвае ціхага харызматыка Юшчанку.

Беларусі засталося толькі паверыць.

Той, хто ўжывае гвалт – прайграе

Усе фэномены эўрапейскіх “аксамітных рэвалюцыяў” канца ХХ – пачатку ХХІ стагодзьдзяў маюць адну надзвычай важную вызначальную рысу: вулічныя пратэсты былі падкрэсьлена мірнымі. Перамогі чэхаў, палякаў, усходніх немцаў, вугорцаў, прыбалтаў над камуністычнай сістэмай або славакаў, сэрбаў, грузінаў, украінцаў над постсавецкімі дыктатурамі задумваліся, арганізоўваліся й ажыцьцяўляліся як прынцыпова негвалтоўныя.

Здавалася б, рэжымы валодаюць непараўнальна большымі – мільённымі! – сіламі, чым тыя сто, ды хай сабе й трыста тысячаў бяззбройных дэманстрантаў. Першыя пратэсты і ў Польшчы, і ў Чэхіі, і ў Сербіі груба падаўляліся. І ўсё-такі дэмакратыя перамагла. Цуд? Воля Божая? Вера народа? Так, так і яшчэ раз так! Тым жа часам спробы гвалтоўнага змаганьня з сыстэмай правальваліся або вялі толькі да зьмены аднаго рэжыму на іншы – у Вугоршчыне ў 1956-м, Румыніі 1989-га ці Альбаніі 1997-га.

Гвалт адштурхоўвае і эліту, і абываталя. Гвалт разбурае падтрымку большасьці, галоўнае апірышча дэмакратыі. Гвалт абясцэньвае самі мэты пераменаў. Важна разумець: глыбінныя асновы перамогі дэмакратыі – вера, а ня страх, воля, а не прымус, любоў, а не нянавісьць, і, у канчатковым выніку – свабода, а ня гвалт. Менавіта ў супрацьстаяньні духоўных каштоўнасьцяў (а не фізычных велічыняў) і вырашаецца зыход эпічных бітваў паміж дэмакратыяй і таталітарызмам для цэлых нацыяў і краінаў. Крывавыя рэвалюцыі праграмуюць разьвіцьцё падзеяў у адпаведнасьці зь няўмольнай лёгікай жалеза й болю.

Як напісана ў Эвангельлі, “Усе, што возьмуць меч, ад мяча і загінуць” (Мацьвея, 26:52).

Уся 1000-гадовая гісторыя Беларусі пацьвярджае гэтыя прарочыя словы. Беларусь заўжды перамагала ня зброяй, а вераю й духам. Спробы адваяваць незалежнасьць усе апошнія стагодзьдзі – паўстаньні Касьцюшкі, Ясінскага, Каліноўскага, случчакоў, партызанка Вітушкі й Рагулі – цярпелі паразы. Адраджэньне пачатку ХХ ст. і здабыцьцё незалежнасьці 1991-га ажыцьцявілася ў выніку нязбройных выступаў, а шырокага асьветніцтва, духовага ўздыму й мірных дэманстрацыяў.

Красамоўны прыклад апошняга дзесяцігодзьдзя. Вулічныя выступы беларускага нацыянальнага руху ў сярэдзіне 90-х, паводле зьвестак НІСЭПД, падтрымлівалі звыш 40% несельніцтва і да 70% моладзі. Але калі 17 кастрычніка 1999 г. “Марш Свабоды” паддаўся на правакацыю ўладаў і ператварыўся ў масавае шпурляньне камянёў ды жудаснае пабоішча – яго ацанілі станоўча толькі 17% жыхароў Беларусі і 20% моладзі. 56% насельніцтва і 45% моладзі паставіліся да “каменяпаду” адмоўна. Уся апазыцыя на бліжэйшыя некалькі гадоў набыла імідж разбуральнае сілы. Калі мы хочам здабыць падтрымку большасьці беларусаў – нашыя акцыі мусяць быць наколькі больш шматлікімі, настолькі ж больш мірнымі. Яскравымі. Творчымі!

Узор – ізноў жа, Майдан. Ані кроплі крыві! Яркі, прыгожы, канцэртавы, сьпеўны і, урэшце, малітоўны.

Вера ў перамогу, вера ў перамены нечувана мацнее – тады, калі лідэры й удзельнікі гатовыя хутчэй ахвяраваць сабою, чым сарвацца ў бойку, дзе ўжо цяжка адрозьніць, на чыім баку праўда.

