Спіс

Лукашэнка ў цяжкай сытуацыі: за што бароўся, на тое і напароўся. Цяпер давядзецца гуляць паводле рызыкоўнага сцэнару «Расейскія горкі». З разьлікам, што Пуцін перад выбарамі не пачне скандалу, ня будзе адключаць газ і не падтрымае апазыцыю, — абяцаць Расеі ўсё аддаць.Лукашэнка ў цяжкай сытуацыі: за што бароўся, на тое і напароўся. Цяпер давядзецца гуляць паводле рызыкоўнага сцэнару «Расейскія горкі». З разьлікам, што Пуцін перад выбарамі не пачне скандалу, ня будзе адключаць газ і не падтрымае апазыцыю, — абяцаць Расеі ўсё аддаць. Атрымаць «ярлык» на канстытуцыйны рэферэндум і пасьля знайсьці спосаб нічога не выканаць. У 2001-м гэта было зроблена «элегантна». Але ж за гэтыя два гады і ў Крамлі гульцы што-нішто засвоілі.
Падзеі апошняга году — ціхае замяшчэньне расейскіх тэлеканалаў, праект «Ідэалёгія», таямнічыя паездкі кур’ераў рэжыму на захад і рэдакцыйныя артыкулы ў «Советской Белоруссии» — быццам паказваюць, што Лукашэнка канчаткова здавацца не плянуе. Але…
Але дажыліся, спадарства! Мусім хварэць за Лукашэнку, каб адстаяў хоць якую беларускую незалежнасьць. За таго самага Лукашэнку!
Адзіная карысьць, якую дае беларусам гістарычны эпізод з рублём, — можа, ўрэшце, на хвалі дыскусіі, вызначым для сябе, якая валюта насамрэч павінна быць у незалежнай Беларусі: «зайчык», талер, даляр, эўра?
Дзесяць год таму мы ўжо нешта чулі пра «рублёвую зону». Прэм’еру Кебічу трэба было выйграваць прэзыдэнцкія выбары. Дзе Кебіч? Дзе тыя рублі? Праўда «зону» за гэты час нам пасьпелі зрабіць.
Рубель ставіць пытаньне рубам. Рубель — гэта крытычны пункт. Раз дайшло да рубля, значыць, стаўка — лёс рэжыму. Бо, у адрозьненьне ад Скарыны, Лукашэнка друкуе ў асноўным рублі — і трымаецца коштам эмісіі.
У гэтай сытуацыі супакойвае толькі адно. Рэжым, які сваім апірышчам мае рубель — дык хай сабе нават даляр з эўра, — непазьбежна рухне. Бо ніякая краіна ня можа трымацца на грошах. Сіла ня ў іх. Ёсьць рэчы, якія нельга купіць ці прадаць, — і таму Беларусь жыве.