Спіс

Асэнсаваньне фэномэну шматтысячных маніфэстацыяў нацыянальнага руху ўвесну 2000г.: 14 лютага, 25 сакавіка, 2 красавіка, 26 красавіка. «Народная Воля», 16 траўня 2000г.
Беларускі нацыянальны рух на парозе вялікіх пераўтварэнняў

На дзесятым годзе аднаўлення незалежнасці пратэстнае супраціўленне рэжыму ў Беларусі нарэшце ператвараецца ў масавую духоўную апазіцыю — абуджаецца і набірае сілу той сапраўды нацыянальны рух, з якім не так даўно па краінах Усходняй Еўропы пракаціліся аксамітныя і пяючыя рэвалюцыі. Асэнсаванне феномена «Беларускай вясны-2000″ і ўсведамленне значнасці цяперашніх падзей неабходныя нам усім ужо зараз, каб зразумець, наколькі важныя глабальныя змены перажываюць наша краіна і грамадства.

Акцыя любові

Вось ужо чатыры гады старт для падзей мітынговай вясны дае маладафронтаўскае шэсце на Дзень Святога Валянціна. Заканамерна, што менавіта студэнты і школьнікі, якія ідуць у першых шэрагах і складаюць асноўную масу на большасці незалежніцкіх дэманстрацый, штогод распачынаюць вясновыя вулічныя выступленні — тыя, каму заўтра ў Беларусі жыць, наглядна паказваюць шлях у будучыню, кірунак развіцця краіны. Маладзёжныя дэманстрацыі «Беларусь — у Еўропу!» з абыходам замежных амбасад і абавязковым сюжэтам відовішча шмат у чым вызначалі і далейшы настрой, і характар кожнай вясны. I сёлета абсалютна новыя, моцныя і пранізлівыя ноткі Вясны-2000 упершыню прагучалі менавіта 14 лютага, падчас акцыі Любові.

Сімвалы акцыі, званочкі, якія з пачаткам нашай эры былі знакам ранніх хрысціян, а пазней ператварыліся ў велічныя званы на храмах, яўна пераклікаліся з Прагай-89 і сусветнай эмблемай Радыё «Свабода». Апошні званок для страху, гвалту і нянавісці прагучаў пазыўным свабоды і перамен, першым званочкам веры, надзеі і любові — і, як паказалі наступныя вясновыя падзеі, быў пачуты.

Акцыя Любові згуртавала пад бел-чырвона-белымі сцягамі ў шэсцях, пікетах і жывых «палаючых сэрцах» моладзь дванаццаці буйнейшых беларускіх гарадоў. У святкаванні ўдзельнічалі разам з маладымі фронтаўцамі і грамадоўцы, і сябры Грамадзянскага Форума, і Маладзёжны Хрысціянскі Сацыяльны Саюз, і Задзіночанне беларускіх студэнтаў, і непалітычныя арганізацыі. Мітынгі і канцэрты, вывешванні сцягоў і вечарыны, віншаванні амбасад, прадстаўніцтваў і ўсіх суграмадзян — такой па-сапраўднаму агульнабеларускай, еўрапейскай, самастойна маладзёжнай кампаніі яшчэ не было. Здаецца, новае пакаленне чуйна ўлавіла аб’яднаўчыя веянні апошніх часоў, падхапіла ідэю салідарнасці — і ў выніку пасля 14 лютага стала магчымым казаць пра існаванне адзінага маладзёжнага нацыянальнага руху.

Двухтысячнае шэсце ў Мінску са спевамі і гучнымі скандзіраваннямі проста дыхала свежасцю і любоўю. Ніводнага затрыманага не было ні ў сталіцы, ні на месцах, дзе многія мерапрыемствы прайшлі несанкцыянавана і былі нечаканымі для ўлад. Міліцыянты, назіральнікі і журналісты здзіўляліся поўнай адсутнасці зняважлівых выкрыкаў, сутыкненняў і нянавісці. Перамога любові над страхам, юнага духу над старэючым рэжымам — вось якой стала прэм’ера-2000.