Так, сіла ў праўдзе, брат.

А вось у сіле праўды няма.

Ісус Хрыстос, учалавечаны Бог, Які меў у Сваім распараджэньні ўсе магчымыя сілы, зьдзейсьніў галоўную ў сусьветнай гісторыі перамогу над нянавісьцю й хлусьнёй мірнай пропаведзьдзю, верай і ўласнай Ахвярай. Без прымусу. Бяз зброі. Бяз гвалту.

На сваім полі – у абшары страху ды вайны – д’ябал і бязбожны рэжым непераможныя. Але поле свабоды, любові, веры й міру – гэта Божая тэрыторыя, дзе зло непазьбежна церпіць крах.

Беларусь мусіць пачуць ясны заклік да перамогі бяз гвалту – такі, які зрабіла Юля Цімашэнка ля агароджы рэзыдэнцыі Кучмы.

“Свабода прыйдзе за адну ноч і без адзінага стрэлу” – гэтае прароцтва для Беларусі, абвешчанае вядомым хрысьціянскім прапаведнікам Дэвідам Ўілкерсанам, беларускія пратэстанты сёньня перадаюць з вуснаў у вусны. “За адну ноч…” Магчыма, гэта якраз ноч зь 19 на 20 сакавіка 2006 г.?

Дэмакратыя – гэта большасьць

Дэмакратыя (паводле вядомага выслоўя, далёка не ідэальны дзяржаўны лад, але ж лепшы з усіх вынайдзеных чалавецтвам) у сваёй сутнасьці ёсьць уладай большасьці. Таму і пытаньне пераменаў у краіне, дзе пакуль усё вырашае адзін чалавек, можа быць толькі пытаньнем большасьці.

У апошнія гады, паводле ўсіх сацыялягічных апытаньняў (як ня дзіўна, у тым ліку і афіцыйных) у Беларусі прыхільнікі самое дэмакратыі, незалежнасьці, рынкавай эканомікі, эўрапейскіх каштоўнасьцяў складаюць большасьць. Большасьць беларусаў лічыць, што з суседзямі трэба жыць у міры, а не сварыцца, як гэта робіць Лукашэнка. Большасьць беларусаў лічыць, што краіна разьвіваецца ў няправільным кірунку. Большасьць беларусаў лічыць, што трэба абіраць новага прэзыдэнта. Праўда, адначасова тая ж большасьць выказваецца за саюз з Расеяй, супраць NATO й лічыць, што прэзыдэнцкія выбары Лукашэнка выйграе.

У чым прычына гэткага парадаксальнага мысьленьня? У эфэкце, які характарызуе няпэўную сьвядомасьць так званага “электаральнага балота”: “куды усе, туды і я”. Увогуле, для беларусаў – як, можа, ні для якой іншай эўрапейскай нацыі – ключавое дэмакратычнае слова “большасьць” адыгрывае проста магічную ролю. Для вельмі многіх беларусаў “думка большасьці” аўтаматычна робіцца іх асабістым меркаваньнем. Рэжым, выкарыстоўваючы СМІ, маніпулятыўную прапаганду й адміністрацыйны ціск, пераконвае нявызначаных, якія адначасова зьяўляюцца прыхільнікамі дэмакратыі, незалежнасьці й пераменаў: “Большасьць за “ўсенароднаабранага!”

У выніку сапраўдная большасьць ня верыць у тое, што яна ёсьць большасьцю.

Кажучы проста, беларускі народ вось ужо каторы год такім чынам дураць. 

Таму наша галоўная задача – надаць большасьці веры ў тое, што яна большасьць.

Як гэта робіцца?

Першае, што патрэбна для дэмакратычнае перамогі – ідэнтыфікацыя большасьці: дакладнае вызначэньне тае большасьці (ці нават, матэматычна кажучы, сумы большасьцяў – “незалежніцкай”, “рынкавай”, “антылукашэнкаўскай” і г.д.), якая імкнецца да зьменаў.

