Спіс

Лета. Адпачынак і забыцьцё, мёртвы сэзон.Лета. Адпачынак і забыцьцё, мёртвы сэзон.
Лета-2003 згубіць у шуме лісьця, шэпаце чутак і шолаху газэтных старонак спалоханую мітусьню афіцыёзу вакол пахаваньня Васіля Быкава. І тое, як ставілі і выводзілі вайсковую варту ў доме літаратара, і тое, як спрабавалі сарваць з труны бел-чырвона-белы сьцяг, і тое, як гэбісты выграбалі з-пад завалаў кветак прэзыдэнцкі вянок, увесь час выстаўляючы яго пад быкаўскі партрэт з чорнай стужкай. Забудзецца дэманстратыўны прэзыдэнцкі візыт да сьветлагорскае цэлюлёзы, высылка Селіна і выступ Лукашэнкі ў праграме «Асабісты ўклад» на НТВ. Застануцца кнігі Быкава і дзесяткі тысячаў людзей пад бел-чырвона-белымі сьцягамі на праспэкце Скарыны.
Гісторыя апусьціць на дно ўсіх буйных і дробных начальнікаў, якія сёлета спрабавалі прынізіць беларушчыну. Сплывуць і перайменаваньне мэтро, і двуязычие на БТ, і выцісканьне «Сталіцы» з FM-этэру. Ужо канулі ў лета-2003 г. катэджы «Сонечнага» ў Курапатах — гэтаксама неўзабаве распусьціцца ў каламутных водах Лукашэнкавага дзесяцігодзьдзя спадарыня, прызначаная новай дырэктаркай Коласаўскага ліцэю, што прыходзіла на працу зь міліцыянтамі. Ліцэй застаецца ліцэем, Курапаты Курапатамі, а незалежнасьць — незалежнасьцю.
Забудзецца і ўрад Навіцкага, які недаплаціў калгасьнікам за малако, і ўрад Сідорскага, які разьмяняюць на чарговую палітычную драбязу. Сплывуць у нікуды і «Славянскі базар», і рухі за рознае жыцьцё, канстытуцыйныя акты-рэфэрэндумы.
Сьціхне ўсплеск вады, разыдуцца колы, лёгкімі хвалькамі на разьвітаньне пацалуюць берагі, асядзе ўвесь бруд, і зноўку ў глыбіні замрэ нябёсны спакой.
І няхай наперадзе восень і да вясны яшчэ далёка — Беларусь застанецца.