Нарэшце, самым галоўным вынікам акцыі Любові было тое, што яна не засталася проста вулічным апазіцыйным карнавалам ці маштабнай студэнцкай гулянкай, а ўпершыню акцэнтавала ўвагу на духоўнай, хрысціянскай сутнасці беларускага нацыянальнага руху. Любоў да Радзімы, якая патрабуе змагання, любоў да бліжняга, да кожнага суайчынніка, каханне да любага чалавека, любоў, якая ўратуе свет — усё гэта ўвечары 14 лютага сышлося ў прамоўленых на ўвесь голас словах пра любоў Божую, любоў Хрыстову, любоў у найвышэйшым сэнсе. Сімвалічна, што пасля завяршэння акцыі моладзь накіравалася ў храмы: Чырвоны, дзе выступалі беларускія барды, і Касцёл Св.Роха, дзе праходзіла вечарына, прысвечаная апекунам Еўропы — Кірылу і Мяфодзію. Агульнапрыняты ўдарны лозунг «Беларусь у Еўропу!» нарэшце набыў поўнае гучанне і цэласную канцэпцыю: уся цывілізацыя Захаду, у якую мы імкнемся, ужо 2 тысячы гадоў будуецца на асноватворным хрысціянскім запавеце любові.

Гэтае неспадзявана моцнае далягляднае азарэнне нацыянальнага руху ў наступных акцыях «Вясны-2000-га» праявілася як ніколі ярка: і на грандыёзным мірным «Маршы Свабоды-ІІ», што перапалохаў рэжым куды больш за пабоішча 7 кастрычніка, і ў выпрабаваннях Дня Волі, у прамовах на мітынгу пасля жорсткіх затрыманняў і разгонаў, і ў ціхай, але прачулай Малітве за Беларусь.

Марш Свабоды-ІІ

Змрочнае, халоднае надвор’е 15 сакавіка — дождж са снегам з самай раніцы — адпавядала самым песімістычным настроям і толькі згушчала вакол «Маршу» пагрозныя прадчуванні. Здавалася, настолькі ж цьмяна выглядалі на гэты час перспектывы апазіцыі. Але калі ў 17.00 на плошчы пачалі збірацца людзі, калі натоўпы народу за чвэрць гадзіны запоўнілі пляц перад помнікам, прылеглыя ходнікі і скрыжаванні, калі залуналі першыя сцягі і пракацілася дружнае «Жыве!» — стала зразумела: нягледзячы ні на што, настрой будзе зусім іншы. Аграмадны натоўп ужо не мог змясціцца на плошчы, а людзі ўсё падыходзілі і падыходзілі. Моладзь, што рынулася ў пярэднія шэрагі, з пераможнымі воклічамі рушыла на праспект.

Гэта сапраўды быў «Марш Свабоды». Адкрытыя, радасныя твары — моладзь ужо не хавала іх пад банданамі, — скандзіраванне з прыхлопваннем у сотні рук, гучнае шматтысячнае рэха — такога не было, бадай, з легендарнай Вясны-96. «Жыве Беларусь!», «Незалежнасць!», «Моладзь за Беларусь!» — трыяда вядучых лозунгаў паўтаралася што-раз усё мацней. Ужо не надаедлівае, пра Лукашэнку, не адчайнае, з надрывам, пра ворагаў а ўпэўнена, вольна, такім пераможным хорам, што дрыжэлі шыбы ў вокнах — «…За Беларусь!»

Грандыёзнае шэсце, што расцягнулася ўжо больш чым на кіламетр, разгортвала і збірала за сабою суправаджальны рух уражаных мінчукоў на ходніках — усіх разам было ўжо некалькі дзесяткаў тысяч чалавек. Трэба ўявіць сабе, што адчувалі міліцыянты, выстаўленыя ў ачапленне на вуліцы Багдановіча. ішоў «Марш пакаленняў». Наперадзе велізарнай людской плыні, абганяючы галаву калоны, подбегам імчалі дзеці, школьнікі ды падлеткі, за імі рушылі шэрагі моладзі са сцягамі і транспарантамі; у сярэдзіне, як і мае быць, дэманстранты сярэдняга ўзросту, і потым — пажылыя ўдзельнікі і пенсіянеры. Беларусь «ад мала да вяліка», увесь апазіцыйны рух праходзіў больш як паўгадзіны, скандзіруючы «Жыве Беларусь!»

і святочны феерверк на пады-ходзе да парку Дружбы народаў, і прамовы з асветленай пражэктарамі сцэны сярод навакольнага змроку, і рок-канцэрт N.R.М. для захопленай моладзі — усё гэта насамрэч апраўдвала выраз «трыумф «Маршу Свабоды-ІІ.