Другі крок – лякалізацыя большасьці. Трэба выявіць і зафіксаваць нашу большасьць у асяродках, сацыяльных групах, узростах, рэгіёнах. Напрыклад, “большасьць студэнтаў – за Мілінкевіча”, “большасьць у нашым двары (вёсцы, мястэчку, раёне) – супраць Лукашэнкі”, і да т.п. Просты прыклад: у выніку невялікага праймэрыз (таемнага папярэдняга галасаваньня) у Алешчы сярод рабочага люду Лукашэнка атрымаў усяго 10% галасоў, а Мілінкевіч – 70%. Цяпер перакананьне “Большасьць – за Мілінкевіча” робіцца фактам сьвядомасьці ва ўсёй вёсцы.

Крок трэці, найбольш працаёмісты – мабілізацыя большасьці: заклік да большасьці ўдзельнічаць у выбарчае кампаніі, галасаваньні за адзінага кандыдата, акцыях падтрымкі і, у выпадку фальсыфікацыяў, пратэсту. Прычым з паўсюдным падкрэсьліваньнем: “Разам нас большасьць!”

На піку кампаніі мабілізацыі адбываецца візуалізацыя большасьці. Большасьці трэба наглядна паказаць, што яна большасьць! Ва Ўкраіне гэта зрабілі проста: усе, хто за Юшчанку – “аранжавыя”. Навокал такіх было відавочна больш, чым “сініх”.

Нарэшце, пасьпяховая візуалізацыя ператвараецца ў трыюмфальную маніфэстацыю большасьці, якая, адстойваючы вынікі рэальнага галасаваньня, мірным і канстытуцыйным шляхам дамагаецца перамогі большасьці.

Вось што такое дэмакратыя паводле Божых прынцыпаў. Хрысьціянская дэмакратыя.

Шлях Хрэшчатыку

Цуды ў нацыянальных маштабах здараюцца тады, калі большасьць народа пачынае верыць.

Украінскі майдан трымаўся на верніках Хрэшчатыку. Менавіта сотні намётаў, пастаўленых моладзьдзю на галоўнай вуліцы Кіева, сталіся назломным стрыжнем і непераадольнай лініяй абароны Аранжавай рэвалюцыі. Майдан то зьбіраўся, то разбрыдаўся; спаў уначы й пусьцеў, калі людзі сыходзілі да ўрадавых будынкаў – але Хрэшчатык стаяў на варце рэвалюцыі бесперапынку ўсе два месяцы. Хрэшчатык, быццам хрыбет, вынес асноўны цяжар начных дзяжурстваў, мабілізацыі, арганізацыі харчаваньня для ўсяго Майдану – і калі ўжо лідэры гатовыя былі ісьці на саступкі ды кампрамісы з рэжымам, прымушаў іх стаяць на сваім да канца.

Памятаю падлеткаў, якія ночы напралёт дзяжурылі па пэрымэтры намётавага мястэчка – сьняжынкі на весьніцах ужо ня таялі, але яны стаялі. Памятаю кіеўскіх бацькоў і мацярок, што прывозілі дзецям на Майдан усё, ад гарачых піражкоў да абутку, і забіралі адаграваць дахаты “сініх” шахцёраў, прывезеных у сталіцу і кінутых Януковічам. Памятаю старога, што трымаўся за тронку сьцяга быццам за лесьвіцу ў неба – і апантана са сьлязьмі на вачох сьпяваў украінскі гімн… Гэта быў Хрэшчатык 2004 года ад нараджэньня Хрыстовага.

Ёсьць выразны сымбаль у тым, што легендарны Хрэшчатык, якім 1000 гадоў таму Ўладзімер павёў народ да Хрыста, адыграў станавую ролю ва ўкраінскае духовае рэвалюцыі. Але калі тады народ ішоў да веры паводле княскага загаду – тут, праз тысячагодзьдзе, украінскія хрысьціяне ішлі да Боскае праўды насуперак гвалту дзяржавы. І вось Хрэшчатык, на якім тады пачалося абуджэньне ўсяе Ўсходняе Эўропы, робіцца аранжавым маяком для Расеі, Беларусі, Румыніі, Малдовы, Азэрбайджана, нават Ізраіля… Хрост, ачышчэньне й адкупленьне грахоў для новага жыцьця – наймагутнейшы вобраз для таго, што адбылося на берагах Дняпра паўтара гады таму.

