Спіс

У самы разгар жарсьцяў вакол выспы Тузла мне давялося пабываць ва Ўкраіне на сустрэчы правай моладзі, прысьвечанай пашырэньню Эўразьвязу.У самы разгар жарсьцяў вакол выспы Тузла мне давялося пабываць ва Ўкраіне на сустрэчы правай моладзі, прысьвечанай пашырэньню Эўразьвязу.

Украіна сёньня нагадвае аграмадную дзіўную выспу. Плывучы субкантынэнт плошчай 600 тыс. кв.км ды з насельніцтвам 48 млн чалавек ужо адышоў ад берагоў Расеі й яшчэ не прыстаў да Эўропы. Выспа Ўкраіна ўсё аддаляецца і ад Беларусі: скрозь украінская мова, жоўта-блакітная рэкляма й сваё, асобнае жыцьцё ў зачараваным плаваньні.

Дамба ад Кубані да Тузлы — апошняя расейская спроба зачапіцца за вялікую ўкраінскую выспу — атрымалася па- мядзьвежаму няўклюднай. Уся Ўкраіна ўжо каторы тыдзень бурліць: надта ўжо відавочнай выглядае агрэсія. І ўлада. і апазыцыя патрыятычна ўзбуджаныя; народ сур’ёзна баіцца вайны. Аддай расейцам Тузлу — адкусяць Крым. УкраІнскія памежнікі выстаўляюць кардон з пантонаў ды раскопваюць земснарадамі пратоку: мы — выспа!

Ёсьць у гэтым нешта брытанскае. Або нават ірляндзкае.

Што цікава, і сама Беларусь увесь апошні год украінізуецца — ператвараецца ў геапалітычную выспу постсавецкага архіпэлягу. Вымушанае дзяржаўніцтва ўлады адасабляе нас ад Расеі, і вось ужо гаснуць маскоўскія каналы. і ўсходні бераг ахінае газавая смуга, і адзін толькі Аляксандар Рыгоравіч. як той Леанід Данілавіч, ведае, у які бок мы цяпер дрэйфуем.

Маладыя эўрапейцы, што сабраліся на Кіеўскі форум, былі, відаць, крыху зьбянтэжаныя. Аграмада Ўкраіны, Беларусь ды Малдова іх палохалі й фігуравалі ў размовах як смутны далягляд Айкумены. Украіну асьцярожна хвалілі, Беларусь уголас шкадавалі, Малдове прыгадвалі камуністаў.

Украінцы насядалі на Эўропу, патрабуючы прынцыповага рашэньня аб тэрміне чарговага пашырэньня.

Найлепшыя ўражаньні пакінуў Юшчанка — на прэзыдэнцкіх выбарах, што пройдуць ва Ўкраіне праз год, ён яўны фаварыт (рэйтынг— 24%. у прэм’ера Януковіча — 14%). Гэткі здаровы інтэлігентны мужык зь ціхай харызмай. На сустрэчы з эўрапейцамі я запытаўся ў яго пра Беларусь. Перакладчыкі нечакана замоўклі — пытаньне было па-беларуску, — і замежнікі пачалі махаць рукамі: «In English!», «Іn Russian». А Юшчанка з трыбуны: «Кажыце па-беларуску, я перакладу!» Найвялікшай памылкай Эўропы, паводле Юшчанкі, было б сказаць: «Беларусь не адбылася». І ўжо да нас: «Змагайцеся за Беларусь, мы з вамі!»

Эўрапейцы згодна ківалі галовамі. Юшчанку праводзілі авацыямі стоячы.