15 сакавіка ўлады прайгралі відавочна, і настолькі бездапаможнымі, разгубленымі выглядалі іх паводзіны назаўтра, што забарона даленшых маніфестацый не пакідала ніякіх сумненняў: сапраўды спалохаліся. Відавочным да непрыстойнасці аказаўся той факт, што першы «Марш», 17 кастрычніка, з выбухам нянавісці, каменным градам і жорсткімі сутыкненнямі, быў для іх куды больш выгадны і прымальны, чым маніфестацыя 15 сакавіка. Аказалася, што іх пужае зусім не наша нянавісць, бо якраз нянавісць ёсць праява слабасці. Насамрэч яны добра пачулі водгулле духоўнага руху, які перарастае ў статысячныя пяючыя і аксамітныя рэвалюцыі таго агульнанацыянальнага абуджэньня, адна думка пра якое скаланае рэжымы і імперыі да самых асноваў. “Марш Свабоды-ІІ” нанёс рашаючы псіхалагічны ўдар усёй сістэме абароны рэжыму, заснаванай на азлобленым супрацьстаянні радыкальнай вулічнай апазіцыі міліцыянтам і ўнутраным войскам. ініцыятыва перайшла да нацыянальнага руху.

Дзень Волі

А праз дзесяць дзён, у Дзень Волі, было сонечна. Так шчыра вяснова, ярка і свежа, каб усім было цудоўна бачыць тое, што адбываецца на мінскіх вуліцах. Сонца сляпуча блішчэла ў метале БТРаў і вадамётаў, блікавала на пластыкавых шлемах спецназа. Бронетэхніка, дэманстратыўна расстаўленая ў самых знакавых месцах сталіцы, — пасярод пл.Незалежнасці, на пл. Якуба Коласа, ля акадэміі навук — давала зразумець, што рэжым гатовы ажыццявіць самае бязлітаснае падаўленне.

Да пачатку маніфестацыі падраздзяленні спецназа раптоўна заатакавалі штаб-кватэру БНФ, хапаючы актывістаў і мітынговы рыштунак. На вуліцах выстраіліся міліцэйскія ланцугі і патрулі з сабакамі. Здавалася, свята пазбаўлена ўсіх шанцаў на тое, каб хаця б пачацца.

На плошчы Якуба Коласа кардоны ўнутраных войск і міліцыі блакіравалі і адцяснялі ў бліжэйшыя вуліцы і двары тысячы людзей, што збіраліся на Дзень Волі. У велізарнай трубе пераходу, на станцыі метро, ходніках і прыпынках ужо віравалі натоўпы. Беспрэцэдэнтная па маштабах паліцэйская аперацыя, разгорнутая ў цэнтры сталіцы, перайшла да масавых затрыманняў. Хапалі і збівалі жанчын, старых, падлеткаў, дэпутатаў польскага Сейма, назіральнікаў АБСЕ, замежных журналістаў і расійскіх тэлеаператараў. Так безаглядна шалеюць толькі тады, калі гістарычная нянавісць ужо больш нагадвае паніку.

Якраз тады на плошчы можна было назіраць пранізлівую карціну. Нейкая дзяўчына цудам вырвалася на пусты ачэплены пляц (вось яна, наша Воля!) і пачала скандзіраваць «Жыве Беларусь!». Людзі, што стаялі за кардонамі з боку Камароўкі і на ходніках, падхапілі вокліч, але дзяўчыну ўжо заломвалі міліцыянты.

Імгненне разгубленасці, калі ўдзельнікі аказаліся рассечаныя і заціснутыя спецпадраздзяленнямі, стала момантам ісціны для нацыянальнага руху. Амаль усе ранейшыя падобныя хапуны завяршаліся поўным разгромам і рассейваннем дэманстрантаў. Але ў гэты дзень у выпрабаванні страхам і гвалтам беларуская воля перамагла. Нягледзячы на тое, што ўжо сотні людзей былі затрыманыя, з плошчы адначасова арганізаваўся стыхійны рух на праспект і па вуліцы В.Харужай. Мінаючы міліцэйскія шэрагі і БТРы, людзі ўздымалі бел-чырвона-белыя сцягі і скандзіравалі «Жыве Беларусь!». На мітынг на аўтастанцыі Кульман прыйшло да 10 тысяч чалавек.