Трэба было бачыць, як штораніцы пачыналіся ў Кіеве аранжавыя мітынгі. З малітвы. Сьвятары ўсіх канфэсіяў на сцэне, сотні тысячаў людзей здымаюць шапкі, жагнаюцца, моляцца, хто як умее… Трэба было бачыць, колькі вуніяцкіх белых з чырвоным крыжам сьцягоў, праваслаўных сьвятарскіх рызаў, аранжавых транспарантаў з рыбкаў (пратэстанцкіх сымбаляў Ісуса), колькі малітоўных намётаў было на Хрэшчатыку й колькі гарачых пропаведзяў са сцэны натхняла Майдан!.. Трэба было чуць лідэраў – Юшчанку, Цімашэнку, Кастэнку якія абвяшчалі на ўвесь сьвет: “Мы – хрысьціянскі народ! Нас – большасьць! Мы верым, а значыць – пераможам!”

Так, хрост цэлае нацыі – справа ня толькі захапляючая, але і балючая. Пасьля перамогі, адчуваньня прысутнасьці Божай, цудоўнай успышкі прасьвятленьня прыходзіць усьведамленьне ўласнае грахоўнасьці й недасканаласьці – тое, што мы назіраем у палітычным жыцьці Ўкраіны сёньня. Нацыя ўзяла ня толькі ўладу, але і свой крыж. І ўсё-такі гэты крыж – знак ня столькі пакутаў, колькі адкупленьня, будучага ўваскрашэньня і, у рэшце рэшт, перамогі.

Нацыя, якая прайшла крыжовым шляхам Хрэшчатыку, перамагла. Бо, паводле словаў Эвангельля, “перамога, якая перамагае сьвет – вера нашая” (1 Яна, 5:4). 

Дзе ж ён, беларускі Хрэшчатык? Можа, на плошчы Волі з такой сымбалічнай назвай, дзе стаяць галоўныя беларускія храмы – і праваслаўны Сьвята-Духаў сабор, і Архікатэдральны касьцёл Панны Марыі? Можа, на Кастрычніцкай, на пачатку дарог Беларусі, дзе пяцьдзясят гадоў таму зруйнавалі велізарны помнік Сталіну? Можа, праспэкт Скарыны, названы ў гонар найвялікшага беларускага прапаведніка Слова Божага, які даў нам трэцюю ў сьвеце друкаваную Біблію на жывой мове народа?..

Вірю. Знаю. Можемо!

Калі мне ўпершыню трапіў на вочы знакаміты мабілізацыйны лёзунг Майдану, у мяне ўстрапянулася сэрца. Веру. Ведаю. Можам! Здавалася б, нічога канкрэтнага. Ніякага абяцаньня выгодаў, не “фабрыкі – рабочым!”, не “зямлю – сялянам!” і нават ня “Кучму гэть!”. Нешта адстароненае. Але менавіта так была сфармуляваная вера ў перамогу. “Вірю. Знаю. Можемо!” Усё астатняе і так усе разумеюць. Як даўно мы ў Беларусі ня чулі нічога падобнага – а як ужо 12 гадоў хочацца пачуць!

Вера, настолькі моцная, што ператвараецца ў веданьне, і гэтая сіла духу, гэтая сканцэнтраваная воля выбухае апошнім: Можам!

Менавіта гэта сказала Юля Цімашэнка ў вырашальны момант Аранжавай рэвалюцыі ля агароджы рэзыдэнцыі Кучмы. Менавіта гэта пачулі людзі на Хрэшчатыку і на Майдане. Нягледзячы на страх, доўгае чаканьне, халады, яны паверылі. Пазналі. І змаглі. 

Сэрбы, грузіны, украінцы – народы хрысьціянскія. (Дарэчы, сымптаматычна – як і беларусаў, іх традыцыйна лічаць праваслаўнымі). На піку вырашальнае кампаніі, на гістарычным пераломе з самых глыбіняў масавае сьвядомасьці, у самых патаемных генэтычных кодах у іх спрацаваў момант веры.

Ці было штосьці падобнае ў Беларусі?

Праблісквала.

У 1988-м, калі выбухнулі Курапаты, Дзяды і разгарнуўся Беларускі Народны Фронт. У 1991-м, калі 100 тысячаў менскіх рабочых пад бел-чырвона-белымі сьцягамі выйшлі на плошчу перад Домам Ураду. У 1994-м, калі мільёны беларусаў паверылі малавядомаму дырэктару саўгасу. Увесну 1996-га, калі ад гэтага ж дырэктара саўгасу давялося абараняць незалежнасьць і выходзіць на 50-тысячны Чарнобыльскі Шлях. І за апошнія гады – на шматтысячных шэсьцях 2000-га, у Курапацкае варце 2001-га, у Ліцэі 2002-га, на пахаваньні Быкава ў 2003-м, пасьля рэфэрэндуму на Кастрычніцкай плошчы ў 2004-м, у жодзінскай галадоўцы студэнтаў-маладафронтаўцаў…

Дагэтуль усе пробліскі гасьлі. Не хапае духу. Не ставала веры. Маўчала большасьць. Збочвалі лідэры. 

Але зараз – вырашальны момант.

Болей трываць немагчыма. Хопіць.

Беларусы! 

Веру. Ведаю. Можам!

Дух перамогі

Вера – самае важнае вымярэньне кампаніі за перамены. Бо сапраўдныя падзеі творацца ў душах і на нябёсах – на зямлі яны толькі разгортваюцца і прыводзяць да заканамерных вынікаў. Якім чынам ажыцьцяўляюцца “аксамітныя рэвалюцыі” – і ў сэрцы асобнага чалавека, і ў духу ўсяе нацыі? Што мусіць перажыць сьвядомасьць грамадзтва, якое імкнецца карэнна зьмяніць сваё быцьцё?

У чалавеу, абуджаным вераю, пачынаюцца незваротныя працэсы ўдасканальваньня. Ён літаральна ў некалькіх азарэньнях спазнае сьвятасьць Божага і грахоўнасьць чалавечага. Новае жыцьцё мяняе ўсю яго сутнасьць. Думкі, словы і справы пачынаюць набываць сэнс, мудрасьць і гармонію звышнатуральнага парадку. Вера зьдзяйсьняе ў душы пераварот. Зь вераю таюць неадольныя комплексы й заганныя стэрэатыпы. Зь верай зьнікаюць раздражненьні і псыхі, нэрвовыя стрэсы й невыносныя страхі. Зь верай выветрываецца зьнясіленая сумятня і зьяўляецца новая, паўная волі й любові спакойная сіла. Гэта фантастычна, але ў веры ты сканцэнтраваны, як электрычны зарад, досьвед будучага жыцьця.

Зразумела, што толькі з такімі пераменамі ў нас зьяўляецца шанец атрымаць грамадзтва, грунтаванае не на фізыялягічных рэфлексах ці псыхалягічных маніпуляцыях, а на жывой, паўсюднай і поўнай адданасьці дабру, справядлівасьці й салідарнасьці. Грамадзтва, якое глыбока засвоіла стагодзьдзямі адшліфаваныя каштоўнасьці хрысьціянскае этыкі й маралі, дае найбольш спрыяльны клімат для разьвіцьця пасьпяховае эканомікі, разбудоўваньня эфэктыўнае дзяржавы, культываваньня рэальнае дэмакратыі.

У нацыі, якая перажывае крызіс дзяржаўнасьці, упадак эліты й крах маралі, застаюцца толькі два варыянты: “быць” або “ня быць”. Менавіта ў такіх экстрэмальных сытуацыях праяўляецца характар нацыі, і ў яе мэнталітэце зьдзяйсьняюцца сапраўдныя перамены. І калі мы выбіраем “быць” – для нас настае час веры. Дзень пакаяньня. Эпоха супольнае малітвы – урачыстае, у храмах, сямейнае, у хаце, сьпеўнае, на плошчах.

Некалькі вернікаў-пратэстантаў, якія наведвалі мяне ў Малым Сітне, распавялі, што ў шэрагу менскіх цэркваў хрысьціяне ўжо ўсталявалі адмысловы пост і малітву за зьмену становішча ў Беларусі – штопятніцы. Далучыўшыся да гэтага чыну, заклікаю і праваслаўных, і каталікоў, і грэка-каталікоў, і пратэстантаў усіх дэнамінацыяў да НАЦЫЯНАЛЬНАГА ПОСТУ І МАЛІТВЫ ЗА ПЕРАМЕНЫ Ў БЕЛАРУСІ – КОЖНУЮ ПЯТНІЦУ.

Бог усё бачыць. І калі мы хочам пераменаў настолькі моцна, што просім у Бога цуда – пачынайма з выяўленьня веры!

19 сакавіка 2006 г. будзе для Беларусі вялікім выпрабаваньнем веры. Бо, як напісана ў Эвангельлі паводле Мацьвея, 9:29: “Паводле веры вашай будзе вам”.

 

16-03-2006