Так 25 сакавіка стала днём перамогі «Вясны-2000″. Перамога адбываецца не тады, калі ўсе крычаць «ура!» і эфектна ўскідваюць рукі, а ў той балючы момант, калі перамагаеш страх і нянавісць у самім сабе, калі пераадольваеш уласную няўпэўненасць і слабасць. Менавіта такім момантам ісціны, момантам перамогі для Вясны і стаў Дзень Волі. Калі затрыманыя смяяліся ў твар спецназаўцам, калі ў ангары спецчасткі на Маякоўскага хорам спявалі беларускія песні і скандзіравалі «Жыве Беларусь!», калі ледзь вызваленыя зноў ехалі ў цэнтр, на мітынг, а рассечаныя і атакаваныя натоўпы народу не разбягаліся, а рушылі па горадзе — станавілася абсалютна ясна, што гэта перамога. Далейшыя прыніжаныя міліцэйскія прабачэнні перад журналістамі і апраўдальныя прысуды затрыманым толькі пацвердзілі разгубленасць і слабасць улады перад сілай духу.

25 сакавіка «Вясна-2000″ выбухнула. Успышка яркага вясновага сонца асвяціла і выпрабаванне нянавісцю, страхам, гвалтам і нашу перамогу скрозь боль. Усю ўладную машыну скаланула сутарга перапуду. Інфармацыйны выбух, які паследаваў тут жа і апярэдзіў на тэлеканалах расійскія выбары ды чэчэнскую вайну, аказаўся яшчэ больш магутным. Розгалас на прасторах ад Вашынгтона да Масквы канчаткова вызначыў расстаноўку сіл вакол Беларусі і ясную, выразную да апошняй рысы карціну: незаконны, гвалтоўны, агрэсіўны дыктатарскі рэжым — і масавая, едная, мірная нацыянальная апазіцыя.

25 сакавіка высветліць яшчэ адну вельмі важную акалічнасць. Улады пайшлі на небывалыя вулічныя рэпрэсіі, на затрыманні заходніх назіральнікаў і журналістаў, на біццё расійскіх тэлекамер — і ўсё дзеля таго, каб не дапусціць беларускага свята. Гэта значыла, што больш, чым Захаду, сусветнай супольнасці, нават больш, чым Расіі, рэжым баіцца вольнай Беларусі — нашай з вамі веры, волі і духоўнай сілы.

Малітва за Беларусь

Пасля аглушальнага выбуху 25 сакавіка чаканне акцыі ў «Дзень аб’яднання Беларусі і Расіі» было нямым. I ў прамым сэнсе — амаль без апавяшчэння, без рэкламы. раскруткі. і ў пераносным — бо страх улады і папярэдні хапун крайне напружылі маўклівае супрацьстаянне. Здавалася, «Вясна-2000″ павісла ў паветры: ці прыйдзе хоць хто? ці пачнуць хапаць?..

Не такая ўжо масавая і відовішчная, Малітва за Беларусь аказалася сэнсава больш моцнай за многія папярэднія акцыі. Улады нават не ўзяліся арганізоўваць хоць нейкае падабенства свайго «свята» — і таму малітва ў цэнтры горада пасля вялізнага пагрому сталася практычна адзінай і вырашальнай падзеяй 2 красавіка.

Сотні людзей сабраліся ў парку ля помніка. Узнялі бел-чырврна-белы сцяг, запалілі свечкі. Фронтаўскі хор спяваў «Магугны Божа». З’явіліся святары — і вось загучала малітва. Вакол, у натоўпе, стаяў несціханы шэпт — людзі маліліся, хто як умее. На заканчэнні пачулася: «Жыве Беларусь!» — і настолькі аграмадная сіла спрацавала ў малітве, такім дружным і гучным «Жыве!!!» грымнула ў адказ, што скрозь здрыгануліся ціхары ў натоўпе, а міліцыянты наводдаль імгненна вьцягнуліся ў струнку.

Трэба сказаць, арганізатары вельмі пільна ўгадалі момант малітвы. Дагэтуль мала хто заўважаў драматычную календарную напругу беларускай вясны. У першай палове — святы: Дзень Валянціна, Дзень Канстытуцыі, Дзень Волі. А вось друтая, пачынаючы з красавіка,

— гэта ўжо шэраг дат памятных, глыбрка трагічных. Гадавіна падпісання саюзнай дамовы з Расіяй 2 красавіка. «Чарнобыльскі Шлях» 26 красавіка. Дзень ганебнага рэферэндуму аб змене нацыянальнай сімволікі 14 траўня. Нарэшце, 30 траўня — Няміга. I самае ўражлівае, што гэтую вясну катастрофаў сэнсоўна выратоўвае толькі кульмінацыя Вялікадня — Дзень уваскрэсення Хрыста, які звычайна прыпадае на красавік-травень. Усё прадонне сэнсу, увесь боль і пакуты беларускай гісторыі, уся веліч будучыні сыходзіцца ў гэтым вобразе.

Напярэданні чорных, трагічньх датаў, у час Вялікага посту і ў набліжэнні Страснага тыдня Малітва за Беларусь стала дзеяй куды больш глыбокай і змястоўнай, чым магло б камусьці падацца ля помніка Янку Купалу 2 красавіка. Бо сутнасць малітвы не ў тым, каб штосьці выпрошваць, скардзіцца, ныць і чакаць склаўшы рукі. Наадварот, малітва — гэта самастойны ўздым да вышынь духу, да усясветнага зместу, да самога святога, да абсалютнай ісціны. Да Бога.

Супольная малітва — гэта тое, што яднае ў адзіным парыве і людзей між сабою, і нацыю з Богам. Супольная малітва — гэта наш духоўны фронт супраць імперыі зла. Супольная малітва — гэта, у рэшце рэшт, гімн Беларусі «Магутны Божа, уладар сусвету, вялікіх сонцаў і сэрц малых…” У першай, сціплай і ціхай, але шчырай «Малітве за Беларусь — 2000″ апазіцыя нарэшце знайшла пачатак той магутнай акцыі, якая ў далейшым здольная стаць адказам грамадству і ўладзе на паражэнні мінуўшчыны, на цяперашні адчай і пагрозу рэваншу. З малітвамі нараджаюцца нацыі. З малітваў пачыналіся ў свой час Польшча, Чэхія і Прыбалтыка. З малітвы кожны свой дзень пачынаюць сёння і Еўропа, і Амерыка.

Чарнобыльскі Шлях

Каб у поўнай меры ацаніць тое, што ж насамрэч адбылося ў Мінску 26 красавіка, трэба ўзнавіць атмасферу, якая папярэднічала «Чарнобыльскаму Шляху-2000″.

Супрацьстаянне рэжыму і нацыянальнага руху дасягнула піку. Наколькі сур’ёзны абарот прымаюць падзеі, паказала катэгарычная забарона шэсця, тэрміновы ад’езд з Мінска на 26 красавіка Лукашэнкі, шырокамаштабныя чуткі пра прымяненне спецсродкаў і бронетэхнікі і, нарэшце, нечаканая і гучная адстаўка міністра ўнутраных спраў Сівакова. мінгарвыканкам ледзь не штодня праводзіў усё новыя перамовы з апазіцыяй, і іх удзельнікам адразу кідалася ў вочы: чыноўнікі разгубленыя, перапуджаныя і неверагодна шчырыя ў кулуарах. А калі ўлады даведаліся, што для ўдзелу ў «Шляху» ў Беларусь прыбываюць дэпутацкія дэлегацыі з Нямеччыны, Польшчы, Чэхіі, Украіны і Расіі, больш за 100 прадстаўнікоў міжнародных гуманітарных арганізацый і сотні журналістаў з усяго свету, — нервы здалі канчаткова, і перапалох перарос у панічнае адступленне. Ўвечары 25 красавіка. за суткі да пачатку шэсця, гарвыканкам даў афіцыйны дазвол на правядзенне «Чарнобыльскага Шляху» па праспекце Скарыны. А 26-га назіральнікаў не пакідала ўражанне, што рэжым увогуле праваліўся скрозь зямлю: не было ні кардонаў, ні дэманстратыўных БТРаў на плошчах, ні нават патрулёў з сабакамі. Амаль усе міліцыянты, спецназаўцы і вайскоўцы схаваліся ў глыбокіх дварах і не высоўваліся на вуліцу: толькі потым, ужо бліжэй да ночы, пасля шэсця, іх, хаваючыся ў цемры, калонамі ў дзесяткі машын вывозілі з цэнтра сталіцы.

Поўны інфармацыйны і псіхалагічны разгром уладных пазіцый давяршыў сам шматтысячны, мірны і едны «Чарнобыльскі Шлях». Велізарныя грамады народу, корпус чорных транспарантаў са знакамі радыяцыі ў галаве шэсця, поўныя ходнікі гледачоў — скрозь расчыненыя вокны і балконы дамоў па маршруце шэсця пад пранізлівы гул звону — відовішча было проста магутным. У жалобны і памятны дзень людзі прайшлі «Чарнобыльскім Шляхам» так, як і належыць нацыі, аб’яднанай бядою і пакаяннем. А грамадны мітынг на плошчы ў парку Дружбы народаў, які не змагла ўмясціць нават спецыяльна заасфальтаваная плошча, пачаўся з малітвы.

Асаблівым знакам стала тое, што “Чарнобыльскі Шлях-2000” апынуўся паміж каталіцкім і праваслаўным Вялікаднямі. На ўздыме Таемнай Вячэры, смяротных пакутаў Хрыста і Ягонага цудоўнага Уваскрэсення, беларускае шэсце, трагічнае і трыумфальнае адначасова, ператварылася ў велічную маніфестацыю духа. Гэты Шлях болю і надзеі, перажывання і высільвання, веры і памяці аб’ядноўваў, здавалася б, навечна раздзеленых на гэтай зямлі усходнікаў і заходнікаў. Гэты Шлях, які стаў найбуйнейшай акцыяй «Вясны-2000″, пераканаўча даводзіў усяму свету: нягледзячы на закладзеную ў генах радыяцыю, на рак дыктатуры, на пагрозу вяртання імперыі зла, Беларусь усё роўна мацней за страх, нянавісць і боль.

Увогуле, уся Вясна-2000, якая пракацілася ўзрастальным шэрагам вялізных мірных дэманстрацый, жыва нагадала чэшскія і прыбалтыйскія рэвалюцыі, што перамянілі аблічча Усходняй Еўропы з развалам СССР, напрыканцы 80-х. і самае важнае, што зместам і сутнасцю Новага Беларускага Абуджэння сталі зусім не азлобленасць, не крыклівы пратэст, не страх і не крывавы гвалт. Вера і Любоў, Воля і Свабода, Малітва і Шлях — вось тыя звышсілы, што гіганцкімі штуршкамі ўздымаюць зараз нацыю ў эпіцэнтры змагання за Беларусь.

Заўважце, у якія простыя, моцныя словы і паняцці пераплаўляе 2000 год шматтысячныя вясновыя маніфестацыі. Акцыя Любові. «Марш Свабоды». Дзень Волі. Малітва за Беларусь. «Чарнобыльскі Шлях». Гэта ўжо не палітычныя транспаранты «Дзень Канстытуцыі — 1994″ і «Дзень падпісання саюзнай дамовы», а асноватворныя формулы жыцця, гатовыя коды нацыянальнай ідэі. Простыя словы, простыя рэчы, з якіх усё і пачынаецца. У гэтым размераным, поўным унутранай сілы эпахальным гучанні — стоены рокат гісторыі, якая творыцца на нашых вачах. 2000-ы год ад нараджэння Хрыстова: Бог нас чуе…

Наступныя вясновыя акцыі, якімі завяршаецца шэраг памятных дат, вымагаюць ад нас не проста дружнага мітынгу ці суладнага «Жыве!». I 14 і 30 траўня даюць нам вобразы катастрафічных правалаў, духоўнай спустошанасці, усёй жудасці прыніжэння і рабства, усёй пачварнасці граху, зла і смерці — дзеля таго, каб асэнсаваць і адчуць увесь неймаверны боль сённяшняй Беларусі. За пераможным шматтысячным рэем лютага — красавіка нас чакаюць далейшыя выпрабаванні духу — яднанне ў пакаянні, гартаванне, унутранае пераўтварэнне. Толькі тады, пасля духоўных узрушэнняў і азарэнняў да глыбіняў усяго грамадства «Вясна-2000″ зможа стаць сапраўднай Вясной перамен, вясной абуджэння беларускай нацыі. Зараз самае галоўнае, каб гэты дух перамен не сышоў у легенды памяці подыхам, попахам ці лёгкім ветрыкам, а сапраўды стаў Духам, дыханнем беларускай нацыянальнай апазіцыі. Каб любіць, быць свабоднымі, верыць і выконваць волю Божую пад бел-чырвона-белым сцягам Хрыста для нас з вамі было б гэтак жа проста і натуральна, як і вольна дыхаць.